Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 139 140 141 142 143 144 145 146 147 ... 192
Перейти на страницу:

…Усё, здаецца, ладзілася. Скончаць адбелку – трэба пачынаць рамонт гэтай цукроўні. Вялікі рамонт: мураваны будынак на тры паверхні, два будынкі драўляныя. Пашырэнне другой цукроўні, устароўка на ёй машын і посуду, купленых у Англіі і Берліне. Пабудова асобнага будынка яшчэ на два паравыя катлы.

Выбіцкі, немец і майстры ледзь паспявалі за ім. Майстроў на гэтай цукроўні было пяць, усе беларусы: майстра – механік, каваль, слесар, меднік і сталяр.

– Тры гідраўлічныя прэсы, – казаў Алесь. – Тры, што патрабавалі рамонту. Механік!

Механік быў падобны на корч: тупы з выгляду, страшны мужык. Так усе і лічылі. Але Загорскі аднойчы бачыў, як ён, правяраючы каласнікі, адзін у кацельнай, стаяў, абапершыся на шуфель, і, заліты чырвоным ззяннем, заплюшчыўшы вочы і пяшчотна пагойдваючыся, спяваў: “Не для мяне яна, вясна, не для мяне Дняпрова повень”. Спяваў прыгожым душэўным тэнарам.

– Маленькі, з шасцідзюймовым пістонам, адрамантавалі, – сказаў механік. – Два вялікія, дванаццацідзюймовыя, – вось-вось…

Алесь здзіўляўся, чаму гэта большасць людзей нібы саромеецца гаварыць пра грошы і свае да іх адносіны. Гаспадарка – калі ласка, палітыка, мастацтва, трасца, халера, хоць зараз. А як грошы – стоп!

Вядома, грошы былі “агідным металам”, “нікчэмным металам”, але пакуль што ўсім даводзілася жыць у свеце, дзе без іх не абыдзешся. І не маглі ў гэтым свеце існаваць ні гаспадарка, ні палітыка, ні мастацтва – не пацершыся аб той метал, без яго. А між тым усе маўчалі аб ім, робячы выгляд, як бы яго і не было.

Героі кніг жылі, нібы ў іх быў неабмежаваны крэдыт. Героі не ведалі, колькі каштуюць боты, цялячая нага або фунт вось гэтага цукру. А гэта ж было цікава, бадай як паэзія, хоць і далёка не высакародна.

Грошы часам знішчалі існае. Але што ні кажы, гэта яны ж рухалі шматлікімі сіламі на зямлі, гэта яны прымушалі многіх выдзірацца з балота адсталасці, напружваць розум і мускулы, змагацца.

Галоўнае, самае першае ў кожным народзе, было тое, як ён урабляе палі, будуе дарогі, наводзіць масты, якія машыны стаяць на яго фабрыках і, урэшце, як ён зарабляе і як выдаткоўвае гэты самы “агідны метал”.

Алеся здзіўляла, чаму, напрыклад, любімы Пушкін зусім нідзе не казаў аб тэхніцы, а аб эканоміцы абмовіўся ў двух-трох нязначных урыўках, у той час як маёнтак Ганчаровых зваўся “Палатняны завод”, а самому паэту даводзілася часта і пакутліва думаць пра грошы.

Гэта было, вядома, таму, што паэты, калі яны сапраўды паэты, хочуць аддаваць сябе ўсім часам і не старэць ніколі. Вернасць была і астанецца вернасцю, каханне каханнем і смерць смерцю, а вось гэтыя два чыгунныя беспаветраныя апараты (адзін для выпарвання, другі для канчатковага згушчэння сіропу) давядзецца сёння ж выкінуць на сметнік, а замест іх паставіць другія, новыя, якія таксама з часам састарэюць.

І Алесь думаў аб тым, што калі-небудзь, калі нейкі боўдур зацікавіцца ім, Алесем Загорскім, і яго суседзямі, ён проста не здолее прайсці паўз гэтыя апараты, якія Алесь сёння выкіне, паўз паравую машыну – у дваццаць конскіх сіл, магчыма, вартую жалю для яго! – для прыводу ў дзеянне таркі і насосаў, паўз другую, у пятнаццаць конскіх сіл, што выцягвае паветра з апаратаў і пампуе ваду для ўсяго завода.

Галоўнае, вядома, будзе для гэтага чалавека не тое. Галоўнае будуць яны, жывыя, іх каханне, ярасць, свары, пакуты, змаганне са зброяю ў руках, прывычкі, карціны на сценах. Але ён не здолее абысціся без гэтай, смешнай яму, цукроўні, бо гэта аніяк не другараднае, бо на гэтым узрасло ўсё ў ягоным жыцці, бо без гэтых катлоў і тарак не было б і Мантэньі ў загоршчынскай галерэі.

Нельга было прайсці і паўз гэтую апаратуру для варкі соку. Нельга было не адзначыць, што ў кожны дыфікацыйны кацёл уваходзіць гэтага соку сто дваццаць вёдраў… Гэта ўсё быў “божа-цукар”, без якога не можа жыць і мысліць ніводны мозг: ні ягоны, ні таго, хто зацікавіцца ім, ні мозг тых, каму ён будзе расказваць.

Можна спытаць, а што ім да з’едзенага сто год назад цукру? Лухта?

Цукар і хлеб былі адзінымі вечнымі багамі, якія сапраўды кожны год уваскрасалі не так містычна, як Азірыс і Хрыстос, Адоніс і Тамуз усевялікі; яны ніколі не знікалі, ператвараючыся ў нервы, плоць і кроў. І каб чалавецтва аднойчы перарвала гэтую вечную эстафету, нават каб адзін ён, Алесь, перарваў яе, не было б каму слухаць.

Калі б у яго быў талент і ён, Алесь, пісаў кнігу аб сярэднявеччы, ён не мог бы пакінуць без увагі ні варштатаў, на якіх ткаліся слуцкія паясы, ні тагачасных маслабойняў, ні таго, як і па якіх рэцэптах варылі тады піва. Бо гэтага не бачыў ніхто, бо, як бы і што ні казалі, галоўнае у эстафеце пакаленняў былі не турніры, не аксамітныя плашчы герольдаў, не мудрыя каралеўскія загады, а чалавек, які адліваў сталь для дзіды, ткаў аксаміт, вырабляў паперу, на якой пісаліся загады.

Улады рабілі з чалавекам, што хацелі. Працаўніка яны прыдушвалі працай і рабілі рабом праз яе. Інтэлігента яны разбэшчвалі ідыёцкімі кнігамі, атрутай навязанага гультайства, лянотай і зноў-такі ператваралі ў раба.

А справа ў тым, што кожны чалавек больш за ўсё, нават не адчуваючы гэтага, прагне справы, дзейнасці, віруючага функцыяніравання сярод падобных сабе.

Капаць, біцца, пісаць шчырыя кнігі, перакідваць масты, бубнець пад нос нованароджаныя вершы, секчы дровы, вучыць дзяцей, змагацца за справядлівасць, біць студні і тунелі, дзьмуць шкло, лічыць і лекаваць, – іначай не варта і жыць.

А замест гэтага Гедымін бубніць аб словах “вучыся паміраць” і “простым салдацкім плашчы”, замест гэтага боўдур Рунін змагаецца за маральную чысціню студэнцтва (даносамі) і вякае аб “кансерватыўных славянах”, замест гэтага чысцейшы Раўбіч кажа аб “кодэксе гонару”.

“Чорта табе, а не кодэкс гонару! Я вось зараз палезу пад кацёл і пагляджу, што там з папельніком… Хлусня! Рабства ў ілжы!… Хочаце забіць мяне, а я не дамся! Ды я здох бы даўно, каб не працаваў! Стаў бы трупам, амёбай, смаўжом.

Я шукаю жывога, а не торкаеце мне і ўсім крыж на Сафіі і сусветнае панаванне. Але вы забылі адно, панове, што вы пакінулі мне працу і менавіта таму ў вас нічога не атрымаецца са мною і з тысячамі іншых.

Менавіта таму вы і пралічыліся. Менавіта таму, што вы не можаце забараніць працу – мозг чалавека ніколі не ўспрыме велічы ў курэнні ладану.

Бо калі вы спыніце кола – вы спыніце жыццё. Наогул жыццё. І перш за ўсё сваё.

І пасля кожнага свайго падзення я, Чалавек, устаю, бо мяне ўздымае праца. Адзіная з усімі на зямлі…”

Нехта бег, грукочучы, па жалезных сходах.

– Паніч! Паніч! Княжа Алесю!

Кірдун. Распатланы, бледны, без шапкі і чугі.

Выціраючы рукі прамасленай анучай, Алесь нездаволена адарваўся і ад разабранага гідраўлічнага прэса і ад сваіх думак:

– Што здарылася?

– Пані Антаніда!

– Што?!

– У непрытомнасці.

У пакоі маці цьмяна мігцела адзіная свечка. Цёмныя шторы былі апушчаныя. Ледзь вымалёўваліся срэбныя і хрустальныя грані флаконаў на начным століку, маціцай блішчала італьянская маёліка пад шклом.

Вельмі не гарманіраваў гаркаваты пах парфумы з візантыйскай яшчэ, на кіпарысавай тоўстай дошцы, “Траеручыцай”. Трэцяя рука вырасла, каб утрымаць сына, што падаў у студню, бо дзве другія былі занятыя. Ікона была па сутнасці ерэтычная, але добрая чалавечай дабрынёй, не ў прыклад другім візантыйскім іконам.

Такую дабрыню ў вачах Алесь бачыў яшчэ толькі на адной – таксама візантыйскай – іконе, на іконе “Уладзімірскай маці божай”.

Пані Антаніда ляжала на канапе чамусьці пераапранутая ў самы свой улюбёны святочны строй: белую з золатам, аблямаваную валансьенскімі карункамі сукню і белыя з золатам, да смешнага маленькія туфлікі.

Твар у святле свечкі быў слаба-ружовы, гаротныя вейкі апушчаны.

Алесь нахіліўся над ёю:

– Што з табой, мамцю?

– Не ведаю. Пераапранулася… Раптам закруцілася ў галаве.

– Відаць, рэзка ўстала. Ты клікала мяне? То я пасяджу.

– Так, цяпер пасядзі.

1 ... 139 140 141 142 143 144 145 146 147 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)