Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 138 139 140 141 142 143 144 145 146 ... 192
Перейти на страницу:

Растоўцаў таксама быў спірыт і містык. Аднак гэта не перашкаджала яму змагацца за зямныя даброты. Я не ведаю, ці лічыў ён, што цень чалавека на тым свеце атрымлівае ў аднаасобнае карыстанне цені тых рэчаў, якімі валодаў на зямлі. Але было падобна на тое. А можа, ён проста лічыў, што іншыя людзі як сабе хочуць, а ён, Якаў Растоўцаў, ніколі не памрэ. І сапраўды, яму было ў той час толькі пяцьдзесят шэсць год, і мінула ўсяго трыццаць тры гады, як у казцы, з таго часу, калі ён здрадзіў дзекабрыстам. Ён паспеў стаць мярзотнікам у дваццаць два гады, калі большасць не паспявае яшчэ зрабіцца нават проста людзьмі, а не тое што страціць гонар і прыстойнасць. І ён ведаў, што здраджаныя ім загінулі, як і тысячы іншых (сумленныя, часцей за ўсё, мала жывуць), а ён існуе.

Ва ўсякім разе, ён трымаў сябе так, быццам быў бессмяротны, і імкнуўся як мага хутчэй здзерці сабе і тысячам такіх, як сам, усё, што магчыма – і больш за гэта – з народа, які “высочайше доверили” яму.

Вежа бурчаў:

– Старая шлюха! Як ён у вочы здраджаным глядзіць? Яны ж, некаторыя, вярнуліся з астрогаў, часам даводзіцца глядзець у вочы. Баіцца. Каб тыя, на Сенацкай, не стаялі, а ўзялі іх усіх у рукі – Яшку б першаму на слупе вісець.

Але “старой шлюсе” не было аніякай справы да таго, што аб ім думаюць. Ён спяшаўся хапаць. Хапаць як мага, колькі стане сілы. Хапаць, нават пакідаючы пасля сябе голую зямлю. Яму аставалася жыць, калі пачаліся пасяджэнні рэдакцыйных камісій, дзесяць месяцаў і дваццаць сем дзён, але ён гроб і дзёр, вельмі нагадваючы таго чалавека, з якога смяяўся пераапрануты анёл казкі, бо той выбіраў сабе на рынку як наймацнейшыя, прынамсі на год, пантофлі, не ведаючы, што заўтра раніцай яго абуюць у іх, кладучы ў труну. Памёр ён 6 лютага 18 60 года, нарабіўшы перад гэтым колькі мог злога.

На гэтым, уласна кажучы, ён мог бы і скончыць, як усе людзі на гэтай зямлі, але ваяўнічы “старец” не ўгаманіўся і пасля смерці, спрабуючы, насуперак усім законам натуры, і з таго боку магільнай пліты ўплываць на справы асірацелай без яго зямлі.

Гэтая не зусім звычайная і пад корань падсякаючая злашкодны матэрыялізм гісторыя адбылася нешта на пачатку студзеня 1861 года. Маніфест аб вызваленні яшчэ не было, і, зразумела, нябожчык яшчэ блукаў па сваёй кватэры, занепакоены, як жа гэта ўсё абыдзецца без яго.

У пакоях былой кватэры Растоўцава жыў генерал-ад’ютант Пуцята, таксама спірыт, чалавек, які выклікаў д’ябла і пагражаў яму, што ў выпадку ідэйных рознагалоссяў ён паскардзіцца на яго обер-пракурору сінода і камітэту міністраў.

Па сумяшчальніцтву з містыкай гэты чалавек займаўся яшчэ выхаваннем юнацтва ў духу адданасці радзіме і прастолу, таму што займаў пасаду начальніка штаба ваенна-навучальных устаноў, і такім чынам, ваенная моц імперыі часткова залежала ад прывідаў, а здані, што насялялі пакоі генерала, – ад яго служэння ваеннай магутнасці дзяржавы, а за гэта служэнне Пуцята атрымліваў цалкам матэрыяльную пенсію і сімвалічныя чыны і ордэны. Такім чынам Пуцята на практыцы вырашыў адзінства матэрыяльнага і ідэальнага ў прыродзе.

На пачатку студзеня ў пакоях Пуцяты чутны былі дзівосныя гукі. На пытанне: “Ці не Якаў Іванавіч?” – пачуўся трохкратны стук у дзверы, і па пакоях павеяла магільным холадам.

Потым магічны аловак даў на зададзеныя пытанні наступныя адказы:

– Што табе патрэбна тут?

– Агонь, – адказаў аптымістычна настроены мярцвяк.

– Для чаго?

Схільны да рашучых дзеянняў, ваяўнічы нябожчык адказаў:

– Ваяваць!!!

– Каму ваяваць?

– Міністрам.

Пэўна, здань даведалася ў нематэрыяльным свеце аб нечым ганебным для яе гонару, чаго яна не ведала на зямлі.

– З кім?

– З падступным князем Канстанцінам.

– Які канец?

– Уседзяржыцель! Магіла!

Устрывожаны і ўражаны да глыбіні душы, Пуцята зрабіў даклад аб гэтым Мураўёву-вешальніку, у той час міністру дзяржаўных маёмасцяў, а той – графу Адлербергу, міністру імператарскага двара і ўдзелаў, пасля чаго яны ўтрох падзяліліся гэтай астральнай размовай, вядома ж, з шэфам жандараў і начальнікам трэцяга аддзялення Далгарукавым, тым больш што ён быў не абы-якім знаўцам тагасветнага яшчэ з часоў справы Сялецкага[122]. Спачатку думалі даць ход справе, але Растоўцаў быў мёртвы, а флюіды – рэч ідэальная, і пасадзіць іх нікуды нельга. Таму раздумалі.

А паколькі сігналы былі трывожныя – усе чацвёра ўпалі ў паніку і доўгі час знаходзіліся ў разгубленасці, што ж цяпер рабіць?

…Але да скону Растоўцава яшчэ аставаўся час, а рэдакцыйныя камісіі не згаджаліся з ім да канца. Без зямлі вызваляць было нельга, бо “мужык” – гэта не толькі яго ўласнае, нікому не патрэбнае жыццё, не толькі яго “побыт”, але яшчэ і плацёж дзяржаўных павіннасцяў. Акрамя таго, улічвалі, што вольнаму бездамоўніку не трэба шукаць сякеры ў сенцах, а касы – на другім канцы сваёй сенажаці, дзе ўчора забыўся на яе. І тое і другое было заўсёды пры ім.

Вырашана было зямлі даць больш, а павіннасці зменшыць, хоць і не настолькі, як аб тым лямантавалі Магілёўская, Цвярская і яшчэ адна-дзве губерні. Нельга было дапусціць, каб беззямельны замнога аддаў былому пану, – скарбніца дзяржавы была спустошана. Замест вотчыннай улады было дэмакратычна прапанавана сялянскае ўпраўленне… пад наглядам паліцэйскіх органаў.

Камісіі працавалі пяць месяцаў і скончылі чарнавы праект, але адразу пасля гэтага пачалася валтузня і віск “пакрыўджаных”. У Пецярбург ляцелі заўвагі ад тамбоўскіх, тульскіх, маскоўскіх паноў. Цара заклікалі не даваць веры “лібералішкам”. Дэпутаты ад губернскіх камітэтаў паехалі ў сталіцу рабіць змены ў праекце.

– Я туды не паеду, – сказаў дзед. – Загадзя скажу, што будзе. Мяккацелыя пачнуць дабівацца неадкладнага выкупу, няцяжкага для іх, суда і публічнасці, а гасудар, у невымоўнай сваёй літасці і ўвазе да тых, хто любіць прастол, пакажа ім хвігу.

Як у ваду глядзеў. Сапраўды, на ліберальным цвярскім “адрасе пяцёх”, “ни с чем не сообразном и дерзком до крайности”, было накрэслена гасударам “замечание авторам” за ”неправильные и неуместные свои домогательства”.

Лібералы Масквы прасілі аб маленечкім прадстаўніцтве і атрымалі ў адказ толькі тры словы:

– Ишь, чего захотели.

Заўвагі камісіі – нават гэтыя заўвагі! – палічылі занадта левымі і выправілі.

Але на практыцы не было дадзена і гэтага. Адразу пасля таго, як Растоўцаў накіраваўся ў сваё, такое неспакойнае для ўсіх, замагільнае падарожжа, на яго месцы сеў міністр юстыцыі граф Панін, таксама спірыт, і падтрымаў крайніх “правых”. Нормы зямельных надзелаў былі зменшаны, павіннасці – узраслі.

Алесь лазіў па сходах, мастках і кацельных памяшканнях цукроўні. У гэты час – пачатак красавіка – яна амаль не працавала. Толькі ў адным з цэхаў ішла апрацоўка яшчэ з восені нарыхтаванага паўфабрыкату. Зрабілі запас, каб не было вялікіх прастояў.

Ішла крышталізацыя і прабелка цукру. Алесь ішоў уздоўж рада, аглядаючы бляшаныя і гліняныя прабелачныя формы.

– Колькі людзей працуе падчас таркавання буракоў?

– У дзвюх зменах мужчын-чорнарабочых – дваццаць пяць, жанчын – каля двухсот, – адказаў чырвоны, як памідор, сівавусы цукравар – механік з Гамбурга.

– Ну вось, а цяпер пяцьдзесят, – сказаў Алесь. – Амаль на чвэрць знішчана сезоннасць, пан Ліхтман. А вы пратэставалі супроць паўфабрыкатаў.

– Я і цяпер пратэстую. Цукар горшай якасці.

– А колькі бурака гіне падчас завальнай працы? Нагамі па ім ходзяць, гніе ён, у малясе павышаны працэнт цукру. І потым… няхай горшая якасць. Вы маеце пенсію круглы год, і вам трэба хоць раз падумаць, што адчувае сезоннік. Пяцьдзесят чалавек атрымліваюць свае грошы на пачатку красавіка, як быццам гэта дзесятае кастрычніка, пачатак поўнай загрузкі цукроўні.

Ён амаль бегаў пыльнымі пераходамі, шмыгаў у люкі, спускаўся ў кацельную, дзе чырвоныя, як гномы, качагары махалі шуфлямі. У кацельных свістала пара, дробна дрыжалі льсняныя ад масла цыліндры. Працавала паравая машына высокага ціску на дзесяць конскіх сіл, што прыводзіла ў рух цэнтрыфугі.

вернуться

122

Сялецкі абвінавачваўся ў гіпнатызме і чараўніцтве. 

1 ... 138 139 140 141 142 143 144 145 146 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)