Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Навумчык: І такое пытаньне, паколькі Вы — для мяне, прызнацца, нечакана — выявілі такое стаўленьне да Бродзкага і як фізык выказалі добрае веданьне літаратуры. Цяпер шмат пішацца (і New Yorker сёньня напісаў), што ўпершыню за доўгі час атрымала прэмію аўтар літаратуры нон-фікшн — не бэлетрыстыкі, не раманаў мастацкіх, а менавіта аўтар дакумэнталістыкі. Гэта ўпершыню пасьля Чэрчыля.
Алфёраў: Разумееце, ёсьць вялікая розьніца паміж дакумэнталістыкай Чэрчыля і творамі Сьвятланы Алексіевіч. Дакумэнталістыка Чэрчыля... Я думаю, тады шмат хто быў зьдзіўлены Нобэлеўскай прэміяй па літаратуры. Канечне, Чэрчыль цудоўна пісаў свае прамовы. Прэмія была нададзеная за шасьцітамовік мэмуараў. Вядома, што калі ў 1953 годзе Чэрчылю паведамілі, што ён ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, ягоная рэакцыя была такая: «Спадзяюся — не за мір?» Гэтым самым, дарэчы, ён адразу паставіў прэмію за мір на пэўны ўзровень. Вось. Але ў Чэрчыля — гэта дакумэнталістыка, і большая частка шасьцітамовіка — гэта дакумэнты, акрамя ўсяго іншага. Хаця месцы ёсьць бліскуча напісаныя. Я да гэтага часу ў захапленьні ад ягонай бліскучай прамовы 22 чэрвеня 1941 году. А Алексіевіч — гэта ўсё ж і журналістыка, і літаратура. Літаратура! Магчыма, нават новы жанр літаратуры... Хаця, напэўна, не яна зьяўляецца тут першым аўтарам. Не дарэмна і Алеся Адамовіча прыгадваюць.
Навумчык: І Данііла Граніна ...
Алфёраў: Данііла Граніна ў меншай ступені, Адамовіч больш яркі ў гэтым пляне, хаця, магчыма, у мяне не зусім аб’ектыўны погляд. Гэта — літаратура. І не дарэмна яны адзначылі, што ў літаратуры, якую яна стварыла, галасы людзей чуюцца. Але гэта трэба было здолець напісаць! Таму яна для мяне — пісьменьніца, я шкадую, што я мала яе чытаў. І канечне, прачытаю і буду рады зь ёй пазнаёміцца.
Навумчык: А каго зь беларускіх пісьменьнікаў Вы ведаеце, акрамя Адамовіча? Магчыма, Быкава?
Алфёраў: Ну, Васіля Быкава я ведаў асабіста і вельмі добра да яго ставіўся. Увогуле, трэба сказаць, што калі вучыўся ў школе пасьля вайны ў Менску, дык маім бліжэйшым сябрам быў Ігар Атраховіч, сын Кандрата Крапівы. І пісьменьнікаў таго часу — і Коласа, і Міхася Лынькова, і Пятруся Броўку, і Пятра Глебку, і Куляшова — я ўсіх іх ведаў! Юнаком іх ведаў. Я вельмі захапляўся Куляшовым. Ягоная паэма «Сьцяг брыгады» — гэта бліскучы твор.
Навумчык: Вы напэўна, маглі б і па-беларуску размаўляць, калі б прыгадалі?
Алфёраў: (Пераходзіць на беларускую) А як жа? Гэта ж мая мова.
Навумчык: Усяго добрага вам і дзякуй за гутарку!
Алфёраў: Калі ласка!
9 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Украінская пісьменьніца Аксана Забужка пракамэнтавала прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі беларускай пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч.
«Упершыню ад распаду Савецкага Саюзу ў культурны фокус Захаду трапіў вось гэты фэномэн, які спадарыня Сьвятлана 40 гадоў цярпліва дасьледавала сваім пісьменьніцкім інструмэнтарыем — вось гэты страшны нэа-оруэлаўскі паняволены розум, кажучы мовай Чэслава Мілаша. Толькі гэты паняволены розум значна больш шырокага фармату — тут гаворка ідзе ўжо, напэўна, аб паняволенай душы, якая як рак разьядае чалавецтва, і ахвярай ужо становяцца цэлыя краіны, і асабліва Расея. Алексіевіч, у прынцыпе, зьдзейсьніла літаратурны подзьвіг — так, яна беларуска, яна чалавек з савецкім бэкграўндам, але яна зьнешні чалавек у адносінах да расейскай літаратуры, і яна дала справаздачу замест расейскай літаратуры, якая аказалася не на ўзроўні сваёй гістарычнай місіі. Алексіевіч дала партрэт вось гэтага раку мозгу і душы, які гэтая чэкісцкая сыстэма на працягу ста гадоў практыкавала», — сказала Забужка ўкраінскай службе Радыё Свабода.
9 кастрычніка 2015
Валер Карбалевіч, Менск
Прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлане Алексіевіч стварыла для Аляксандра Лукашэнкі вельмі нязручную сытуацыю.
З аднаго боку, знакамітая пісьменьніца для яго — прынцыповы ідэйны апанэнт.