Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Аліцыя не стрымала смех:
— Ведаеш, ты магла б набрацца прыстойнасці і не падманваць мяне так наіўна! Ты што, сапраўды лічыш мяне настолькі простай і думаеш, я паверу, што без пратэкцыі табе прапануюць такую вялікую зарплату?.. Зрэшты, гэта няважна, з якога чысла ты заступаеш на «пасаду»?
— З першага, — ціха адказала Юлька. У вачах яе былі слёзы.
Аліцыя хацела яшчэ спытаць, калі ў сувязі з гэтым Юлька яе пакіне, але стрымалася і пайшла ў свой пакой.
Яна была ўпэўненая, што тут не абышлося без Друцкага, што Юлька самым бессаромным чынам не толькі выслізгвае з яе рук, але і забірае ў яе яго. «О, не, — сціснула яна кулакі, — яны яшчэ не ведаюць, хто такая Аліцыя Горн!..» Перш за ўсё Юлька, як непаўналетняя, павінна будзе падпарадкавацца волі апякункі, а значыць, паедзе пад Пінск. Хай бы хутчэй там вызвалілася месца. Зрэшты, калі не туды, то хоць куды паедзе, абы толькі не засталася ў Варшаве ні за што на свеце.
У дзверы пастукалі, і ўвайшла Юзэфова.
— Што вам? — рэзка спыталася Аліцыя.
— Я наконт паненкі, — шэптам пачала старая, акуратна зачыняючы за сабой дзверы.
— І што такое?
Служка наблізілася да яе і патрэсла галавой:
— Нядобрае нешта робіцца з нашай паннай Юлькай, дарагая пані, нядобрае. Пасля прыезду ёй ужо было не па сабе, пастаянна плача, начамі трызніць, крычыць праз сон, а днём альбо піша лісты, альбо тэлефануе і ўсё плача. Я нічога не казала, бо падумала, што гэта не мая справа, вы самі заўважыце…
— Вы слушна падумалі, — суха адрэзала Аліцыя, — я заўважыла і не бачу ў гэтым нічога незвычайнага.
Жанчына ў роспачы махнула рукой:
— Добра калі б яно так і было, але, барані божа, здаецца, нас чакае вялікае няшчасце і вялікі сорам…
— Што вы плецяце?! — ускочыла Аліцыя.
— Кажу, што ведаю. Вы цяпер рэдка дома бываеце, ды і з паненкай неяк меней, але я гэта бачу, о, бачу… У мяне ж у самой унукі, дык я ведаю. Сляпы заўважыў бы, дзяўчына на вачах чэзне, худзее, у яе круціцца галава, яна скардзіцца на млявасць…
Аліцыя схапіла жанчыну за плячо:
— Зараз жа кажыце, што вы ведаеце.
— От, я ўжо даўно назіраю і думаю сабе: можа, не дай божа, так, але, можа, і зусім звычайна, ад нерваў гэта ўсё. Ведама ж, у гэтым узросце, дзявочая справа. Але ж тут дні чатыры таму… не, пяць будзе, дакладна, пяць, бо гэта ў суботу было, адразу пасля вячэрняй імшы, я вяртаюся, а паненка заплаканая, расказала мне пра сваю бяду.
Аліцыя не чакала такой навіны. Праўда, яна не сумнявалася, што Юлька жыве з Друцкім, але ёй проста не прыходзіла ў галаву, што справа можа зайсці так далёка. Яе агарнула нейкая злосць, прама нейкая радасць. Дык вось, змяя, якую яна выхавала на ўласных грудзях, панясе заслужанае пакаранне…
Ні кроплі Аліцыя не шкадавала Юльку. Выходзячы пасля абеду на праспект Шуха, яна зазірнула на кухню:
— Вы хацелі паехаць адпачываць да сястры? — спыталася яна ў Юзэфовай.
— Так, шаноўная пані, пад Груец.
— Дык заўтра можаце ехаць.
— А хто будзе прыслужваць?
— Я спраўлюся, заўтра пасля абеду можаце ехаць.
Друцкага Аліцыя заспела, як часта ў апошні час, стомленым і задумлівым. Ён ажыўляўся толькі ў моманты ўзбуджэння, у асноўным жа быў маўклівы і абыякавы. Аліцыя не сумнявалася, што ва ўсім вінаватая Юлька.
Нават яго пяшчоты сталі нейкія іншыя, больш рэзкія, нечаканыя, а часам да болю грубыя. Аліцыя спрабавала пытацца ў яго пра справы, але ён адказваў неахвотна і коратка. Усё радзей ён згаджаўся забіраць яе ў «Аргенціну», няпэўна адгаворваючыся і нават не стараючыся знайсці праўдападобныя довады.
«Усё зменіцца, — паўтарала сабе Аліцыя, — усё наладзіцца, як толькі не будзе паміж намі Юлькі».
Гэтым вечарам ён раней, чым звычайна, развітаўся з Аліцыяй:
— У мяне важная справа, — буркнуў Друцкі і, глянуўшы на гадзіннік, ускочыў і вылаяўся: — Чорт! Яшчэ спазнюся…
Надзяваючы капялюш, Аліцыя бачыла ў люстэрку, што ён выняў з шуфляды рэвальвер і ўсунуў яго ў заднюю кішэнь.
Выйшлі яны разам. Перад варотамі стаяў яго «фулд», з якога адразу ж выскачыў механік і паведаміў:
— Бак поўны, шаноўны пан, і матор у поўным парадку. Рысоры пан Юркоўскі моцна падцягнуў.
— Дзякуй табе, — усміхнуўся яму Друцкі, — заўтра каля васьмі вечара прыходзь сюды па машыну.
— Далёка едзеш? — спыталася Аліцыя.
— Не ведаю, у любым выпадку заўтра вечарам вярнуся, калі, канечне, чорт мяне не возьме. Да пабачэння.
Друцкі пацалаваў Аліцыі руку, сеў за руль і рушыў, не азіраючыся. Аліцыя, вяртаючыся дадому, выразна пачула праз адчыненае акно голас Юлькі: яна размаўляла па тэлефоне… Зразумела, з ім! Ён, відаць, выязджаючы з горада, затрымаўся і патэлефанаваў Юльцы…