Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 136 137 138 139 140 141 142 143 144 ... 192
Перейти на страницу:

– Гані па людзей! – крыкнуў ён Паўлюку. І, паддаўшы пятамі ў бакі Дубу, з месца пусціў яго галопам.

За спіною нібы абурылася зямля. Рознагалосы грукат разарваў ноч.

Крычаць. Увесь час крычаць, каб хто не трапіў пад капыты.

– Гэй! Гэ-эй!…

Чорта з два пачуюць. Страляць зрэдку трэба, вось што.

Слуп агню. Грукат. Дуб збіўся з нагі, але зноў кінуўся наперад яшчэ з большым імпэтам.

– Гэй! Гэй! – язык агню. – Гэй! Табун!

Табун імчаўся за ім шалёна. Нарастаючы грукат капытоў быў неўтаймавана грозны.

Прыціснуўшыся да спіны каня, Алесь гнаў і гнаў яго. Праз ноч. Прысады. Пад шкляны звон у замерзлых лужынах.

Кінуўся нехта ўбок, за дрэва, пачуўшы тупат. Чалавек? Звер? А, усё адно! Стрэл. Крык. Пошчак капытоў.

Та-та-та, та-та-та, – рытмічна расколваў зямлю тупат.

Коні ляцелі ў ноч…

…Яраш Раўбіч стаяў, звязаны, перад чорным ганкам дома, трохі ў баку ад вялікаі галерэі. Адбіткі чырвонага агню скакалі па ягоным твары. Чуга была раздзёртая на грудзях, валасы зліпліся ад поту, на шчацэ наліваўся сіняк.

Перад ім стаяла некалькі Корчакавых людзей. Яны мала чаго знайшлі са зброі, хоць абшукалі ўжо ўвесь дом. Дзве ці тры стрэльбы, шабля. Адзін з мужыкоў ледзь варочаў абедзвюма рукамі радавую святыню – двухручны меч.

– Што напісана? – спытаў, разглядаючы вязь.

Раўбіч усміхнуўся.

– “Помні: цяжка вымаецца. Выняў – напой”.

– Дзякуй, – сказаў Корчак. – Мы вынялі… Напоім, дзякуй.

Чорныя дрымуючыя вочы Корчака глядзелі з-пад белай кучмы проста ў вочы Раўбічу. Але ён не ведаў, што такое позірк Раўбіча, які вытрымлівалі адзінкі, і, прынізліва адчуваючы, што вось-вось, зараз, апусціць вочы, сказаў:

– Павярніце яго, хай пакажа, дзе…

– Баішся мяне, бандыт, – са спакойным здзекам сказаў Раўбіч.

Нехта штурхнуў яго.

– Труну сваю штурхаеш, сабачая косць.

Людзі адкаснуліся. Раўбіч стаяў і глядзеў на свой дом, на шыбах якога скакала вінна-чырвонае зарыва. Здавалася,што дом гарыць усярэдзіне. Дом, у якім ён пражыў жыццё і для якога зараз загіне.

Страху ён не адчуваў. Канец дык канец. З таго дня, як пачаў самастойна думаць, знясільвала і прыгнечвала думка аб лёсе родная зямлі, аб тым, што шчаслівыя на ёй толькі мёртвыя. То няхай ужо. Добра, што нікога няма дома.

На хвіліну ён успомніў Алеся. Дрэнна абышліся з хлопцам. Зганьбілі, аплявалі. А хлопец быў нішто. Любіў яго калісь. І вельмі, вельмі любіў Міхаліну. Дрэнна зрабілі, дрэнна.

Лютасць душыла яго. Так трапіць! Так па-дурному трапіць! Людзі знянацку, знялі, як соннага пеўня з куросадні. Людзі ўцяклі ад неспадзеўкі. Як па-дурному канчаецца жыццё. Усе гады пакутаваць ад рабства радзімы, рыхтаваць закалат, амаль падрыхтаваць, пусціць сваіх на аброк, чакаць паўстання. І раптам нічога не ўбачыць, загінуць. Ад рук нейкай наброднай банды, якая рушыла сюды, бо ён не сцярогся. Сюды, а не на сапраўдных цмокаў.

Запясце Корчака абвіваў рамень кісцяня. Кісцень пагойдваўся. Калючы сталёвы шар, падобны на шышку дурнап’яну.

– Зброя? – спытаў Корчак.

– Не для вас назапасіў. Знайшлі тры стрэльбы – хопіць ад зайцоў адстрэльвацца.

– У цябе колькі галоў? – спытаў адзін з лесавікоў, нізкалобы хлопец.

– На адну больш, чым у цябе, – усміхнуўся Раўбіч.

– Зраўняем, – сказаў Корчак. – Дзе зброя?

Раўбіч маўчаў.

– Ану, трасяні яго. Падцягні да вогнішча, – сказаў Корчак. І нібы, апраўдваючыся, дадаў: – Будзе ведаць, як у крыжы страляць. Здзярыце з яго чугу.

Чуга лягла на скручаныя рукі, як крылы.

– Дзе?

Яраш маўчаў. Безвалосая гладкая скура паступава чырванела ад блізкага агню.

Нізкалобы раптам засычэў. Ён трымаў Раўбіча за плячо, і валасы на суглобах ягоных пальцаў пачалі скручвацца і спякацца:

– Ч-чорт!

Мужык, які толькі што адкінуў убок непатрэбны стары меч, раптам крыкнуў:

– Корчак! Пабойся бога. Што ж ты робіш, кацюга? Чаго Юстына падбіваеш? Ты ж ведаеш, ён галавою скрушны…

Нізкалобы Юстын непаразумела глядзеў на іх, трасучы рукою ў паветры.

– Змоўч! – сказаў Корчак. – Змоўч, Брона.

– Я пайду ад цябе, – спакойна сказаў Брона. – Я не кат. І ўсе мы, з Кроераўшчыны, не каты. Адна ў нас душа. А ты – як вурдалак прагны. Дачакаешся срэбнай кулі ды асінавага кала.

Белыя вейкі мужыка дрыжалі, але казаў ён з запалам, смела.

– Не будзе табе такое поспеху. Таксама і ў яго – гонар.

Корчак трохі засмуціўся:

– То што, можа, ужо васпан прапануе што?

– Забі, а не здзекуйся… Ды ён сам скажа… Скажы, пане, не губі душы.

Раўбіч глядзеў ў яго светлыя вочы:

– Ідзі, хлопча Брона, у мой пакой, трэці ад залы. Яны не знайшлі…

– Ну во, – узрадаваўся Брона. – А вы, сыраядцы…

– …а там, за шторай, вісіць мой штуцэр. Для цябе ўжо адну стрэльбу знайду. Трымай на памяць…

– А ім не скажаш? – спытаў Брона.

– Ім не скажу, – проста кінуў Раўбіч. – Яны расамахі. Падлай харчуюцца. Кроў не па іх. – І, памаўчаўшы, сказаў: – Дабівайце, ці што.

Брона глядзеў на Яраша са спакойнай варожасцю і павагай.

– Т-так, – сказаў Корчак. – І сапраўды… Паміраць стоячы будзеш?

– Але.

– Нажыліся мы тут, хлопцы. Дзякуй трэба сказаць аднаму дабрадзею за параду.

– Не трэба яму тваёй падзякі, – спакойна сказаў Брона. – Ён сказаў праўду. Ёсць у гэтага чалавека зброя. Ды толькі ўсё вы ўлічылі, акрамя яго.

Корчак глядзеў на Яраша. Потым выняў з похваў корд і старчма кінуў яго ў зямлю.

– Ты не бойся, раўбіцкі пан. Удараць дакладна.

– Я не баюся.

Брона пабег па штуцэр і прынёс яго.

– Ух-х, які, – усміхаўся ён. – Аж рукі прыкіпелі. Вось гэта дык зброя. Ну, трымайцеся цяпер…

Раўбіч усміхнуўся. Выгляд у хлопца быў як у дзіцяці, што атрымала цацку.

– Ну, дзякуй… Ты – нічога!… Ты нават падумаць не пасмееш, я пастараюся ўжо, – спяшаўся Брона і нібы растлумачыў: – Жонку маю з дзецьмі Кроер некуды ў Расейшчыну прадаў за непаслухмянасць… А што яна там?

– Я разумею, – проста сказаў Раўбіч.

– Вядзіце коней, хлопцы, – сказаў Корчак. – Дом паліць не будзем. Хай удаве будзе дзе жыць. – І усміхнуўся: – Мо і для мяне нешта знойдзеш?

Раўбіч з жарсткаватай усмешкай пакруціў галавой.

– Ды я жартую, – сказаў Корчак.

Людзі з коньмі сталі трохі ўбаку і не глядзелі на іх. Нікому не хацелася глядзець на забойства.

Брона выцягнуў з зямлі корд і стаў з левага боку і трошкі спераду ад Раўбіча. Глядзеў яму ў вочы спакойнымі і чужымі вачыма.

– Маліся, – сказаў Корчак.

Пан Яраш узняў галаву і, гледзячы на языкі высокага полымя, пачаў чытаць апакрыфічную малітву паноў-латнікаў, супраць якой чатырыста год дарэмна змагалася царква. Беспаспяхова, бо чыталі яе адзін раз і потым не было каго караць.

Брона слухаў, як падалі словы. Маўчаў і глядзеў чужымі вачыма. І ляцелі, ляцелі ў неба языкі агню.

– “ Воіны бога прыйшлі па мяне”, – спакойна чытаў Раўбіч.

Корчак адышоў да коней.

– “Воіны бога прыйшлі па мяне… Яны прыйшлі – і не самусцілася сэрца маё. Яны прыйшлі – і не здрыгануліся калені мае… Цямноцце было вакол. І ў цемрыве гарэлі твары архангелаў…

…Як повень блізіліся яны… Як лава раслі яны… Як ураган раслі яны… Як сонца ў час смерці раслі яны”.

Дзіўны гук нарадзіўся недзе. Нібы пачынаўся абвал. Далёка-далёка. Брона не здзівіўся. Так яно і павінна было быць. Што ж, калі на чалавека ішлі воіны бога…

– “Як чорны агонь былі вочы іх… Як сухая трава ў агні былі валасы іх… Як вежы ў пажар былі крылы іх… Як расплаўненая сталь былі мячы іх.

…І разверзлася неба – і пажар быў за спінамі іх.

Але не трапятала душа мая”.

Пошчак нарастаў і нарастаў, блізіўся. Неадольны, магутны. Зямля стагнала. Потым даляцелі два стрэлы, а праз хвіліну яшчэ два.

– Што такое? – спытаў Корчак.

– Вялікі атрад, – сказаў нехта.

– Войска, – мармытнуў Юстын. – Наўцёкі, хлопцы!

1 ... 136 137 138 139 140 141 142 143 144 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)