Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 134 135 136 137 138 139 140 141 142 ... 229
Перейти на страницу:

Маму хавалі ў цёплы сонечны дзень бабінага лета. Намесьнік старшыні райвыканкаму даў аўтамабіль і нават арганізаваў невялічкі аркестрык. На такія паховіны сышлося нямала народу. Труну павезьлі цераз Вушачу на бычкаўскія могілкі, дзе мама і лягла поруч з бацькам. Шкада, што болей там месца не засталося — далей яма. Брата Міколу, як памёр летась, пахавалі на другім канцы могілак…

Вельмі шмат цяжкога і нават беспрасьветнага зьвязана ў мяне з маёй малой радзімай, куды, аднак, езьдзіў ці ня кожны год. Але пакуль жывыя былі бацькі. Як перасталі жыць, кожны раз, вяртаючыся адтуль, казаў сабе: «Ну, гэта апошні раз, больш не паеду». Ды мінаў час, наставала лета (ці вясна, ці восень) і ехаў зноў. I зноў казаў сабе:

«Ну, гэта ўжо канчаткова апошні». Дужа мала радасьці набіраўся я там, а засмучэньня — звыш меры. Але ў тым, мабыць, і ёсьць горкая слодыч жыцьця… А можа, і яго натуральны сэнс.

93. Першае дэпутацтва

У Нясьвіжскім палацы, дзе апошнім часам быў дом адпачынку, памёр Аркадзь Куляшоў.

Нібы прадчуваючы свой блізкі канец, ён шмат пісаў, выдаў некалькі вельмі неблагіх паэмаў — як нярэдка здараецца ў пісьменьнікаў — напрыканцы стараўся дабраць раней упушчанае. I, мабыць, перабраў меру, сэрца ня вытрымала. Пайшоў наўздагон за сваім сябрам Аляксандрам Твардоўскім.

Паколькі ягоная выбарчая акруга засталася непрадстаўленай у Вярхоўным Савеце, наверсе вызначылі, што яе павінны прадставіць Быкаў. Трэба было зьбірацца на спатканьне з выбарцамі.

Дэпутацтва ўвогуле не было для мяне навіной, гады два я ўжо быў дэпутатам абласнога савету па Турэцкай акрузе. Памятаю, тады спаткаў мяне тамашні старшыня калгасу, які першым чынам пасадзіў кандыдата ў «Ніву» і павёз у поле. Поле было цудоўнае, пасевы стаялі сьцяной. Прыпыніўшы машыну, старшыня пытаўся: «Ты калі піў у жыце?». Я сказаў, што не. «Тады вып’ем». Ён дастаў з багажніку бутлю шампанскага і спрактыкавана стралянуў коркам у жытні палетак. Мы выпілі па пары шклянак і паехалі далей. Далей быў пасеяны авёс, і старшыня спыніў машыну. «А ты піў калі ў аўсе?» — «Не, ня піў». — «Дык вып’ем». I ён бахаў коркам далёка ў авёс. Пасьля па чарзе — у кукурузу, ячмень і буракі. Апошні стрэл з апошняй бутэлькі даручалася зрабіць мне — у бурныя хвалі бацькіНёмана, адкуль пара была ехаць на перадвыбарчы сход у Турэц.

Але тое было ўлетку, зімой у поле ня выедзеш.

З Талачына прыслалі райкамаўскую «Волгу», у якой я і паехаў у паселішча, дзе ніколі ня быў. Раённае начальства прыняло вельмі цёпла, пабедавала па нябожчыку Куляшову і павяло ў сьцюдзёны клюб, дзе сабраліся выбарцы. Першым чынам распавялі маю біяграфію, абвясьцілі, што пісьменьнік Васіль Быкаў будзе ня горшы дэпутат, чым памерлы Аркадзь Куляшоў. Далей належала даць наказы будучаму дэпутату. Доўга ніхто не хацеў браць слова, мабыць, рупілі іншыя справы. Нарэшце адзін спрацаваны мэханізатар выйшаў наперад і сказаў, прыкладам, так: «Якія ў нас да таварыша пісьменьніка наказы? Каб гэта быў міністар будоўлі, дык мы б папрасілі яго наконт недабудаваных майстэрняў. Калі б міністар шасэйных дарог, дык напомнілі б, што мост цераз рэчку хутка праваліцца, міністар адукацыі — школа ўся прагніла, цераз сьцены сьнег сыплецца. А то пісьменьнік… Хай жыве, піша, меней хварэе…».

Кароценькі той выступ даў мне зразумець маю дэпутацкую ролю і мой пісьменьніцкі кошт.

Уночы праводзіць з Талачыну выправіліся аж тры машыны. У прыдарожным беразьнячку спыніліся, увішныя шафёры хуценька распалілі цяпельца з сухіх дроўцаў, прыпасеных у багажніках. Гэпнулі на сьнег пару скрынак з бутэлькамі. I пайшла бяседа, і зазьвінелі чаркі, загучалі пранікнёныя тосты ў гонар партыі і яе ленінскага ЦК на чале з Леанідам Iльлічом. А пасьля і расказалі анэкдоты пра баб. А пасьля і прапяялі «Ручнікі»… Позна ўначы вярнуўся я на сваю Танкавую ў Менску. Наконт вынікаў выбараў не было ніякога сумневу.

Гэта было маё самае лепшае, хоць і нядоўгае дэпутацтва з найменшымі клопатамі. Тым болей, што другі раз завітаць у Талачын не давялося, скончыўся тэрмін скліканьня, пачынаўся новы з чарговымі выбарамі.

На гэты раз быў прызначаны ў родныя мясьціны — у Вушачу. Тут давялося паезьдзіць, і пасустракацца, і папіць гарэлкі зь ня меней гасьціннымі гаспадарамі раёну, землякамі і прысланымі невядома адкуль. Клопату было ў кожным калгасе, у кожным паселішчы і найперш у райцэнтры. Дарогі, школы, майстэрні, кароўнікі і сьвінарнікі, угнаеньні і будматэрыялы. Усяго не хапала, усё трэба было прабіць, дастаць, выбіць. З тае мэтай кожны дэпутат меў адмысловы блакнот з дэпутацкім грыфам, на якім і пісаў звароты ў міністэрствы і ведамствы, суды і пракуратуру. Мабыць, карысьці з тае пісаніны было няшмат, разумныя дэпутаты вырашалі справы спосабам асабістых кантактаў, у час сэсіяў. Але да міністраў і папулярных дзеячаў і на сэсіях было не прабіцца, да таго ж на перапынках яны атабарваліся ў асобных памяшканьнях, куды было не дапяцца. Хадзіць жа па іх кабінэтах было не ў маім характары. Таму за час дэпутацтва ў родных мясьцінах мне пашэнціла ня шмат што зрабіць. Галоўную вуліцу ў Вушачы не заасфальтаваў, школу на радзіме Петруся Броўкі не адбудаваў. Зь вялікай напругай ледзьве дамогся пакласьці тры кілямэтры асфальту ад Кубліч да Бычкоў, па якой і дасюль бычкаўцы гойсаюць на веласіпедах зімой і ўлетку. Трохі не хапіла асфальту да бацькавай хаты, і апошнія мэтры да яе засталіся ў гразі. Ну, але што дзе ў нас канчалі ладам?

1 ... 134 135 136 137 138 139 140 141 142 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)