Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— Сядай, таварыш Доўжык з Малых Доўжыкаў, — жартоўна скамандаваў сам сабе хлопец. За дарогу ў сяброўскай размове прыкметна праявілася напэўна ўласьцівае яму пачуцьцё гумару.
— А ведаеш, добра, што ў дазор, — сказаў ён, з задавальненьнем аблёгшы на сухім прыгорку. — Усё далей ад гэтага дурня.
Пасьля павярнуўся ніц, агледзеў поле. З пагорку было відаць далёка, але нічога падазронага нідзе не заўважалася. Людзей нідзе не было. Дарога таксама ляжала пустая, месцамі чарнеючы гразкімі калдобінамі. Хмарнае з раніцы неба быццам трохі праясьнела, хаця сонца нідзе не паказвалася; з поля дзьмуў нямоцны, але даволі сыдюдзёны вецер. Шчыльней захінуўшы свой куртаты шынелак, Доўжык выняў з-за пазухі кніжку.
— Што глядзсць! Пакуль час, трэба пачытаць. Макарэвіч, аднак, стараўся назіраць. Ён не ўпершыню быў у дазоры і ведаў, як трэба быць пільным і не правароніць бяду. Вядома, бяда можа стацца, а можа, і не, — тут як пашанцуе. Але і зяваць нягожа. Вунь Скакуы зяўнуў, паспадзяваўся на авось, пайшоў на хутар раздабыць харчу і папаўся. Пакуль былі патроны, адстрэльваўся, а пасьля, запаліўшы хату, спрабаваў прарвацца. Але ўдзень хіба прарвешся? Так і загінуў, пагубіўшы яшчэ двух партызан і хутарскую сям’ю з дзецьмі. А ладны быў партызан, узнагароджаны…
Аднак увесь час сядзець на адным месцы было сьцюдзёна і надакучліва. Пазіраючы на поле, Макарэвіч круціўся на пагорку — то сядаў, то клаўся на бок. Напарнік жа, захапіўшыся кніжкай, быццам забыўся, дзе ён і дзеля чаго сюды пасланы. Доўгія ягоныя ногі бясьпечна раскінуліся на траве, і Макарэвіч з цікаўнасьцю разглядваў яго боты. Боты сапраўды былі добрыя — з тоўстай юфтавай скуры, халявы ў форме бутэлек — якраз па назе. Пад каленямі былі прышыты кароценькія раменьчыкі з спражкамі, — мабыць, каб зашпіліць і не згубіць, едучы конна, падумаў Макарэвіч, з прыкрасьцю зірнуўшы на свае растаптаныя бахілы. Тут жа ляжала вінтоўка Доўжыка — звычайны нямецкі карабін з загнутай уніз рукаяткай і нейкімі засечкамі на ложы. Макарэвіч палічыў засечкі, іх было сем, але чый гэта быў лік, не зразумець. На даўгой вінтоўцы Макарэвіча ніякіх засечак не было, і невядома, ці застрэліў хто з яе хоць аднаго немца. Макарэвічу дык пэўна не давялося. Крысом сваёй фэзэоўскай курткі ён выцер добра паіржавелы за ноч затвор, выдзьмуў з прыцэльнае планкі налезлае туды ў лесе сьмецьце. Ён таксама хацеў дастаць сабе такі вунь карабін, але палітрук Лучынін, што нядаўна загінуў на млыне, сарамаціў тых партызан, што мелі ахвоту да нямецкіх трафеяў і нямецкае зброі. У часе палітінфармацыі ён пераканаўча тлумачыў перавагі нашай вінтоўкі — і безадмоўная, і зімой у мароз не падводзіць, у рукапашным з ёй куды лепш — далей штыхом дастае. Можа, і так, думаў Макарэвіч, але чаму тады ў камандзіраў нямецкія аўтаматы, пісталеты таксама. Асабліва хлопцу падабаліся «парабелумы» з тонкім ствалом і зручнай рукаяткай.
— Вінтоўку дзе дастаў? У атрадзе? — запытаўся ён у Доўжыка.
— У атрадзе, дзе ж яшчэ, — сказаў Доўжык, паварочваючыся на бок. — Са зброяй у нас, канешне, праблема. Людзей шмат, зброі не хапае. Сьпярша ў паліцаяў адбіралі, але паліцаяў перабілі — дзе возьмеш? Немцаў няма, па дарогах ніхто ня едзе. Вясной пятнаццаць чалавек паслалі за лінію фронта — па зброю.
— Прынесьлі?
— Чорта з два. Пайшлі і прапалі. Можа, не дайшлі, а можа, ідучы назад, дзе напароліся. Так і невядома. А гэтая — за перакладчыцу.
— Перакладчыцу?
— Ну. У вайну — перакладчыца, раней у школе рабіла, настаўніца, Рыма Арнольдаўна, нямецкую ў нас выкладала. Ведаеш, маладая, сімпатычная такая. Мы нават яе любілі. Хто ж думаў, што вайна пачнецца, і яна да немцаў перакінецца.
— Да немцаў?
— Ну, не да немцаў, — там у іхняй управе будзе рабіць.
Доўжык замоўк і склаў кніжку. Відаць, губляючы цікавасьць да чытаньня, зьдзеў з галавы старую, бяз зоркі пілотку, пяцярнёй прыгладзіў свае адрослыя віхры.
— Можа, і кепска зрабіў… А можа, і не. Усё ж перакладчыцай яна была? Была. А з іншага боку — і настаўніцай была. Праблема, канешне. I не застрэліць нельга было, загад жа…
— Гэта дзе? Тут? У сваёй вёсцы? — запытаўся Макарэвіч, узіраючыся ў поле. Доўжык адказаў не адразу, пасьля паўзы, нібы прыпамінаючы штось.
— Ня тут — у мястэчку. Атрад жа тады дзейнічаў па той бок, за «жалезкай», у ваўчанскім лесе. Прыйшлі мы з Колькам Церахам у гэты атрад… Чаму ў гэты? Які надарыўся, у той і пайшлі. Перапыніў во гэткі дазор, прывёў да камандзіра. Хто такія? Хочам у партызаны. А дзе зброя? Зброі няма. У нас для вас таксама няма, здабывайце самі. Як здабыць? Забіце немца і вазьміце зброю. А як яго забіць, калі самі бяз зброі? А гэта ўжо як хочаце. Забіце, задушыце, утапіце. Вось вам дзьве гадзіны на роздум. Сядзім пад сасной, думаем. Робіцца зразумела, што бяз зброі мы ім не патрэбны. I нас яны ня пусьцяць, бо мы іх рассакрэцім. Ну што рабіць? I тут зноў кліча камандзір. Вы адкуль, пытаецца. Ну, з Малых Доўжыкаў. У школу ў мястэчка хадзілі? У мястэчка. Настаўніцу Петракевіч ведаеце? Ведаем, нямецкую ў нас вяла. А цяпер ведаеце, дзе яна? Не, ня ведаем. Нямецкай перакладчыцай працуе. Дык пойдзеце з Лізюковым і ліквідуеце яе. Тады і атрымаеце зброю. Во гэта заданьне! Ды яшчэ бяз зброі. А Лізюкоў гэты — два метры бугай, бровы на пераноссі зрасьліся. З акружэнцаў ці прымакоў, але таксама новы ў атрадзе. Пасьля ўжо я зразумеў, што ўвогуле справа была ня ў зброі — яны нас правяралі. Ну пайшлі мы ў мястэчка. Нібы пад канвоем Лізюкова. Праўда, ён дарогі ня ведае, усё ж мы вядзем. Яно і ня дужа далёка, а ўсю ноч ішлі. Заблудзіліся трохі. Хаця ночы кароткія, якраз на Купалку. Дзіўнавата было — ідуць вучні сваю настаўніцу караць. Я дык у яе нядоўга вучыўся, усяго два гады. А Коля чатыры — з пятага па восьмы клас. Кепска ўсё, і я сябе ўгаворваю: правільна! Перакладчыца, значыць, здрадніца. А калі здрадніца — атрымай кулю. Нашто пайшла да немцаў? I ўсё ж страшна… першы вораг, і такі дзіўны, — настаўніца. А што рабіць? Ня можам жа мы адмовіцца. Уцячы можна, але як жа тады партызаны? На сьвітаньні падышлі да мястэчка, на лузе пералезьлі цераз рэчку. Ідзём па скошанай траве, лёгкі такі туманок сыделецца. Лірыка! Ведаеш, тут зусім стала мне страшна. Дык я сябе лаю: трус! Калі струсіш, табе ня жыць. Паняў? Быццам трохі падзейнічала. Крытыка, яна, знаеш, заўжды дзейнічае. Падышлі да гародаў, пералезьлі цераз адзін плот, другі. Арыенцір — журавель над калодзежам. Ужо амаль разьвіднела. Баімся, хоць бы на сабаку не налезьці. I якраз налезьлі. Малы, а зьвяглівы, так і заліўся ў двары побач. Але і настаўнічын двор — во ён. А як увайсьці? Гляджу, на сабачы брэх з-за фіранкі выглядвае бабка. Падыходжу, Колька з Лізюковым абапал акна стаіліся. Кажу бабцы: Рыма Арнольдаўна дома? Гэта яе вучань, Доўжык Валодзя. Бабка схавалася, праз нейкі час фіранка зноў адхінаецца — настаўніца. Добры дзень, кажу, Рыма Арнольдаўна. А гэта ўжо сігнал Лізюкову. Той з вінтоўкі — трах! Шкло пасыпалася, крык у хаце. Ну, а мы — дай Бог ногі… Толькі ў лесе спыніліся. У той жа дзень надвячоркам далі вінтоўку. Во гэту, нямецкую.