Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— Доўжык з Малых Доўжыкаў.
— Ага. Доўжыкі мы. Не тутэйшыя — з-пад Полацка. Тут мы пасьля вайны, як брат прыйшоў з арміі і пачаў на трактарным рабіць, — ахвотна загаварыла бабуля.
— Доўжык з Малых Доўжыкаў, — паўтарыў Макарэвіч. — Гэта хто? Муж?
— Не, гэта дзядуля. I бабуля. Ведаеце, яны ў адзін год памерлі. Тут, ужо на трактарным…
— А во цёця Наста пахавана, — паведаміла дзяўчынка, паказваючы на сярэдні абеліск, дзе лаканічна значылася: «Доўжык Анастасія Іванаўна. 1936–1967». — Яна на самалёце пагібла.
— На самалёце?
Бабуля ўзялася распавядаць, як нявестка паляцела па турыстычнай пуцёўцы ў Чэхаславаччыну і загінула з усімі разам, прывезьлі запячатаную урну…
Няўважліва слухаючы яе, Макарэвіч утрапёна пазіраў на трэці абеліск з чыстай табліцай і баяўся спытаць. Ды спытаць усё ж давялося.
— А там што? Ці хто пахаваны?
Бабуля сьціпла схавала пад фартушок напрацаваныя рукі і ледзь чутна сказала:
— Ніхто.
Здаецца, ён зразумеў. Так часам робяць асабліва запасьлівыя — ладкуюць участак, ставяць помнік з прозьвішчамі і дзьвюма лічбамі даты, астатняе пакідаючы на пасьля.
— Тут для сябе пакінула і для брата Валодзі.
— А брат жывы?
Дзяўчынка зводдаль, каля сярэдняга абеліска адразу насупілася, бабуля вярнулася да лаўкі і, перш чым адказаць, прысела на яе.
— Прапаў. На вайне. Пісалі — нідзе няма, ні ў сьпісах забітых, ні ў сьпісах параненых. Можа, знойдзецца…
— Валодзя? — заклапочана запытаў Макарэвіч. — Валодзя Доўжык?
— Ну. Дваццаць гадкоў было хлопцу.
— А дзе прапаў? На фронце? У партызанах?
— У партызанах, ага. Пайшоў і прапаў. Пісалі ў архіў камандзірам — ніхто ня ведае, нідзе ня чысьліцца. Можа, у палон папаў, можа, яшчэ што. Можа, вы дзе страчалі? — з раптоўнай надзеяй у вачах запытала бабуля, напэўна, адчуўшы ягонае хваляваньне.
— Я? Ды не, не…
Ён стрымана разьвітаўся і пайшоў між магіл на дарожку. Ягонае хваляваньне паволі перарастала ў гняўлівае раздражненьне, і ён ціха сам сабе казаў: сволачы! Гэта ж трэба! Нават і са сьпісаў выкрасьлілі. Ці і не запісвалі? У жмуркі гуляюць…
Сьпярша Макарэвіч гатовы быў усумніцца, не адразу паверыўшы сваёй здагадцы — усё ж мінула столькі гадоў. Але во падкорка, глыбіня падсьвядомасьці паслугавалі наўзьдзіў дакладна. (I што там хаваецца, якія працэсы адбываюцца ў яго старэчай галаве?) Ён даўно ўжо забыўся на тое прозьвішча, калі б трэба было прыпамятаць, мабыць, не прыпамятаў бы. А тут рэфлекторна, нібы стрэліў хто, як толькі слыху дапяла даўно забытае слова Доўжык, умомант выскачыла ўся знаёмая фраза: Доўжык з сяла Малыя Доўжыкі. І праўда, ён ведаў і Валодзю, і ягоную вёску, калі ўначы хадзілі каля яе на «жалезку». Зрэшты, ведаў, як і шмат каго іншых жывых і памерлых партызан, з якімі давялося калісь дзяліць хлеб, жыцьцё; хіба ня даў Бог падзяліць толькі сьмерць. Доўжык… Хаця ведаў, — можа, занадта па цяперашнім часе, калі, працуючы ў адной арганізацыі, ня вельмі ведаеш чаланека. Або жывеш дваццаць гадоў у адным доме і хіба што вітаешся з ім пры выпадковай сустрэчы ў пад’езьдзе. Там жа ўсё было інакш, час там імкнуў паводле іншых, асаблівых законаў. З гэтым Доўжыкам ён прабыў побач няпоўныя два дні, а во запомніў, як аказалася, на ўсё астатняе жыцьцё. I нават не па ўласнай волі, — можа, насуперак ёй. Падкорка зафіксавала калісь і выдала ў пэўны для яе момант.
…Мокрай туманнай ноччу васямнаццацігадовы партызан Макарэвіч стаяў на пасту ў бліжняй ахове і зьмяніўся перад сьвітаньнем. Ранкам яго не адразу пабудзілі, ён прыпазьнеў са сьняданкам і не пасьпеў даесьці халоднае сёрбава ў кацялку, як пачулася каманда на пастраеньне. Хапаючы зброю і майно, у буданах затаўкліся партызаны іх атрада імя «…наццатага зьезда ВЛКСМ», няласкава паціху лаючыся з прычыны няўрочнага пастраеньня. Сапраўды, з нейкага часу яны амаль кожнага дня строіліся — для агляду, палітгутарак, а болей для суровых вымоў не заўжды цьвярозага камандзіра атрада. Ранейшы камандзір, якога яшчэ застаў Макарэвіч, быў не такі, але ранейшы месяц таму загінуў. Вяртаючыся з разьведгрупай з другога атрада, натрапіў на паліцэйскую засаду, іх абстралялі, і выпадковая куля, выпушчаная ў ноч, забіла камандзіра. Усе астатнія вярнуліся жывыя-здаровыя, а камандзіра па другі дзень закапалі. Неўзабаве, аднак, паявіўся новы — дзесьці і кімсьці прызначаны, у атрадзе нікому не знаёмы. Партызаны яшчэ не пасьпелі перажыць сьмерць ранейшага, што арганізаваў атрад і год праваяваў з ім, сустрэлі новага моўчкі і насьцярожана. Вядома, камандзір адчуў тое і, падобна, затаіў зло.