Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 140 141 142 143 144 145 146 147 148 ... 260
Перейти на страницу:

— Добрае прозьвішча маеце.

— Старажытнае. Нідзе болей такога няма. Хаця хто ведае, — сказаў ён і раптам запытаўся: — Як думаеш, калі вайна скончыцца?

— Вайна? Ня ведаю. Можа, праз год. Калі другі фронт адкрыецца.

— Доўга чакаць. Можна не дачакацца. Ведаеш, а маю сястрычку ў Нямеччыну забралі.

— Сястрычку?

— Ну.

— Кепска.

— I нават вельмі. Можа, і жывой няма. А ў цябе сястра ёсьць?

— У мяне два браты, — сказаў Макарэвіч.

— Малодшыя ці старэйшыя?

— Малыя яшчэ.

— Малым таксама ня мёд. Ды ўсё ж лепей. Падрастуць, здабудуць вінтоўкі і — у лес. А во дзяўчаткам… Мая слаўная такая была сястрычка. А я яе крыўдзіў…

— Крыўдзіў?

— Дурны быў. Малы дуронік. Хочаш пачытаць? — падаў ён кніжку. — А я падрамлю.

Макарэвіч узяў з яго рук дужа пацёртую, абгорнутую старой газецінай кніжку, пагартаў, паглядзеў малюнкі. Малюнкі былі цікавыя — мора, пальмы і буданы, чарнаскурыя людзі з крывымі нажамі — напэўна, таксама вайна. Вайну ён не любіў — ні ваяваць, ні чытаць пра яе, болей падабаў жывёлаў. Калі яны жылі на станцыі, у іх была карова з цялушкай, якую ён пасьвіў улетку ў кустах, побач заўжды бегаў Жулік, нізенькі, на кароткіх лапах, вельмі адданы яму сабачка. Жулік разумеў кожнае яго слова. Хлопцаў на станцыі было мала, і ён усе гады да пераезду ў горад сябраваў з сабачкам. Жуліка ў горад узяць было неяк, пакінулі суседзям. Дык ён аднойчы самохаць прыбег за дзесяць кіламетраў, укусіў гаспадара, і той загадаў яго ўтапіць, бо карміць не было чым. Як тапілі яго, Макарэвічу не хацелася і ўспамінаць нават. Сэрца аблівалася крывёю, як казала маці.

Калі Макарэвіч падняў галаву ад кніжкі, напарнік, падобна, спаў. Сагнуўся на баку, засунуў у рукавы сашчэпленыя рукі, уцягнуў галаву ў плечы. Пад вечар рабілася сьцюдзяней; хоць дажджу не было, але памацнеў вецер з поля. Хацелася есыді, і Макарэвіч пашкадаваў, што не дамогся ад узводнага адказу, калі ж іх зьменяць? Ды ўсё ж, думаў ён, да ночы павінны зьмяніць. I яны пойдуць у свае буданы, бліжэй да кухні і, мабыць, чаго зьядуць. Галоўнае — каб гарачага. Хоць супу, хоць кашы ці нават гарачай гарбаты з хлебам, але абавязкова гарачага, а не цеплаватага, як звычайна. Ад сьцюжы ўсё паступова дубянела ўнутры; зрабіліся няўклюднымі рукі, карцела стаіцца, зьнерухомець, заснуць. Чаго якраз і нелыа было дазволіць сабе. Тым больш у дазоры.

Каб не заснуць, Макарэвіч пачаў грэцца, — скакаць, бегаць на месцы, абмахваць сябе рукамі. З дарогі і поля іх тут не было відаць, хаваў сасоньнік; хлопец жа час ад часу пазіраў на поле. Доўжык, здавалася, спаў, але во ён разьняў павекі, убачыў напарніка і, быццам трохі ўсьміхнуўшыся, зноў іх заплюшчыў. Не, ён таксама ня спаў, проста ляжаў у спакоі і думаў. Пра што толькі думаў? Наўрад ці пра заморскія краіны і ўжо не пра тое, мабыць, што хутка ўсё для яго скончыцца самым зьнянацкім чынам, час ягоны мінаўся. I гэты сьцюдзёны восеньскі дзень у дазоры можа стацца самым спакойным днём яго лесавога жыцьця.

Так і не адолеўшы сьцюжу, Макарэвіч прытаміўся і вырашыў спачыць. Напасьледак кінуў позірк уніз і нечакана ўбачыў на дарозе двух. Ён адразу пазнаў іх — адзін быў узводны Дзмітрэнка, а другі… Ну, вядома, з ім побач на дарозе крочыў Махно, тут не было ніякага сумневу.

— Доўжык… Доўжык! — ціха паклікаў Макарэвіч. Доўжык падхапіўся з долу, стаў на каленях — тыя два з дарогі, задраўшы галовы, ужо выглядвалі іх на пагорку. «Нарэшце зьмена», — узрадаваўся Макарэвіч, хаця штосьці замінала яго радасьці. Нашто тут Махно? Ды і з кім жа яны зьменяць іх — болей там нікога не было відаць. Аднак ён прыўзышўся з-за хвоек, замахаў рукой — тут мы.

Партызаны хутка ўскараскаліся на крутаваты дарожны схіл, азірнуліся на поле.

— Ну, як тут у вас? — запытаўся заўжды дапытлівы ўзводны. — Усе ціха?

— Усё ў парадку, — сказаў Макарэвіч.

— Гэта добра, што ў парадку, — як праз зубы, працадзіў маўклівы Махно. — Значыць, працягвай назіраць.

— А зьмена? Мы ж тут ад ранку…

— Зьмена будзе. Пазьней, — сказаў узводны і павярнуўся да Доўжыка. — А мы пойдзем.

— Куды?

— На Кудыкіну гару, — з гумарам адказаў Махно.

— Куды загадаыа, — дадаў узводны.

Доўжык, як і раніцай, недаўменна цепнуў плячыма, і яны ўтрох адзін за адным пабеглі з крутога пагорка.

— А кніга, кніга! — крыкнуў наўздагон Макарэвіч, падхапіўшы з травы забытую кніжку. Доўжык зьнізу толькі махнуў рукой і пасьпяшыў за камандзірамі. Неўзабаве яны ўтрох схаваліся за прыдарожным хмызам.

Макарэвіч застаўся адзін. Самотным позіркам акінуў пустое поле, над якім пачалі гусьцець вечаровыя прыцемкі. Далячынь з вёскай ужо і ня ўгледзець было — хаты, дахі, вершаліны дрэў патаналі ў сівой туманістай навалачы. Дарога яшчэ цьмяна сьвіцілася на вузкім кавалку каля моста. Усё болей змрочна-загадкавым рабіўся хвойнік паблізу, які хутка губляў зялёныя фарбы дня. Макарэвічу стала журботна, усё ж аднаму ў дазоры было нягожа — нязручна і страшнавата. Увесь час думалася — і калі ж яны прышлюць зьмену? I чаму не зьмянілі ўдзень? I куды павялі Доўжыка?

1 ... 140 141 142 143 144 145 146 147 148 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)