Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 137 138 139 140 141 142 143 144 145 ... 260
Перейти на страницу:

Трохі зацікаўлены выклікам, Макарэвіч пазіраў ззаду, як той нетаропка крочыў па мокрай ігліцы, у кароткім чырвонаармейскім шынялі, што быў яму да калена. Падышоўшы, зусім па-вайсковаму махнуў рукой да аблеглай на галаве пілоткі, і між імі адбылася гутарка. Зрэшты, гутарка здавалася спакойнай, бяз крыку, і тое заспакоіла Макарэвіча. У той час яго паклікаў узводны старшына Дзмітрэнка, які аб’явіў, што Макарэвіч прызначаецца ў дазор да вёскі Вязавічы. «А дзегэта?» — папытаўся Макарэвіч, але і камузвода таксама ня ведаў, бо раней дазоры туды не прызначаліся. «Хто ведае?» — павярнуўся ўзводны да хлопцаў, ды яму ніхто не адказаў, мабыць, таксама ніхто ня ведаў. А калі і ведаў, дык каму ахвота была прызнавацца ды ісьці немаведама куды — можа, д’яблу ў зубы. Але тут падышоў сусед, яўна заклапочаны. «Вунь Доўжык ведае», — падказаў нехта, і старшына запытаўся: «Дзе Вязавічы, ведаеш?» — «Ведаю», — упэўнена адказаў Доўжык. «Пойдзеце ў дазор. Во з ім. Там недзе ля моста…» Ісьці трэба было зараз жа, бо камандзір чакаў. «А зьмена калі?» — запытаўся Доўжык. «Зьменім, зьменім», — няпэўна паабяцаў Дзмітрэнка, і яны нетаропка пайшлі баравой прасекай.

— Ну і камандзір! — незадаволена бурчэў Доўжык, нічога, аднак, не тлумачачы. — Ахламон гарласты. Алюр тры крыжы яму…

Макарэвіч ня ведаў, што азначае гэты алюр, але падумаў што напарнік чымсь раззлаваны, і папытаўся, навошта яговыклікаў камандзір. Перш чым адказаць, Доўжык засьцярожана азірнуўся на недалёкую яшчэ прагаліну.

— Разумееш, боты мае яму не спадабаліся. Кажа, варожая форма! А я за гэтыя боты ледзьве кулю не атрымаў. Затое хоць ногі сухія.

Макарэвіч зірнуў на ягоныя боты, сапраўды, тыя былі не тутэйшага шытва, падобна, з нямецкай нагі, але і не салдацкія. Нямецкія салдацкія боты ён ужо бачыў, тыя мелі кароткія халяўкі і нехуцаваты выгляд. Аднак, можа, гэта афіцэрскія?..

— Я за ім кіламетр па лесе бег, ён у мяне з пісталета пуляў, а я з карабіна. Але, сьпяшаючыся, ведаеш… Толькі на мушку возьмеш, а ён за куст схаваецца. Але ўсё ж падлавіў… Бег, думаў, у яго ў палявой сумцы якія сакрэты, а там брытва ды памазок. Затое боты цяпер на ўсю зіму. Праўда?

— Добрыя боты, — з прытоенай зайздрасьцю сказаў Макарэвіч.

— Ну во і пазнаёміліся. Я — Доўжык з Малых Доўжыкаў, — дадаў хлопец і ўсьміхнуўся, адразу прагнаўшы з твару ранейшую заклапочанасьць.

— А я з Полацка. Макарэвіч.

— Гарадскі, значыць?

— Гарадскі…

Макарэвіч не захацеў расказваць, што ў горад ён пераехаў перад самай вайной, што раней жыў пры станцыі, бацька да арышту рабіў на чыгунцы. Казённую кватэру пасьля ягонага арышту адабралі, і маці з трыма дзяцьмі перабралася ў горад да брата, у яго вузкую барачную каморку, дзе і бяз іх жыло трое. Як пачалі набіраць у ФЗН, Макарэвіч пайшоў вучыцца на муляра і перасяліўся ў інтэрнат. На аднаго чалавека сям’я скарацілася, у бараку стала нібы вальней. З далейшае размовы высьветлілася, што Доўжык старэйшы за Макарэвіча на адзін год і да вайны скончыў дзесяцігодку. Наступны момант біяграфіі быў самы важны, — іх партызанскі стаж. I тут выявілася, што Доўжык у гэтым атрадзе з вясны, што тут ён ведае кожнага, асабліва камандзіраў.

— Ранейшы камандзір быў не такі. Маўклівы быў, ага. Для яго галоўнае — разьведка. Кожную ноч ганяў дробныя групы — за тры, за пяць, за дзесяць кіламетраў — усё на разьведку. Затое і ведаў, дзе што адбываецца. Дзе колькі паліцэйскіх, якія старасты. I памалу адстрэльваў па адным усіх здраднікаў і прыслужнікаў. А цяпер паспрабуй знайсьці каго. Рэшта ў райцэнтр змылася. Хлопцы пойдуць на нарыхтоўку прадуктаў — няма ў каго ўзяць. Ну і даводзіцца радавых калгасьнікаў трэсьці. Жраць жа трэба.

— I сам загінуў. А ты кажаш — разьведка, — сказаў Макарэвіч, успомніўшы недарэчную пагібель камандзіра.

— Ну то выпадак! Выпадак ніякі разумнік не прадугледзе.

Ціха перагаворваючыся, яны нядоўга ішлі ўздоўж прасекі, пасьля павярнулі пад хвоі. Сыры мох пад нагамі рабіў нячутнымі іх крокі. Але бор хутка скончыўся, пачаўся беразьняк, зарасьлі алешніку і ляшчыньнік з парадзелай восеньскай лістотай. Прадраўшыся праз гушчар, апынуліся перад шырокай палявой роўняддзю. Удалечы за пустынным полем відаць былі дахі і коміны нейкае вёскі, — напэўна, гэта і былі Вязавічы. Па ўзьлеску цягнуўся гразкі прасёлак з мастком, пад якім у аброслых асакой берагах бліскала сонная рэчка. Недзе тут і павінны засесьці ў дазор. Да асноўнага лагера адсюль было кіламетры два, мо крыху болей.

Не пераходзячы масток, яны ўскараскаліся на зарослы хвойнікам крутаваты прырэчны пагорак і прыпыніліся.

1 ... 137 138 139 140 141 142 143 144 145 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)