Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 134 135 136 137 138 139 140 141 142 ... 192
Перейти на страницу:

– Мне трэба быць з табою. З гэтай цукроўняй і дома начаваць не будзеш.

– Дурнік, ты ж заўсёды са мною. Мне цяпер лягчэй. Я ўжо амаль спакойная. Буду скора зусім спакойная.

Алесь узяўся за справы на цукроўні і за падрыхтоўку да вясенніх работ. Ён працаваў да знясілення. За гэтыя тыдні, пакуль маці не стала лягчэй, ён афіцыйна засведчыў у Магілёве і пачаў праводзіць у жыццё адмену паншчыны па ўсіх сваіх маёнтках. Маці загадзя згадзілася на ўсё, што ён знойдзе патрэбным зрабіць.

З гэтага часу сем тысяч сем’яў, якія належалі асабіста яму і маці (Вацлаву, як малодшаму, належала толькі некаторая нерухомасць, частка лясоў, дом у Сцюдзёным Яры, дом у Магілёве і адпаведны капітал, роўны прыблізна палове кошту зямлі без вышэйпамянёных дамоў і іншага), замест паншчыны павінны былі плаціць аброк.

На Хаданскіх і іншых гэта зрабіла ўражанне выбуху. Частка магнатаў і дробная шляхта ўхваляла адмену. Але – гэта адбылося пазней – адмяніў за Алесем паншчыну толькі Яраш Раўбіч, дый то, відаць, каб давесці нешта новаму загоршчынскаму гаспадару. Астатнія так касіліся, што пан Адам Выбіцкі і найбольш давераныя з упраўляючых малілі Алеся імем Хрыста не спяшацца.

– Спрачацца з вамі будуць, сварку завядуць. Баючыся бунтаў у сваіх вёсках. А тыя паўставаць будуць, бо вашым пазайздросцяць.

– І правільна. Яны не горшыя.

Наіўны і ўсё яшчэ маладжавы твар пана Адама чырванеў:

– Дык гаспадары ж аб’яднаюцца супраць вас. Ці мала ў іх спосабаў?! Прычэпяцца да нейкай лухты, дуэль – і ўсё… Глотку перарвуць.

– Хай паспрабуюць, – суха сказаў Алесь. – І вось што я вам скажу. Прашу вас не лічыць гэтую маю меру канчатковай. Не забывайце аб гэтым ніколі. Я пайшоў на гэтую паступавасць са зразумелай чалавечай боязі: каб перадчасна не адсеклі магчымасці весці справу далей.

– Як? – спытаў нехта.

– А вось як. Цалуйце евангелле і стаўце подпіс пад дакументам. У ім умова між мной і вамі, што вы ручаецеся сваёй маёмасцю і гонарам за маўчанне аб тым, што вы тут пачуеце.

– Княжа… – сказаў з дакорам нехта.

– Я ведаю. І ведаю, што нашы мужчыны ўмеюць маўчаць. Але, магчыма, нехта… маладой жонцы… І тады будзе перадчасны бунт мужыкоў у іншых вёсках, прыйдуць салдаты, будуць страляць і нічога не дадуць давесці да канца. Так што прашу разглядаць евангелле не як крыўду, а як знак вышэйшага майго даверу да вас. Бо ў вашы рукі я аддаю сваё жыццё і гонар…

Людзі паставілі подпісы.

– За гэтай чарговай мерай мы адменім прыгон. Магчыма, праз год. І не так, як у праектах, а з зямлёй. Паступова надзелім усіх, не толькі сялян, а і беззямельную шляхту, раздаўшы большасць маёнткавай зямлі. Большага мы пакуль зрабіць не можам, але і на гэта прыйдзе час.

У Выбіцкага былі ў вачах слёзы.

– Княжа, – сказаў ён, – гэтага мы вам ніколі на забудзем. Не трэба было евангелля, княжа.

– Ну, а маладой жонцы? – усміхнуўся Алесь.

Усе зарагаталі, зразумеўшы, што малады князь мае рацыю.

– Праўда, – сказаў Адам. – Калі нешта прасочыцца – мы ўсе адмаўляемся. І я кажу вам усім: таго, хто звякне, я заб’ю самачынна. Хто пойдзе са мной?

Людзі схілілі галовы на знак згоды.

Алесь працаваў, як ніхто і ніколі не працаваў з усіх людзей яго круга.

Алесь вырашыў перабудаваць пры першай магчымасці цукроўні, каб былі каменныя. Ён, урэшце, зрабіў тое, на што ніяк не мог адважыцца пан Юры: застрахаваць усе будынкі. І няхай навакольныя святошы лямантуюць, што гэта нібы змаганне з воляю пана бога.

Ля Азярышча заклалі на стапелях восем барлін: на кіеўскім кантрактовым кірмашы заўсёды вялікім попытам карысталася паўночная бульба для бровараў.

“Паклалі рад” з аршанскімі вапеннымі капальнямі і залажылі вышэй Оршы яшчэ шэсць лайбаў: паўднёвым заводам трэба была вапна.

Асіплы, асівералы, малады загоршчынскі пан гойсаў між Сухадолам, Магілёвам і Оршай; па мокрым снезе, пад дажджом, начаваў у корчмах. Прапах псінай ад мокрай ваўчынай запоны; па цэлым тыдні не бываў у лазні, спаў дарогаю, у вазку.

Усё адразу. Усё на гэтым тыдні, сёння, зараз. Здохнем, калі не зробім. Рызыка? Без рызыкі жыццё не жыццё. Гэты сонны спакой, гэтая абуральная, як лямант у пустыні, беднасць ад безгаспадарлівасці, яны забіваюць, гнуць у дугу жыцці людскія.

У вёсцы Бель, самай закінутай з яго вёсак, за Копысем, адсутнасць промыслаў і неўраджаі давялі людзей ледзь не да роспачы. Карчма давяршыла справу гарэлкай, пазыкамі, распустай. Даведаўшыся аб гэтым, Загорскі наляцеў туды, сунуў у зубы прайдзісвету-карчмару мужыцкі доўг і выгнаў яго з сяла. Жонкам былі дадзены грошы, і пад гэтыя грошы да самага ворыва мужчыны пацягнуліся на аршанскія стапелі: валіць лес і ламаць вапну.

Губернатар Аляксандр Беклемішаў выклікаў быў яго да сябе і паспрабаваў крычаць, што яго дзеянні пахнуць разбоем: пагнаў людзей, збіў карчмара і сядзельцаў.

Не на таго напаў.

– Пане Аляксандр… Вось вам вартасць карчмы, а вось падманныя распіскі карчмара на ўпяцёра большую суму. Я не патрабую яе ад казны. І дазвольце мне самому ведаць, што я магу і чаго не магу рабіць у сваіх уладаннях. Спойваць народ я не дам. Раю таксама ўспомніць, што губернская казна дагэтуль вінна нашаму роду за пабудову школ і шлюзаванне Друці. Я не думаю, што мне было б прыемна спагнаць гэтыя грошы сёлета, усяго праз год пасля сканчэння тэрміну…

– Супакойцеся, – сумеўся губернатар. – Чорт з ім, з карчмаром.

– Гэта прайдзісвет. Капейку ў скарб і рубель сабе. Ціхенька прапоўз па наваколлю, а там – як Мамай прайшоў! Вы далі яму месца ў Доўску?

– Скарбу патрэбны грошы, – сказаў губернатар. – Скарб – справа святая.

– І вы казалі мне пра разбой, – з дакорам сказаў Алесь. – Я не раіў бы вам трымаць такіх людзей…

– Я падумаю, – губернатар сапраўды вырашыў не сварыцца, бо помніў, чым усё гэта скончылася для Жэгуліна, фон Берга і яшчэ некаторых, што заеліся з Вежам і таму не праседзелі на пасадзе і года. І губернатар сказаў: – У беднасці вінавата пасіўнасць тутэйшых людзей, а не мы. Аддалі гандаль у рукі стараверам ды жыдам.

Алесь засмяяўся, але так, што губернатару стала ніякава.

– Пры чым тут яны? – сказаў Загорскі. – У гэтым вінаваты мы з вамі, пан губернатар, наша нецярпімасць, наша гнілая прадажнасць… І тых і другіх гоняць за веру… У нас яны калісьць знайшлі прытулак. І мы жылі з імі добра. Нам было дзікавата, што моляцца не так, што адны трымаюць для нас асобныя кубкі, а другія чамусьці раз на год будуюць буданы і ядуць там… Ну і чорт з імі, кожны вар’яцее па-свойму… Але іх знайшлі. За тое, што ксцяцца двума пальцамі, тройчы рабілі з Веткі пустыню, забівалі, палілі жыўцом. За адзін палец здымалі галаву, а яна ў чалавека – адна. А раскольнікі – харошы, цвярозы, працавіты народ. Памяць аб мачысе сваёй – мову, звычаі – збераглі, не растрэслі… То іх у падзяку, забываючы словы Пятра, што абы падаткі плаціў, а маліся, як хочаш, мёртвых кастрамі складалі ды дзяўчат гвалціла салдатня… І іншыя дасталі… Полацкіх усіх жыўцом у Дзвіне патапілі, з дзецьмі маленькімі… Апрычнік у расе, пёс шалёны – Грозны, кацюга. Зрабілі ім зямлю гэтую – чужой. То чаго здзіўляцца?! З чужога – грабі!

– Князь… князь… Супакойцеся.

– Вось так, – саромеючыся прыпадку гневу, сказаў Алесь. – Гэта маё вам, пан губернатар, слова. І не вінавацьце нашых людзей у пасіўнасці. Яны проста грэбуюць гандлем, таму што гандаль таксама зрабілі разбоем. І яшчэ імя гэтай пасіўнасці – няўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Губернатар вырашыў ніколі больш не звязвацца з гэтымі людзьмі. З дваццаці сямі тысяч дваран губерні сем тысяч былі з малодшых іхніх радоў, на розных ступенях сваяўства, ды яшчэ столькі ж залежала ад іх і глядзелі таму з іхніх рук. Ну іх да д’ябла.

Калі малады Загорскі пайшоў – губернатара доўга яшчэ нібы вадзіла. Чорт! Манеры ледзь не версальскія, мова мужыцкая, вопратка разбойніцкая, думкі – якабінскія…

1 ... 134 135 136 137 138 139 140 141 142 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)