За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Воінам ён быў, i ў любы момант гатовы несціся наперад, у рызыку, у невядомасць, шукаючы сабе i князю славы. У апошніх бітвах ужо прыкмецілі яго старыя воі i адабральна глядзелі, калі ішоў па двары,— малады, лёгкі, вясёлы. Сам князь Брачыслаў падараваў яму нядаўна, як лепшаму стралку, цэлую сярэбраную грыўню! Алекса аддаў яе бацьку, адно прасіў — не траціць без патрэбы.
Пра многае думаў малады воін, успамінаючы бітвы, дарогі, дзе прайшоў ці праехаў на кані. Ваяўнічы князь Брачыслаў, шукаў ён сабе подзвігаў, a ўсяму княству — славы i выгоды, хацеў, каб не ізгоямі адчувалі сябе князі полацкія, a магутнымі ўладарамі. Але праз усё тое, што бачылася зараз Алексу, уладна прабівалася маладое дзявочае аблічча са светлымі, як адбелены лён, валасамі, з тонкай шаўкавістай скурай, пад якой гарыць, пераліваецца румянак, з вуснамі пругкімі i сакаўнымі, як спелыя вішні. I дзіўна Алексу — такое худое, нязграбнае дзяўчо прыходзіла да ix з зёлкамі, такі нясмелы галасок пералічваў: «гэтая вось ад трасцы, ад весніцы, ад свярбежы, камчуга...», а зараз... Ці не сама княгіня сядзела перад усімі на белым кані! Доўгая шыя, постаць стройная, гордая, вочы вялікія, ззяюць, нібы сіняе «тавусінае»каменне — прывезепыя з далека га Кіева, каменьчыкі гэтыя ўпрыгожваюць мазаіку ў драўлянай Сафійскай царкве, што над Дзвіною... I не скажаш, што яна дачка беднай удавы Катуніхі — беднай, бо не бярэ яна нічога за свае лекі, кажа, што гэта вялікі грэх, a людзі — яны i рады. Пакуль баліць, гатовы порты з сябе зняць. А прайшло — i бывай, Катуніха, мы цябе знаць не знаем i ведаць не ведаем! Нічога! Яшчэ трохі збярэ ён грыўняў ды насватаецца да прыгажуні. Як-ніяк, не зломак ён, a княжацкі дружыннік, не адмовіць яму ўдава. Абы толькі па сэрцы прыйшоўся ён дзяўчыне, бо нельга, каб спакусілася яна толькі багаццем — хаця i няма ў яго вялікага багацця, але ж жывуць яны цяпер, у параўнанні з Катуніхай, заможна. Нельга, каб пайшла за яго дзяўчына без сэрца, бо жыць, ведаючы, што не адгукнецца яна душою на тваю ласку, не заззяе ў яе вачах святло ад твайго пацалунка — цяжка. Грэх гэта — жыць без кахання. Так гаварылі i жрацы, тое ж казалі i ў царкве,— а хлопец стаў слухаць усіх, хто кажа пра сямейнае жыццё, пра дваіх. I як гэта сталася — сам не ведае Алекса. Таму хутка праляцела дзяжурства для Алексы, што ўпершыню зведаў ён слодыч мары, калі з маладою ахвотай складае i цешыцца душа дзівоснымі ўзорамі, сама звязвае i развязвае ix, не лічачыся ні з жыццём, ні з абставінамі, а проста перамагаючы ix ці зусім не думаючы ні пра лес, ні пра дарогі, якія наканавана прайсці чалавеку i якія далека ўводзяць яго ад светлых юнацкіх жаданняў...
Раніцай, калі дзед Бялун[1] толькі прагнаў з неба цёмныя хмары i з-пад рухавага мроіва яшчэ не паказаўся краёчак чырвонага сонца, Алексу прыйшлі правяраць. Муж добраімяніты Векша нячутна краўся між будынкаў, пунь i гуменцаў, але востры, як у рысі, позірк Алексы заўважыў — не чалавека, a толькі краёчак цені,— i азваўся малады дружыннік суровым голасам, хаця, здаецца, зусім закружылі яго нязвыклыя мроі. I зноў хваліў яго перад князем Векша, i жыццё рассцілалася перад Алексам белым, радасным сувоем, i думаў ён пра тое, што трэба рыхтаваць вена, ці воцкае — выкуп за нявесту. Ці ў паход ісці, ці ўслед за князем ехаць на палюддзе — добра, калі ёсць каму чакаць дома, i кідаць дровы ў цяпельца, i карміць добрага дзеда Дамавіка, які за гэта будзе зберагаць скаціну ад гневу Воласа, скотняга бога, а дом — ад Агневіка, а багацце — ад цмока. Праўда, кажуць, што, калі хто спадабаўся цмоку, ён прыносіць у хату i куны, i хлеб, жытнія нівы прымушае радзіць шмат збожжа, a кароў — даваць многа малака. «Але хай ахоўвае нас Род i парадзіхі,— думаў Алекса,— пе хацеў бы я дружыць са цмокам, лепей падняць яго на кап'ё, як Георгій-Перамаганосец. Яшчэ славы б мне здабыць у бітве — i ўсё, чаго болей трэба ад жыцця?»
У княжацкай горніцы было светла: па сценах шчодра развешаныя смалякііў сярэбраных зажымах, на стале — свечкі з жоўтага воску, доўгія, вітыя. I ўсё гэта гарыць з ціхім шыпеннем, смалякі — час ад часу як бы ўзрываючыся, i тады ўсе, хто сядзіць у горніцы — князь у высокім крэсле з касцяной спінкай, астатнія — на лавах, пакрытых чырвоным аксамітам,— азіраюцца, нейкі момант няўцямна глядзяць, як трашчыць i круціцца вогненнымі іскрынкамі лучына, а пасля зноў пераводзяць свае вочы на казачніка, дзеда Мокшу.
Дзед, у доўгай пасконнай кашулі з чырвоным узорам ля шыі, з чырвонай суконнай павязкай на белых валасах, баіць свае казкі, у самых драматычных момантах дапамагаючы сабе доўгімі кашчавымі рукамі, i ягоныя выцвілыя, пабляклыя вочы ўспыхваюць маладымі агеньчыкамі:
Дзед Бялун — у славян стары смаркаты дзед, які, варта выцерці яму нос, рассыпаецца срэбрам. Апроч таго, увасабляе яснае неба i праганяе хмары.