Маўчанне травы: Паэма лёсу
- Автор: Зуёнак Васіль
- Год: 1980
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маўчанне травы: Паэма лёсу». Краткое содержание книги:
Гэты твор пра лёс чалавека, селяніна, які праз усё жыццё нясе праўду сваёй мірнай працы, праўду хлеба. Нялёгкі і няпросты шлях героя, як нялёгкая і няпростая сама гісторыя, на скрыжаваннях якой — часцінкай народа — жыве невялікая беларуская вёсачка Ўзбор'е.
Перейти на страницу:
Бароў і пушчаў адгалоссе —
Бярозавы купчасты клін.
Нібы пад сэрца клін тужлівы,
Узмах асенніх журавоў:
У вырай залятуць, мажліва,
Але ці вернуцца дамоў?..
Руччамі змытая дарога,
Травы напорыстая шчэць...
Сасняк налева — здань былога —
Там-сям тапырыцца яшчэ.
А праваруч заходзіць поле —
За гай — падковай ярыны.
Няўзнак, няўспех, пачуўшы волю,
Стрыжэ нагамі вараны.
«Спяшацца, брат, няма прычыны»,
Разводзіць думу старшыня...
Гайдаюць ціха каляіны
Зямлю, і неба, і каня.
Пад жаўруковаю дугою
Званок рассыпаў цішыню.
А з-за бярэзніку — другое
Спяванне прыпарнаму дню.
Грыміць палёў абнова — трактар,
На слух вядзе з ім баразну,
Турбуецца Васіль: а як там —
Ці скора ўлашчыць плуг вясну:
Прыкрые цёпла і надзейна,
Каб жніўнем узышла яна,
Каб будні сталіся нядзеляй —
За ўсё аддзякаваць спаўна...
«Калі раскіпяціцца сёння
Ў падлессі поле ўзняць Іван,
Лічы, што першымі ў раёне
На пасяўной закрыем план»...—
I ўжо, нібыта ўвачавідкі,
Нібы ў бязгучным тым кіно,
На палатне, жывым і плыткім,
Пабачыў, як Іван стырно
Славажна, велічна трымае,
Нібы на стол нясе пірог,
Ці свет — на лейцах — сунімае,
Як, не раўнуючы, сам бог:
Айцец, і сын, і дух машынны...
Такім Васіль яго сустрэў
I ў першы дзень, калі нахлынуў
Увесь народ — аж пыл курэў!
Як дзеці — кожны лез памацаць,
Пагладзіць дымнага каня.
— Ды ён, кажу вам, не для цацак,—
Іван буркліва адганяў.
Калі ж натоўп глядзець прышпарыў,
Як трактар выйдзе на загон,
Дык тут Івана нават з твару
Было не ўзнаць... Як вырас ён!
І як узвысіўся, узнёсся
Над тым абшарам, над зямлёй!..
Ірваў, змятаў цераспалоссе,
Дзе тупаў басанож раллёй,
Дзе кожны камячок на дотык
Ды і на пах знаёмы быў,
Дзе ласкаю, не толькі потам,
Радніўся з нівай дзень сяўбы...
А тут — разгон жалезных крокаў!
Што там былінка ці грудок,
Калі адразу паўвалокі
Ён плугам ворыва валок.
Нібы пад шнур — барознаў скібы,
I сама ў меру глыбіні,
І ні агрэхаў, і ні хібаў,
І не стамляецца ані.
Конь добры, кажучы няўрокам.
Але здалося Васілю:
Глядзіць як быццам бы звысоку
Араты на сваю зямлю.
А хіба з ёю гэтак можна?
А не пакрыўдзіцца яна?..
...Нібы ірвалася трывожна
Між сэрцам і зямлёй струна.
Пад успамінаў перамовы
Дарога вывела на лог,
Дзе з ліпы бусел местачковы
Вышыні ўладныя сцярог.
Яшчэ адзін пад'ём — за рэчкай,
I ўжо на ўзвалку з-за прысад
Пагрозна вырасла мястэчка —
Хоць ты варочайся назад.
Ды не спыніўся, не вярнуўся,
Адно не паганяў каня.
Няспешна, ціха азірнуўся,
Як бы душой усё абпяў...
Напіцца кнігаўкі прасілі,
Хоць Нача выйшла з берагоў.
Касым крылом касынкі сіняй
Махнула сойка наўздагон.
Адгрукатаў каменным брукам
Пад коламі раённы пляц...
Завулак. Цішыня. Ні гуку...
«І што ён скажа, гэты Сац?..»
Пачнём з таго, што, пэўна, Сацу
Не грэх бы пакланіцца тут:
Паўгода толькі прымуспрацы
Адмерыў Васілю нарсуд.
Бо павярнуў суддзя разборы
І следства на праўдзівы след:
Сказаў адно: «Які ён вораг?..» —
А Васілю адкрыўся свет.
Які ён вораг... Але ж толькі
Матрона сведчыла суду,
Як бульбу ён згнаіў і колькі
Свіных згубіць наймеўся душ.
І расказала, як на ферме,
Дзе быў яго загад прамы,
Жывёле па-шпіёнску перлі
З падсуднай бульбы той кармы.
Адно забылася: з якою
Разведкай звязан быў Васіль,
Назад зірнула з неспакоем:
«І як жа ён сказаць прасіў?» —
Вачыма Трыхана шукала:
«Каб ты з вучонасцю той спрах!..»
Ды позірк Ёхаў напаткала —
І мову з'еў авечы страх.
Хоць потым і падначыў Трыхан
Гукнуць: «Няправільны суддзя!» —
Сац адмахнуўся, як ад ліха,
Сказаў — да ўвагі грамадзян:
«Прашу падтрымліваць парадак!..»
Астатніх сведак распытаў
I прыгавор пасля нарады
Аб прымуспрацы зачытаў...
«Ну што ж — не прывыкаць, адроблю...» —
З развагаю не-старшыня
Задком заводзіў у аглоблі
Не-старшынёўскага каня.
А з ганка люд валіў агулам:
Яўсей трымаўся ля парэнч,
З прыскокам Мотра прашмыгнула,
Перейти на страницу: