Маўчанне травы: Паэма лёсу
- Автор: Зуёнак Васіль
- Год: 1980
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маўчанне травы: Паэма лёсу». Краткое содержание книги:
Гэты твор пра лёс чалавека, селяніна, які праз усё жыццё нясе праўду сваёй мірнай працы, праўду хлеба. Нялёгкі і няпросты шлях героя, як нялёгкая і няпростая сама гісторыя, на скрыжаваннях якой — часцінкай народа — жыве невялікая беларуская вёсачка Ўзбор'е.
Перейти на страницу:
Вось гэтак, ці прыкладна гэтак,
Ці, скажам, у гэтым кірунку
Мой бацька з вяршыні лета
Глядзеў на быцця малюнкі.
Бо ў лазні памыўшыся, кожны
Філосафам робіцца трохі,
Хоць клопат будзённа-абложны
Ў жменьку сціскае эпохі.
І думка шкрабецца паціху
Аб тым, што вось тут, на парозе,
Казаў той, і ліха не ліха,
Як едзе ў далёкім возе.
Сваё — і журыць, і вяселіць,
I сушыць, і гоніць смагу,—
Сцяжынкамі ўзборскіх аселіц
Ідуць Васілёвы развагі.
Адсеяцца толькі што ўспелі,
А тут сенакос падступае,
I конік турбуецца ў зеллі:
«Касу адкляпаў ці тупая?»
І драч мянташкай сухою
Ўсю ноч за кустамі шаргоча,
І сталь у цяньку пад страхою
Без працы вісець больш не хоча!..
Зграбеш, устагуеш надрэчча —
І колас, глядзі, загукае.
Сярпы маладзіцам на плечы
Пасядуць маладзікамі...
Гайдаецца думак човен,
З палёў у хату вяртае —
Да кніжак вунь тых вучоных,
Што ўпрыцемку дочкі чытаюць.
Сказаў: «Пакіньце сляпіцца»,
А сам сабе моўчкі прыкмеціў:
«Ось дня не хапае быццам —
Пайшлі, брат, вучоныя дзеці...»
І хоць на чытанне з павагай
Заўсёды Васіль дзівіўся,
Ды ўсё ж мужыка-бедалагу
Ўзносіў пры гэтым увысі.
Вучонаму што: не сёння —
Даробіць праз год, праз дзесяць.
А не дачытае спрасоння,
Дык воўк не падохне ў лесе!
Ці халепа ўдарыць, ці спёка —
Ніхто з цябе не спытае:
Хлеб лёгкі ад поля далёка,
Хлеб лёгкі на крыльцах лунае.
Вунь Зіна чытала, як Пушкін
Пару падбіраў да густу:
То гразка, то мошкі ды мушкі —
I ў сэрцы, бачыце, пуста.
З настроем не ладна — і з вершам
Выходзіць штосьці не тое:
Паэт — па Расіі найпершы,—
А вось і ў яго прастоі.
З адным толькі бацька — хоць трэсні —
Не мог пагадзіцца начыста,
Што восенню бралася песня,
А не вясною квяцістай.
Ды з Пушкіна спыт асобы.
Ён Пушкін — і з ім не раўняйся.
А вось жа і іншым собіць
Сядзець на нейкім Парнасе.
Захочаш — пішы там вясною,
Не хочаш — увосень дапісвай —
І ўсё на адной аснове:
Круці галавою лысай.
A ў нас цябе так закруціць
Ды так уссядзе на плечы,
Што будзь ты хоць тройчы труцень —
Не ўлежыш на цёплай печы.
Вясной у пару не пасееш,
Дык трасцу збярэш увосень,
І стань, брат, прарокам Майсеем,
Як есці кішка запросіць!
Пакуль памудруеш ніцма,
Дык пэўна ўжо там, наверсе,
Пакоціцца сонца лісіцай —
За хвост ухапіць не мерся!
І год — не конік сівенькі,
Прывязаны да агарожы.
І часу былога хоць жменьку
Ніхто табе даць не зможа.
Не купіш вясну на базары
I ў бога не выпрасіш плачам.
Пасеяць — дык толькі зараз.
Ніяк не выходзіць іначай.
Так думаў мой бацька...
А недзе
За тысячу вёрст ад лазні
Хвіліны заглытваў нелюдзь
І з часу гадзюкай вылазіў.
Над летнім сонцастаяннем
Адзін, неадкладны, шалёны —
Таксама клопат — груганіў:
Мільёны, мільёны, мільёны.
«Пад грэбень — усю Еўропу,
Пад грэбень — аж да Ўрала.
Яўрэі — найпершы клопат:
Дзесяць мільёнаў.
Мала!
Пад грэбень — спагады ніякай! —
Каб нам прасторы хапала.
Дваццаць мільёнаў— палякі.
Мала!
Мала!
З крыві— ад самых пялёнак
Арда Чынгіс-хана ўставала.
Рускія — сто мільёнаў.
Мала!
Мала!
Мала!
Германія! Новы бераг
Вялікай, сусветнай, дзяржавы!»
Перад вачыма Герынг
Танец чыніў крывавы.
Скакаў на стале,
а фюрэр
Прарочыў уладу над светам:
«Яшчэ не такія фігуры
Станцуем,— пад боты, планета!
Пад кулю — любое пытанне,
Пад кулю — позірк няветлы!
На шары зямным — наш танец.
Скачы ў крыві, планета!
Час! Ні хвіліны спазнення!
Германія! Хопіць цясніцца!»
«Дортмунд!» — сігнал наступления,
«Дортмунд! — зрывае граніцы.
І гоніць затвор у патроннік
Германію, дух стагоддзяў...
Адною дарогаю сёння
3абойца і сейбіт ходзяць.
Два клопаты, а планета
Адна, і другой не будзе...
Не зналі той ноччу аб гэтым
Hi бацька, ні ўзборскія людзі.
Не знаў і я, зразумела...
Напіўшыся сырадою,
Я ў сне паміж красак белых
Сцяжынку праз луг адольваў.
Вы бегалі так хоць аднойчы?
Вы зведалі тую праяву?
Ляціш нерухома, a ў вочы —
Сонца, і кветкі, і травы.
Чаму ж яны белыя толькі?!
Ага! Малако збіраюць!
І чуецца: мама з дойкі
Гарлач напаўняе з краем.
«Вось гэта,— кажа,— ад цёткі,
Што Дзятлінкаю завецца»,—
I пеніцца кубак салодкі
I мёдам у рот ліецца.
«А гэта ад дзядзькі Рамонка:
ён трохі гарчынкі дабавіў»,—
I ў сне я прыцмокваю звонка,
Прыпухлымі ў красках губамі.
Я ўсіх пазнаю, хто жыве тут,
I сваркі няма ў нас ніколі.
Мы — дзеці. I наша планета —
Вось гэты луг пад шчакою.
Перейти на страницу: