Маўчанне травы: Паэма лёсу
- Автор: Зуёнак Васіль
- Год: 1980
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маўчанне травы: Паэма лёсу». Краткое содержание книги:
Гэты твор пра лёс чалавека, селяніна, які праз усё жыццё нясе праўду сваёй мірнай працы, праўду хлеба. Нялёгкі і няпросты шлях героя, як нялёгкая і няпростая сама гісторыя, на скрыжаваннях якой — часцінкай народа — жыве невялікая беларуская вёсачка Ўзбор'е.
Перейти на страницу:
I Трыханаў прадыбаў фрэнч.
Васіль Яўсея зваў пад'ехаць,
Ды той па крамах клопат меў.
А фрэнч ля Мотры, як бы нехаць,
Ухмылкай сцэджваў люты гнеў.
Смяяўся, пэўна, для прыліку,
A ў пекле цёмнае душы
Гарэла гарам, што артыкул
Не змог аб шкодніцтве падшыць.
Не загрымеў Васіль як вораг,
Хоць старшынёўскі збілі чын...
Грызуць і Мотру смутак з горам.
На гэта многа ёсць прычын...
Усю спектаклю заваліла,
Што сёння па дарозе ў суд
З каханкам назубок зубрыла:
Як што сказаць, каб збыўся цуд.
«Каб у руках мець старшынёўства,
Былі б і мы ў перадавых.
Яно ж і так, сказаць, геройства
З тваёй красой — і ў радавых.
Ды ты б, як ружачка, сядзела
Ў канцылярыі ca мной...»
I вось — сама! — згубіла, з'ела
Ўсё шчасце там, за той сцяной...
Цяпер адвернецца, няйначай,
Ад саракоўкі Трыханок:
Што маладому — парыбачыў
I далей невад павалок.
Хіба не знойдзе заляцанак,
Калі паставяць старшынёй?!.
Ды і пасады абяцанай
Цяпер не дачакацца ёй.
Не пасядзець у сакратарках,
Дзяржавай не пакіраваць...
Зноў тыя ж вёдры, вілы, таркі,
I той жа муж прыпрэцца спаць.
А гэтак марыла, чакала...
Хоць працаднямі не цвіла:
Ледзь-ледзь на мінімум хапала —
На сходах першаю была.
Лікбез канчала, дэлегаткай
Раней хадзіла ў сельсавет,
Між актывістак, пры выпадку,
Глядзеўся і яе партрэт.
Ды раскусілі Мотру людзі:
Грыміць на ходзе халастым.
Таму і кінулася ў суддзі,
Каб зноў павысіць свой актыў.
I трэба ж гэтак — спудлавала...
Дурніца — нават на вырост.
Нібыта ў роце кляп,— маўчала.
Усё... Усё кату пад хвост.
З такой прычыны-распрычыны:
«А каб вас там пагнула ў крук!..» —
На суд зірнула, дзе ляйчынай
Васіль вярнуў каня на брук.
«Ат, што ты возьмеш з гэтай бабы...» —
На Мотру ён і не злаваў:
Валоссе доўгае, ды слаба
Капусту варыць галава.
Адно што ў звадах — памялішчам
За пяць кабет заўжды мяце,—
Ну і язык: паганы прышчык
І той уссесці не хацеў!..
I ўсё заўсёды ёй вядома,
Пра ўсіх даложыць неўспадзеў:
І дома што, і што за домам,
I чый задворак чым смярдзеў.
Калі зачэпіцца ля студні
Язык вось гэткі за язык,
Глядзі, што дзень наступіць судны,
Пакуль прамоў аціхне зык.
Да лапця лапаць — вось і пара:
Аж пот курыцца над губой!
Таўкуць, і трэплюць, і сячкараць
Адна другой наперабой.
I ўжо агонь асядзе ў печы,
I галавешкі дадымяць —
Яны ж — каромыслы на плечы —
Пустымі вёдрамі грымяць.
На луг каня сцяжынай тупкай
Адводзіў поцемкам Васіль,
З раёна выслухаўшы трубку:
«Пячатку Плеўкіну здасі».
А хто быў Плеўкін — добра ведаў
I ў тэлефона не пытаў:
Цыган свядомы і аседлы,
Што так — нясеянае жаў.
Сказаць, які вандроўны вецер
Занёс яго з якіх дарог
На каланчу пры сельсавеце,—
Цыганскі бог і той не мог.
Пачаў з таго брандмайстар бравы,
Што ноччу ў лютаўскі мароз
З прысад — для ацяпляльнай справы —
Беразняку нацюкаў воз.
Калі ж дарожнік неўспадзеўкі
Праз дзень агледзеў той прагал,
Дык сам з сябе дзівіўся Плеўкін:
«Нельзя?! Да как же я не знал!..»
Другое з сельскай гаспадаркай
Знаёмства даў законны шлюб:
Зайшоў у прымы да свінаркі,
Перад касой схіліў свой чуб.
Цяпер на ферме быў не госцем,
Хваліў: «Какой свиной малыш!..»
Ды прытка кідалася штосьці
На ўцёкі парасё-скавыш.
Мажны, высокі, кучаравы.
Грудзіна — хоць абоддзе гні!
Шынель, гармонікам халявы —
Усё як ёсць для старшыні.
Што ж, хай бярэцца, хай кіруе,
Абы не Трыхан уздужэў.
Час пракурацтвы ўсім даруе,
А з подласцю — яно цяжэй.
Не змыеш і не адпрасуеш,
Калі на фрэнчы тым яна,
Як вош, паўзе, і галасуе,
І сведчыць: вось твая цана.
Хоць з Плеўкіна не надта клёку,
Але ж усе не без заган.
Хлеб старшынёўскі — хлеб не лёгкі
Хай паспытае і цыган!
Калі разважыць тут цвяроза,
Дык Васілю — гара з плячэй.
Як людзі кажуць, баба з воза —
Бяды не шмат — каню лягчэй.
Ішоў Васіль і вольна дыхаў,
Як травы, кветкі і зямля.
І думаў: на якое ж ліха
Жыццё вось гэта азаляць?..
Перейти на страницу: