Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
У намёце засталіся мы ўдвох з Кузьміным. І не пасьпелі прылегчы на матрацы, як адразу патанулі ў нірване сна.
* * *
Юра Гумянюк выйшаў на полацкім аўтавакзале з аўтобуса «Гародня – Полацак» нібыта з трапа Боінга на нью-ёркскім лётнішчы імя Джона Кэнэдзі. Юра быў апрануты ў сьветлы плашч, капялюш, у руках трымаў вялікі парасон. Мяне ён пазнаў адразу і паходкай сталага дэндзі накіраваўся насустрач. Мы паціснулі адзін аднаму далоні.
– Вітаю ў стольным Полацку, – прывітаў я дарагога госьця.
– Вельмі прыемна, – адказаў ён, сарамліва пасьміхаючыся, як гэта ўмеў рабіць толькі Юра Гумянюк, нахіліўся да поліэтыленавай торбы, якую трымаў у руках, дастаў адтуль нейкі пакунак і працягнуў мне. – Гэта табе мая мама перадала, – і праз паўзу дадаў: – Грэцкія арэхі, з нашага саду.
Мы селі ў гарадзкі аўтобус і паехалі да мяне. Ужо сутоньвалася. Горад запаліў свае восеньскія агні.
Завочна мяне пазнаёміў зь Юрам Ігар Сідарук, якога я ведаў па літаратурнай нарадзе ў Доме творчасьці «Іслач». Ігар у адным зь лістоў напісаў, што Юра – вельмі цікавы паэт, быў бы добрым аўтарам для «Ксэракса Беларускага», і надаслаў мне паштовы адрас Гуменюка. Я адразу ж Юру напісаў, і мы эпісталярна пасябравалі. Юра дасылаў мне па некалькі лістоў на тыдзень. Яго вельмі зацікавіла ідэя незалежнага друку. Ён узяў на ўзбраеньне тэрмін «нонканфармізм» і амаль у кожным лісьце разважаў пра свабоду творчасьці. Ён неяк адразу падтрымаў маю ідэю ўласнай незалежнай літаратурнай арганізацыі. Дзеля абмеркаваньня гэтага важнага пытаньня гарадзенскі паэт і прыехаў да мяне ў Полацак.
— Галоўнае, каб гэтая справа не ператварылася ў прафанацыю, — палымяна казаў Юра. — Ніякага балясту. У суполцы павінны быць толькі таленавітыя творцы.
— Такія, як мы, — пажартаваў я.
— Так, як мы, — на поўным сур’ёзе, не зьвяртаючы ўвагі на мой жартаўлівы тон, заявіў ён. — І трэба заснаваць свой часопіс. Бо без пляцоўкі для друку ня мае сэнсу гарадзіць агарод.
Да ночы мы абмяркоўвалі нашыя напалеонаўскія пляны. І вырашылі, што касьцяк будучай незалежнай суполкі складуць маладыя літаратары з Полацку і Гародні — тут ён адразу назваў імя гарадзенскага паэта Юрася Пацюпы, — а таксама запросім да ўдзелу ў суполцы пісьменьнікаў зь іншых рэгіёнаў, а ў самую апошнюю чаргу — са сталіцы. Прынцыпу рэгіяналізма мы вырашылі трымацца нязьменна. Дамовіліся і пра тое, што я выдам першы зборнік Юры ў нас на Полаччыне, дзе мы ўжо праклалі сьцежку да мясцовых друкарняў.
На наступны дзень я праводзіў Юру на аўтавакзал. Паэт выглядаў на картачнага гульца, які паставіў усю сваю маёмасьць на кон і ад гэтага моцна хваляваўся. Ужо ў Гародні, вяртаючыся дахаты, ён забыў у аўтобусе свой парасон. Пра гэтую сымбалічную ахвяру Юра затым будзе згадваць яшчэ гадоў дзесяць.
* * *
Шчыра вітаю!
Вось ізноў нас падзяляюць сотні кілямэтраў... Я, як заўсёды, сяджу ды ўзіраюся ў начное прадоньне за вакном... Так, ужо даўно па дванаццатай... Але я не кладуся спаць, бо пішу ліста далёкаму сябру, які калісьці напісаў да мяне першы, даслаў падарунак — уласную кніжыцу. Мабыць, гэта й паспрыяла разьвіцьцю завочнага сяброўства. Яно ўзмацнілася нашай нядаўняй сустрэчай. Я вельмі задаволены, нягледзячы нават на тое, што паклаў пэўную ахвяру — парасон. Мастацтва патрабуе ахвяры. Сяброўства, відаць за ўсё, таксама...
Шлях дамоў быў значна лягчэйшы, чымся ў Полацак. Аўтобус прыйшоў у Гародню на гадзіну раней. Так што каля дванаццатай я быў ужо ў хаце ды слухаў музыку Ріпк Ріоуд. У памяці ўзьнікалі выявы нашай сустрэчы. Думкі несьліся кудысьці ўдалячынь. Неабходна было пераварыць тое, што адбылося... Ведаеш, дарагі Алесь, гэта цудоўна, што нашыя погляды сышліся амаль на 100%. Сапраўды, такое бывае зрэдку. Ну дык файна!
Учора размаўляў праз тэлефон з Пацюпам; казаў яму, каб хутчэй рыхтаваў сваю нізку для нашага зборніка. Сустракаўся таксама з Алесем Аўчыньнікавым, які адразу згадзіўся аздобіць кніжачку сваімі малюнкамі. Так што мы хутка падрыхтуем рукапіс да друку. Нам толькі неабходна ведаць памеры і аб’ём. Ці памеры тыя самыя, што ў вашага зборнічка «Тайніца»? І яшчэ адно пытаньне маю да цябе, дарагі Алесь. Як хутка можна выдаць нашае сумеснае дзіцятка ў Полацку? Ці выйдзе яно ўжо вясной 1992га, калі я пакладу рукапіс зборніка табе на стол яшчэ ў сьнежні?
Дасылаю наш калектыўны зборнік «Шлях». Пагартай, паглядзі.
Я, канешне, не абяцаю, але пастараюся яшчэ раз прыехаць да цябе ў гэтым годзе. Магчыма, пад Новы год, які мо й сустрэнем разам. Было б жаданьне. Усім астатнім прыйдзецца ахвяраваць, як нечым зьнікомым і другасным...