Выбраныя творы ў двух тамах
- Автор: Карпюк Аляксей
- Год: 1980
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах». Краткое содержание книги:
«Вершалінскі рай» — твор на антырэлігійную тэму. Пісьменнік расказвае цра авантуру саматужнага прарока Альяша Клімовіча, пра цемрашальства сектантаў.
У апавяданнях раскрываюцца лепшыя рысы нашага чалавека, высмейваюцца мяшчанства і перажыткі мінулага ў свядомасці асобных людзей.
Вяртаюцца немцы з горада. У кожнага ў руках па вафельным кубачку. Настаўніца спеваў хваліцца:
— Мы ідзём, ідзём і глядзім — заапарк! Спачатку сваім вачам не паверылі, покуль праз сетку не ўбачылі слана!.. Я кажу білецёршы — дэлегацыён! Нас і ўпусцілі без грошай! — ззяе яна, шчаслівая, і зноў бярэцца за марожанае.
I вы бачылі в'етнамскую партызанку, сланіху Машку? — пытаюся.
Я-а-а-а!
I нашых тыграў, і пітонаў, і зубра?
Я-а-а-а! — хорам адказвае мне дваццаць восем радасных галасоў.
Камарады, сядайце, шнэль! — упрошвае іх дзяжурны па вакзале.— Поезд трэба адпраўляць, ком!
Я-а, я-а-а-а!..— згаджаюцца з ім немкі і неахвотна ідуць да вагонаў.
Гучыць песня «Дзеці розных народаў». Цягнік нясе маіх турыстаў у бок Парэчча, я збіраюся дадому. Ідзём па пероне з таможнікамі, пагранічнікамі. Начальнік таможні — Мікалай Фёдаравіч Горын — абураецца:
Разумееце, сёння адзін пасажыр чамусьці паказаўся нам падазроным: якаясьці ў яго дзіўная паходка была. Запрасілі ў наш пакой, сказалі разуцца, а ў яго, шэльмы,— шэсць залатых пярсцёнкаў на пальцах ног! Тады памацалі гальштук — і там пярсцёнкі!..
Мы смяёмся. Але тут мяне адзывае насільшчык, падае некалькі замежных газет, паведамляе:
Гэты, у чорным балахоне, нібы ксёндз, які мяняў у банку грошы, пакінуў на прылаўку!
З цікавасцю разгортваю вялізныя старонкі. «Neu Jork Herold Tribune», выдадзеныя трэцяга, чацвёртага і нават пятага жніўня, гэта значыць — самыя апошнія нумары! Ну, ну, што там у ім цікавага? Дагэтуль чытаў толькі асобныя вытрымкі ў нашай прэсе...
Заходжу ў сваё агенцтва і разглядаю першы нумар.
Фатаграфія новага алжырскага ўрада і дзённік яго пасяджэння. Апісанне таго, як сёння амерыканскі фермер Дуайт Эйзенхаўэр прыехаў у Бон да Адэнаўэра ў госці. Далей артыкул пад сенсацыйпым загалоўкам:
«Я не хачу пусціць на свет гэтае дзіця! МІС ФІНК-БАЙН КУПЛЯЕ БІЛЕТ У ШВЕЦЫІО, КАБ ТАМ ЗРАБІЦЬ САБЕ АБОРТ!»
На Захадзе атрымала шырокае распаўсгоджанне лякарства-наркотык талідамід. I вось у жанчын, якія злоўжывалі ім, пачалі нараджацца дзеці-калекі — без рук і ног або з далонямі, якія вырасталі прама з тулава. У ЗША і Заходняй Германіі ўжо для іх паадкрывалі спецыяльныя школы, а прамысловасць наладзіла выпуск — пратэзаў.
Муж акцёркі тэлебачання ў Лос-Анджэлесе Шэры Фінкбайн таксама дастаў талідаміду для жонкі. Здарылася, што акцёрка стала цяжарнай. Не жадаючы нарадзіць няшчаснага калеку, яна вырашыла ад яго вызваліцца. Але ў Арызоне зрабіць гэта ёй забараняе закон. I вось яна накіроўваецца ў шведскую паліклініку, бо ў Швецыі аборты ўзаконены. Пад артыкулам фота: прыгожанькая акцерка цалуе двухгадовага сына перад вылетам у Скандынавію. Далей пайшлі рэкламы вермуту «Марціні», машын «Фіят»...
У другім нумары «Neu Jork Herold Tribune» Джозэф Олсап павучае сваіх капіталістаў, як захаваць раўнавагу амерыканскай эканомікі. Побач рэдакцыйны артыкул пад загалоўкам... «Цень над доларам». Ніжэй нейкі містэр Друманд выступае з матэрыялам «Маркс памыляўся», а далей зноў пра акцёрку тэлебачання з Лос-Анджэлеса, але на гэты раз ужо падборка водгукаў на тое, што вырашыла рабіць маці. Спачатку ідзе выступленне ватыканскага радыёкаментатара, які сурова асуджае акцёрку і абвінавачвае яе ў замаху на адну з запаведзей хрысціянства — не забі! Ніжэй — нясмелае абурэнне амерыканскай грамадскасці супроць недарэчных законаў, якія забараняюць маці зрабіць разумнае рашэнне.
6 жніўня
Прыслалі нам план руху турыстаў праз Гродна на гэты месяц. Кожны дзень у абодва бакі па пяць-шэсць груп ад 20 да 75 чалавек у кожнай. Больш за ўсё італьянцаў, затым ідуць немцы, галандцы, бельгійцы, аргенцінцы.
Сёння прыбыло 65 італьянцаў. Група зборная, ёсць сярод іх і камуністы, і нават — графы. Першы раз у жыцці спатыкаюся з такім зборам патомкаў некалі магутнага Рыма. Цікава з імі пагутарыць. Ведаю, што брава па-італьянску — здорава, баста — дастаткова, сіньёр — пан, бон-жорно — добры дзень, арэвідэрчы — да пабачэння, а карамба, Санта Марыя — нейкая лаянка, але з такім слоўным запасам не разгаворышся. Шукаю сярод іх такіх, што валодаюць нямецкай альбо англійскай, знаходжу.
Збіраем вакол сябе групу, і пачынаю хваліцца старажытнасцю Гродна — Каложская царква XII стагоддзя, Верхні Замак — XIII — XV... і раптам лаўлю чамусьці паблажлівыя ўсмешкі. У чым справа, што-небудзь не так гавару?.. Ах, унь што, італьянскія гарады маюць па дзве і тры тысячы год за плячыма, у параўнанні з імі наш — проста хлапчаня, схавайся ты з ім!..
Вымушаны перавесці размову на ішнае.
Гавару ўжо аб ахвярах вайны. Агульная тэма адразу нас збліжае. Вяду гутарку, а сам усё думаю: цікава, каторы з іх граф? Адкрыта спытаць няёмка. Падыходзіць наш чалавек з Маскоўскага «Інтурыста», які іх суправаджае.