Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 132 133 134 135 136 137 138 139 140 ... 192
Перейти на страницу:

– Ды я… яно… думаў… каб гэта Змей… Хай бы ён.

Сінія хітрыя вочы бацькі смяяліся. Ён удаў Змітра:

– Хай бо ж бо ён… гэна…

Вакол зарагаталі.

– О то ж бо яны табе й е, – паважна скончыў бацька.

Ад яго так і патыхала здароўем, сілай і радасцю. Раўнюткія зубы смяяліся. Рухі зрабіліся дакладныя і спрытныя, як раней.

Падвялі белага жарабца. Пан Юры лёгка ўскінуўся ў высокае сядло. Пашукаў нагою пятлю і ўставіў у яе дзяржальна рацішча. Цяпер, са стрэльбаю за плячыма, з рацішчам, падобным на старадаўнюю дзіду, загоршчынскі пан вельмі нагадваў сярэдневяковага воіна. Падабраны, спрытны, лёгкі ў сядле – залюбавацца можна было.

– А хто гэта там тэльбухамі трасе? Вядома хто, Раткевіч. Сваячок малодшанькага роду, каб ужо гізунты з цябе, каб…

Падскакаў да санак, у якіх сямёра з малодшых сядзелі спінамі адзін да аднаго.

– Што вы, на суд едзеце?

І паляцеў да брамы, вытаргнуў на скаку з рога марозную серабрыстую трэль.

…Паўз яго праязджалі коннікі, і конь гарачыўся пад ім. І халоднае паветра было такое салодкае, што ледзь не да разрыву шырыла магутныя грудзі бацькі.

Убачыўшы Алеся на ганку, пан Юры ўсміхнуўся:

– Заставайся шчасліва! Наступны – твой!

Пошчак капытоў. Ясныя гукі рога. Снежны пыл.

Галявіна ляжала на спадзістым схіле, уся ўкрытая веснім ужо, але ўсё яшчэ глыбокія, па грудзі, снегам. Вакол стаялі заснежаныя дрэвы пушчы, марылі, узносячы галовы ў няяркае неба. У начы яшчэ падваліў снег, засыпаў усе сляды і мурашнікі, але сокі[116] казалі, што мядзведзь не пакідаў пратаптанага іхнімі лыжамі кола. Кола было нешта сажняў трыста ў радыусе.

Звер, зваліўшы чарговага каня, спаў ужо другія суткі.

Проста перад сабою ў далёкім канцы галявіны пан Юры бачыў выварацень вялізнай яліны.

Яліну зваліла даўно: пад ёю паспеў вырасці кусцік крушыны. І якраз пад гэтым кусцікам быў лаз у мярло і, збоку, невялікая адтуліна для дыхання: на вяршыньцы кусціка махрова цвіла намаразь.

Паляна не была роўная і чыстая. Раслі на ёй тры ці чатыры сяменнікі, а пад імі былі ці то гурбы, ці заснежаныя мурашнікі. Здзіўляцца, што мярло на такім амаль чыстым месцы, не даводзілася: глушыня і нетры тут былі страшэнныя – вока выкалеш, дый балаты летам не давалі змогі прайсці.

Загонныя з бубнамі і ляскоткамі, абмінаючы лесам паляну, даўно прайшлі ў пушчу, па той бок ад берлагу. Сок на верхавіне магутнага дуба павінен быў свістам даць ім сігнал, калі звер пабяжыць на іх. Аб гэтым можна было меркаваць напэўна: логвішча было ў парасці ля самага таго краю паляны. Але стаць там было нельга: не было належнай адлегласці ад нетраў да мярла. Паляўнічыя не паспелі б стрэліць, маглі ў гушчары параніць адзін аднаго.

Трэба было пакінуць між мядзведзем і стралкамі прыблізна тую адлегласць, на якой знаходзіўся цяпер ад берлагу пан Юры: сажняў трыццаць.

План быў такі: звер пабяжыць на загоншчыкаў, і тады, па сігналу сока на дубе, ланцуг загонных падыме згэлк і грукат, будзе біць у бубны, крычаць, ляскаць ляскоткамі і страляць у паветра. І тады зверу нічога не астанецца, як бегчы проста на пасты.

Паляўнічыя кінулі жэрабя і разышліся па нумарах.

Пан Юры, як гаспадар палявання, мог выбраць тое месца, якое хацеў. І ён узяў гэтае. Трохі схітраваў.

Ён быў амаль упэўнены, што звер пабяжыць на яго, таму што якраз за ягоным нумарам да галявіны падыходзіў вялікі яр, так густа зарослы дрэвамі і хмызамі, што і зараз цяжка было нешта ўгледзець у ім. Звер ратавацца пабяжыць, вядома, толькі сюды.

Справа, сажнях у дваццаці, стаяў на пятым нумары Януш Біскуповіч, злева, на такой жа адлегласці, сёмы нумар займаў Юллян Раткевіч. Праз рэдкія хмызы відаць было яго даўжэзную, як калядная свяча, постаць.

Юллян нібы “рос у зямлю”: прытоптваў снег вакол сябе і заглыбляўся ў яго. Урэшце на паверхні асталіся толькі тулава ды галава. Юллян зірнуў на Загорскага, і той падумаў, што Раткевіч нервуецца.

Пану Юрыю чамусьці стала шкада Юлляна. Усё да сэрца бярэ, дзівак.

Сок “пугакнуў” з дуба: відаць, падалі сігнал, што першы і дзесяты, крайнія нумары, убачылі краі загоннага ланцуга, і той вось-вось самкнецца, і тады ў коле астанецца амаль уся лыжня.

Карп, сівавусы і пахмуры, ішоў да пана Юрыя на шырокіх лыжах: правяраў усіх. Слізгаў лёгка, калматы, як лясны дух.

– Троль, – ціха сказаў пан Юры і засмяяўся дню, Карпу, заснежаным дрэвам і лёгкасці ў сабе.

– Пане, – сіплым і адначасова звонкім голасам сказаў Карп, – я стану між вамі і Юллянам. І туды і сюды здолею падскочыць.

Ён ведаў, што пан Юры не любіць памагатых, і маскаваў магчымую дапамогу. А што яна спатрэбіцца, ведаў па месцы, на якім стаялі шосты і сёмы нумары.

– Як хочаш. Толькі трымайся бліжэй да Юлляна.

Карп адышоў трохі бліжэй да Раткевіча і прысеў на кукішкі.

Пан Юры паспеў падумаць: “Квактуха”, – і зноў ціха засмяяўся. Снягі, родная пушча, цені людзей, махровы квецень намаразі на крушыне, свежы халадок.

Кроў ад усяго гэтага была, як шампанскае. Здавалася, што ў ёй віруюць, кіпяць і з ціхім звонам знікаюць серабрыстыя, маленькія бурбалкі радасці.

…Пачалося. Два аўчары на лыжах сталі паводдаль ад вываратня. Прашчы ў руках, каменні ў сумках. Круцяць… Раз… Два… Дакладна, чэрці… Ну вядома, з дваццацёх сажняў могуць трапіць у скронь. Б’юць па вываратню, каб каменні падалі ў мярло.

Махрова цвіце намаразь на галінках крушыны.

Так і ёсць. Выскачыў. Не дужа вялікі. Хоць адсюль дрэнна відаць. Пакідаючы ў снезе разору, імчыць на людзей. Чорта з два дагоніш на лыжах. Так сыпанулі ад яго – відаць, толькі вецер свішча.

Мядзведзь пабег у пушчу, на загоншчыкаў. І амаль адразу пасля свісту сока між дрэў узняўся вэрхал і згэлк. Цакаталі ляскоткі, дробна і гулка выбухалі бубны. Пачулася некалькі стрэлаў. Ішлі хвіліны, і людзям на нумарах здавалася ўжо, што звер прарваўся. Але гамарня набліжалася – значыць, гналі.

Мядзведзь выскачыў з пушчы лявей, чым знік, таптануў разы тры на месцы снег…

Гэх, каб сюды. Стрэліць. Звер, убачыўшы, абавязкова стане на заднія лапы і пойдзе так. І тады лязо рацішча пад левую верхнюю, дзе жаўцейшая поўсць.

…Мядзведзь, урэшце, кінуўся, але значна лявей, на сёмы нумар, на Юлляна Раткевіча.

Чорт… Чорт… От шанцуе!

Трухаючы задам і перавальваючыся, звер бег усё хутчэй проста на Юлляна. Вось ён пакінуў убаку даязджачага, і Карп, выпрастаўшыся, кінуўся на лыжах у бок сёмага нумара, на дапамогу… Ах, чорт-чорт!

Пан Юры адставіў стрэльбу. І тут не пашанцавала.

Такі звер! Бадзяга. Праўда, меншы, чым можна было меркаваць па расказах, але ў страха вялікія вочы. Калі так лёгка валіў коней – значыць, спрытнюга.

Буры, ён здаваўся на снезе амаль чорным. І таму, што ён бег на суседа, расчараванне ахапіла пана Юрыя. Сапраўды, той, відаць, меў рацыю, калі казаў:

– Вось бы двухногага Мішку гэтак.

Злева прагучаў стрэл. Другі. Звер устаў на заднія лапы, зрабіў некалькі крокаў і зноў, відаць, без змогі ўжо, зваліўся на ўсе чатыры. Чорт, як жа яны яго? Ага, яшчэ стрэл. Відаць, Карп.

Гэты стрэл нібы зноў ускінуў мядзведзя старчма. Дзве фігуркі кінуліся ледзь не пад яго. Тонкая рысачка рацішча стала наўскос і нібы злучыла чорную тушу з зямлёй. Цяпер стрэлы з восьмага і з дзевятага нумароў. Страляюць з радасці, угору. Сыплецца снег з галін.

На ўсіх нумарах людзі ўзнялі крык: з радасці. Крычаў нават сок на вяршыні дуба. Ну, вось і канец. Крычаць, чэрці, як рэзаныя. Чаго і х разабрала?

Нешта мільганула ў баку ад яго. Пан Юры зурнуў у той бок. За нейкіх дзесяць сажняў ад яго…

І толькі тады ён зразумеў, што людзі крычалі яму. Забіты быў не той. Два берлагі былі на адной галявіне. Адзін пад вываратнем, і ў ім, відаць, спала мядзведзіца, і нездарма так доўга не маглі абудзіць яе аўчары. А другі быў тут, побач, яны заўважылі б яго, каб не начны снег. І ў ім, менавіта ў ім, ляжаў, пакутуючы ад бяссонніцы і голаду, той, каго шукалі яны.

Мядзведзь вылез з-пад высокай, сажня на паўтара, занесенай снегам гурбы, якую ўсе яны, і пан Юры ў тым ліку, палічылі за мурашнік. І гэта быў, безумоўна, той: тут памыліцца не мог ніхто. Вялізны, ледзь не з дробнага кіргізскага коніка, буры і лямцаваты, з трохкутнай, цяжкай, як валун, галавою, ён бясшумна з’явіўся з мярла і глядзеў на пана Юрыя.

вернуться

116

Сок – чалавек, які сочыць, каб звер не ўцёк. 

1 ... 132 133 134 135 136 137 138 139 140 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)