Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 131 132 133 134 135 136 137 138 139 ... 192
Перейти на страницу:

…Настрой гэты пачаў мінацца ў пана Юрыя з першымі адзнакамі “вясны вады”, з прадчуваннем клічу паплавоў і балот, з першым жывым ўяўленнем таго, як хутка ўжо стане “капаць” і “скрогаць” у пушчы глушэц.

Нібы кожная сіняя кропля з ледзюка падбаўляла сіні ў бацькавы вочы. Затое цяпер, прадчуваючы страляніну, пачала загадзя пакутаваць маці.

Паўтаралася звыклая гісторыя кожнай вясны.

Бацька ўжо крадком рыхтаваўся. Лілі шрот, выбівалі прабойнікамі з лямцу клакі, выпрабоўвалі порах. Як ціскі для катавання, ляскаў у руках Карпа барклай.

– Што, брат, зробіш? Страсць! Прашліхтуе нам з табою маці вантробы.

Як чорт, блішчаў сінімі вачыма:

Уцымбаліў дождж па вяршыначках, Па ядлоўнічку, па бярэзнічку… Шэрым конікам сухенька стаяць, Нам, стралкам-малайцам, мокранька сядзець. Шэры конікі пад світкамі ўграваюцца, Мы ўкрываемся, стралочкі, босаю спіной…

Спяваў патаемна і так, што аж страшнавата рабілася.

І раптам пляваў:

– Чорт ведае што… Разбойніцкая!… Во паслухалі б людзі. Ды яшчэ каб раптам кісцень на руку: ведаеш, такі шар з шыпамі ды рамень вакол запясця. Ды ў людскую, ды ў тры пальцы – свісь! “А-дзі, каму шкура дарагая!” Або лепей да Фельдбаўха.

Пан Юры ўдаў разгублены нямецкі твар пана Людвіка. Потым на гэтым твары з’явілася недаверлівая ўсмешка:

– Ша-лун-ка! Das ist mir nicht Wurst! Да пані-мутэрхен Антаніда я зараз прабяжалься! Разам гэтых разбойнік ганяць! Nuch?!

Алесь быў здаволены, што да пана Юрыя вярнуўся ранейшы настрой. Бог з ім, няхай нават паляванне – грэшны і сорамны занятак, няхай панервуецца пару дзён маці – усё адно добра, што яно ёсць, паляванне, бо праз яго стомленыя людзі пачынаюць любіць жыццё.

…Бацька з маці пасварыліся ў гэты год нязвыкла рана, задоўга да пачатку вясенняга палявання, і Алесь амаль узрадаваўся гэтаму: хутчэй пройдзе матчына туга, і ён, Алесь, на качак паедзе разам з бацькам, а дома будзе ўжо цішыня і мір. Не мог ён бачыць дакору ў вачах маці. І не мог, як і пан Юры, адмовіцца ад стрэльбы, вогнішча і ветру.

У сярэдзіне сакавіка здарылася непрыемная гісторыя ў Татарскай Грэблі.

Вёска ляжала ў той самай пушчы, куды дзеці калісьці хадзілі глядзець выйсце крыніц, на паўночны ўсход ад Паківачовага млына і таму трохі бліжэй да Вежы. Гэта была самая глухая з вёсак пана Юрыя: на поўнач, поўночны захад і захад ад яе пушча цягнулася на некалькі дзён дарогі.

Пушча спала яшчэ. Не было нават праталін. Вялікія гарады мурашынага народу драмалі пад снегам. Толькі крумкач, каб не плаціць мурашкам за прайграны калісьці заклад уласнымі дзецьмі[115], спяшаўся паставіць крумкачанят на крыло, пакуль гарады ворага былі проста мёртвай ігліцай.

У гэтыя дні з’явіўся ў Татарскую Грэблю нежаданы госць: вялізны і схуднелы самец-мядзведзь.

Без пары ўстаўшы з мярла, зусім яшчэ нават не вылінялы, галодны, за адну ноч разваляў вуллі ў імшаніку мужыка Шпіркі Брыжуна і тыдзень не з’яўляўся, а потым, уначы, залез у стайню Нічыпара Шчэрбы, паваліў там кабылу з жарабяткам, адзіным набыткам сям’і, і напіўся цёплай конскай крыві.

Яго гнаў голад. Наступнай ночу ён з’явіўся на загуменнях вёскі, раскідаў аўчарню і задзёр яшчэ аднаго каня, а раніцай адабраў кошык з яйкамі ў Веркі Падапры-Комін. Баба несла кошык у Сухадол, на рынак.

Адзіны паляўнічы вёскі Шчупак Лабудовіч (у Грэблі акрамя хрышчоных імён былі і свае) зрабіў быў засаду, але мядзведзь нечакана зайшоў амаль яму ў спіну і раўнуў так, што Шчупак кінуў фузію і бег аж да вёскі. Мядзведзь разбіў стрэльбу ў трэскі і той жа ноччу зрабіў спробу ўдзерціся ў хлеў Шчупака, па ягонага каня. Нібы помсціў.

Тэрарызаваная вёска забіралася з захадам сонца ў хаты і сядзела так да раніцы. Мядзведзь ніколі не чапае людзей – да першай крыві, усё адно – мядзведжай або чалавечай. Мядзведзь не чапае і вялікай жывёлы. Гэтага прымусіла да разбою мёртвая пушча. І ў разбоі ён быў неўтаймаваны і разумны. Міжвольна ўспаміналіся словы падання, якое казала, што мядзведзі – гэта людзі, толькі што аброслыя. Ды больш разумныя, бо ўцяклі ў лес, каб іх не прымусілі працаваць.

Мужыкі скардзіліся. Пан Юры пачаў рыхтавацца. Матуля пакутліва моршчыла бровы.

– Ну нашто?

– Коней вaліць, любая. Людзей абяздольвае.

– Спалохайце ды праганіце. Снег, а ў яго, адзінага са звяроў, голыя пяткі.

– Нехта яму вінаваты, – пасмейваўся пан Юры. – Ты ведаеш, чаму мядзведзь устае? Ён улетку загуляецца з мядзведзіхамі даўжэй за астатніх ды не паспее тлушчу назапасіць… Мядзведзь – дон-жуан, як сказала адна дурная гарадская паненка.

– Юрась! – кідала маці апошні козыр.

– Ну што ты? Ну, пяткі голыя? То сам вінаваты… “Мядзведзі ў пушчы чарніцы збіралі, мядзведзі чарніцы на ток рассыпалі. Мядзведзі ўвесь дзень па чарніцах хадзілі, ляпёшкі з чарніцаў на пятках сушылі. Чатыры нагі аж пад сонца ўздымалі, усю зімку чарнічныя лапы смакталі… Сма-аш-ненька!…”

З Грэблі данеслі, што мядзведзь пасля кожнага разбою вяртаецца ў сваё мярло і робіць спробу заснуць зноў. Відаць, таму, што прачнуўся так рана. І засынае часам. На дзень ці на два.

…У дзень палявання Алесь вырашыў быў не ўставаць, каб лішне не псаваць настрою чужымі зборамі, але ў чатыры гадзіны, у цемры, пан Юры заспяваў, ідучы ў збройную, і толькі ля дзвярэй сына змоўк: успомніў, што той не едзе і гэты радасны спеў можа на цэлы дзень засмуціць сына.

Алесь са злосцю захутаўся ў коўдру, збіраючыся заснуць, але не мог. Усё адно трэба было ўставаць і ісці на цукроўню. Дый не мог ён прапусціць збораў: відовішча, магчыма, яшчэ больш хвалюючае, чым само паляванне.

…На двары, у падмёрзлым снезе, пераступалі капытамі коні. Рыпелі палазы. Асветленыя ліхтарамі і паходнямі, сноўдалі сюды-туды людзі. Біскуповіч і Юллян Раткевіч распараджаліся. У плямах святла вымалёўваліся сухарлявыя сілуэты сабак.

Псяры трымалі іх на шворках. Сабак сёння чакала цяжкая работа: хапаць звера ззаду “за нагавіцы”, адцягваць яго ад паляўнічых.

Шляхта з малодшых радоў – сем чалавек – раз-пораз ставіла стрэльбы і рацішчы ля ганка і ішла ў пакой паляўнічых, куды яшчэ звечара паставілі сталы: закусваць. Вярталіся адтуль чырвоныя, тугія на раннім марозіку, як памідоры. Пахла ад іх віном, свежым марозам, скурай і конскім потам.

Пераступалі з нагі на нагу, рыпелі белымі высокімі вайлакамі, ходнямі і ботамі.

Ліхтары згасілі, і снег стаў ліловы, калі ўрэшце з’явіўся бацька. Сінявокі, смуглявы, белазубы. Убачыў Алеся і вінавата пшыкнуў румянымі вуснамі.

– Такі ўжо наш лёс, – смяяўся васільковымі вачыма пан Юры. – Салаўя не кормяць байкамі, а жанчын – мудрасцю.

Ён быў вельмі засмучаны за сына.

– Ну нічога, ну кінь. Слова табе даю, заўсёды цяпер будзеш са мною.

Бацька ляпнуў сына па плячы і, пружынячы, страсянуўся, як звер: не, нічога не брынчэла, усё было падагнана як след.

Пан Юры быў ва ўсім белым. Белыя кабці, белыя скураныя нагавіцы, белая футра, падбітая гарнастаем, белая, таксама гарнастаевая, шапка з заломленым вастраватым верхам.

– А бадай з вас дух, – сказаў ён раптам. – Так вось сам не прасачы… П’яўкі дацкія дзе?

– Унь зграя, – сказаў Карп.

– Яшчэ адну, – сказаў пан Юры.

Зняў шапку. Рассыпаліся бліскучыя белакурыя валасы.

– Горача.

– Выпіў, ці што? – спытаў Раткевіч.

– Што я, такі дурны, як твайго бацькі дзеці? Проста горача. Вось-вось вясна.

– Угледзеў, – сказаў Януш.

Хлапечая постаць пана Юрыя зноў скаланулася. І не трэба было, бо правяраў ужо, але ён проста не мог стаяць спакойна.

– Хлопцы, досыць жэрці! – сказаў пан Юры. – А то як бы потым Андрэева стаянія не было. Давайце збірацца.

Павялі на налыгачах сабак. Звонка загігатаў у свежым паветры конь.

– Хутчэй, хлопцы, не церпіцца. Ану, як да дзевак, як да іхняга казінага племя… Зміцёр! О, хітрая бестыя, Зміцёр! Но-но, Змей. Давай сапраўднага каня.

вернуться

115

Па легендзе, крумкач і мурашкі аб нечым паспрачаліся і заклаліся на дзяцей. Крумкач прайграў і цяпер выводзіць дзяцей у мароз, каб не плаціць пройгрышу. 

1 ... 131 132 133 134 135 136 137 138 139 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)