Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 130 131 132 133 134 135 136 137 138 ... 192
Перейти на страницу:

Ніхто не ведаў, што Вежа патаемна выпісваў усе тыя кнігі, якія чытаў унук у Пецярбургу. Маладых дражнілі фалангістамі – дзед чытаў Фур’е. Маладых дражнілі гегельянцамі – дзед чытаў Гегеля, хоць яго і нудзіла ад падступнай папоўшчыны. Шмат чаго ён па распанеласці не падбаў зразумець, але адно яму спадабалася. Немец адказвае на тое, што было натуральным перакананнем дзеда, нормай ягонай думкі ледзь не з таго часу, як Вежа сябе памятаў, а асабліва з дня смерці жонкі.

Прыродна здаровым, зямным сваім розумам пан Даніла быў цвёрда перакананы, што свет не стаіць на месцы, што ёсць у ім і стаячая вада і плынь. Першае гніе і робіцца балотам, другая – з крыніцы робіцца ручаінай, ракою, морам, аблокамі.

І ён ведаў, што свет ідзе наперад, пакутліва спасцігаючы нешта вялікае. Назіраючы за людзьмі, ён разумеў, што тое, да чаго яны ідуць, – лепшае.

Новае пакаленне аніяк не магло быць горшае за папярэдняе. Дзеці зберагалі вопыт бацькоў, аналізавалі іх памылкі, і трэба было быць самаўлюбёнай свіннёй, каб не заўважаць гэтага.

Два радкі паэта балюча ўдарылі па нервах Вежы поўным супадзеннем думак з ягонымі.

И наши внуки, в добрый час, Из жизни вытеснят и нас.

Трэба было не ганарыцца. Трэба было проста растлумачыць ім, што не мінуць гэтай апошняй чашы і яны, што такі закон жыцця – “дыялектыка”. І трэба было зразумець, што адзіны спосаб не стаць непатрэбным – змяняцца да смерці і да смерці разумець новае, а калі не разумееш, няздольны зразумець – ставіцца да яго з любоўнай верай.

І ўсё ж дзеду было сумна. Нелітасцівы і жорсткі быў – у вышэйшай сваёй справядлівасці – закон жыцця.

– Валіся дрэва на дрэва, – кінуў дзед вечную шкалярскую прыказку.

Кірдун сеў: спрачацца са старым панам не выпадала.

– Запісваю на тваё імя чатыры валокі зямлі з усім, што да таго належыць. Адмаўляцца – не смей. Не твая справа. Прадаваць яе – забараняю: зямля – незалежнасць, карэнні. Атрымаеш з жонкай вольную. З такімі думкамі – у прыгоне не ходзяць.

Халімон паспрабаваў паваліцца ў ногі.

– Вось яно. Думкі – думкамі, а з халопства не вырас. – Наліў чарку. – Паніча не кідаць… І як памру – не кідаць… Ён цябе шанаваць будзе.

– Нашто ж крыўдзіць, пане. Я ж ля яго амаль дзесяць год. Я яго во гэтанькага памятаю.

– Ну, кінь, кінь!

…Алесь нібы наноў знаёміўся з наваколлем, але асаблівых змен не адчуваў.

Гелена жыла ў новым доме, у Ведрычах, чакала, пакуль малыя Юрась і Тонька падрастуць, і лічыла за неабходнае ўдзельнічаць у кожнай п’есе, што ставіў тэатр у Вежы. Акруга хваліла яе і Вежу. Лічыла, што ён правільна зрабіў, аддаўшы ёй зямлю. Трэба было любой цаною ўтрымаць актрысу, якая рабілася гонарам Прыдняпроўя, калі ўжо яна была вольна. Чуткі аб ён пайшлі далёка. Зімой у Вежу прыйшоў ліст ад славутага Шчэпкіна: прасіў прыехаць на агледзіны, загадзя дамовіўшыся аб суме кантракту. Прыязджала таксама m-me Lagrange ад імя французскай трупы, што выступала ў Міхайлаўскім тэатры, тая самая Lagrange, што пазней здабыла лаўры аднолькава трагічнай і камічнай актрысы ў “Дурнях” і драме “Le fils de Giboyer”[114]. Слухала і глядзела “Антыгону” і, па-французску, ролю ў “Федры”. Маўчала, нібы нават прыгнечаная, не знайшла хібаў у мове, акрамя лёгкага паўднёвага акцэнту (дзіцячае вымаўленне роднай вёскі лягло тонкай афарбоўкай на чужую мову), і скончыла тым, што запрасіла з сабою. Калі Гелена адмовілася, сказала, што разумее яе становішча, але як толькі, гм… прычыны стануць больш-менш самастойныя, яна можа смела ехаць: выпадак небывалы, але яе чакацьмуць.

Наваколле ўхваляла: малайчына, Вежа, нацягнуў нос французам!

Дзецям споўнілася па году, і дзеці былі чароўныя: усё аблічча матчына, а вочы – ягоныя, Алесевы вочы.

Найлепшым доказам таго, што яны ўсе адно – ад яго і да апошняга мужыка, было тое, што на гэтай зямлі не існавала іншых калыханак, акрамя мужычых. Хоць адны гулялі ў серсо, другія – у цыркі, а калыханкі былі аднолькавыя, і ён не ведаў іншых, хоць у дачыненні да панскіх дзяцей тое, што спявалі над іхняй зыбуляй, было, можа, і смешнае.

Калыханкі былі адны. Тыя, што мармытаў зараз ён:

Люлi, люлi, люлi, Пойдзем да бабулі, Дасць бабулька млечка І ў руку яечка. А як будзе мала, Дасць кусочак сала.

Дзеці вырастуць, і тыя самыя песні прагучаць над калыскамі іхніх дзяцей.

У параўнанні з гэтым усё астатняе здавалася лухтой. А Гелена глядзела на Алеся з усмешкаю і гаварыла, што вось, вядома, з Раўбічамі ранейшая варожасць, але гэта нічога, прымірацца. Таму што Міхаліна пазбягае Іллю, і бацька Яраш нездаволены гэтым, і Хаданскія ледзь не кіпяць. А Франсу няма да гэтага аніякай справы, бо ён па-ранейшаму прыхавана кахае Ядвіньку Клейну, а тая ўсё нібы пераконвае сябе, што малодшы Раўбіч харошы, і трымаецца ад яго на адлегласці.

Гэта было не тое. І ён, помнячы яе “ніколі”, сказаў ёй пра гэта.

– Мы, здаецца, дамовіліся аб гэтым, Алесь? – ціха спытала яна. – І не трэба далей. Бо шчасце павінна быць і ў мяне, і ў вас.

…З Раўбічамі, сапраўды, было па-ранейшаму. Не віталіся нават у зборні. Калі на баль прыязджала адна сям’я, другой амаль ніколі не было. Пан Яраш рашуча забараніў дачцэ сустрэчы. Алесь бачыў Міхаліну вельмі рэдка, дый то з дапамогай Мсціслава.

Мсціслаў за год змяніўмя. Самастойнае жыццё наклала адбітак. Узмужнеў, вочы сталі суровыя і светлыя. Перавёў мужыкоў на аброк і падрыхтоўваў вызваленне. Патроху гаварыў з вернымі хлопцамі. А сам бавіў час амаль толькі за паляваннем. Гойсаў на кані з сабакам і стрэльбай па навакольных пушчах і паплавах, часта чамусьці заязджаючы ў Азярышча.

Нічога, здаецца, не змянілася ў загорскім наваколлі. Толькі змяніўся – і ў трывожны бок – пан Юры. Невядома, што здарылася, але хутчэй за ўсё – глыбокае нездавальненне жыццём і сабою. І яно так мяняла яго, што, каб гэта было са старым Вежам, людзі маглі б падумаць пра дрэннае.

Але бацьку споўнілася толькі сорак восем, і яшчэ два гады назад яму давалі дзесяткам менш. У ім заўсёды было шмат хлапечага. Бацька любіў жартаваць, быў здатны на самыя нечаканыя выбрыкі. Гэта ён, у маладыя гады, ледзь толькі зляцеў з магілёўскага губернатарства Міхаіл Мураўёў, прыехаў да яго наступніка, маладога Ягора Бажанава, у накладных вусах, барадзе і кучме валасоў – пад выглядам віцебскага архірэя і, не даўшы нікому падставы ўсумніцца ў сваёй прыналежнасці да царквы, спрачаўся па багаслоўскіх пытаннях. Потым яны з Бажанавым сталі сябрамі.

І гэта пан Юры зрабіў аднойчы так, што адзіны заяц, забіты на паляванні выдомым хвальком і хлусам Вірскім, трымаў у лапках запіску з надпісам: “За што?!”

У наваколлі Копыся вадзіліся надзвычай рэдкія чорныя зайцы. І гэта бацька ў змове з кушняром Вежы, славутым майстрам, запэўніў аднаго з Вітахмовічаў, Сымона, што бываюць і зайцы паласатыя, і ў доказ гэтага паказаў шкурку і сказаў, што за другі экземпляр не пашкадуе і тысячы рублёў. Сымон цэлы год днямі і начамі цягаўся па вапняковых пустках ля Рамінавічаў, спаў у халупах пастухоў або проста пад чыстым небам, піў казінае малако, і вядома ж, нічога не забіў. Затое вылечыўся ад сухотаў.

Цяпер на пана Юрыя балюча было глядзець.

У вачах часта з’яўлялася абыякавасць і пустата.

Ажываў ён толькі на паляванні. Але і там аднойчы, калі начавалі ля вогнішча, каб раніцай ісці “сцяжыць” ваўкоў, не вытрымаў. Слухаў-слухаў сына, а потым ціха сказаў:

– Скончана, брат, жыццё. Не так пражылі. Яшчэ год дваццаць сумоты, а там і да пані Пясэцкай у ложак.

– Бацька, ты што?

– Непатрэбна ўсё гэта нікому. Ні гэтыя рэформы, калі ўся гэтая механіка патрабуе молата, ні мая гэтая мітусяніна. Ніч-чога!

вернуться

114

“Сын Жыбуае”. 

1 ... 130 131 132 133 134 135 136 137 138 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)