Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Пытаньне: У вашай апошняй кнізе Вы паказваеце чытачам, наколькі цяжка простаму чалавеку было перажыць менавіта крушэньне Савецкага саюзу. Ёсьць нейкія моманты, якія недаапісаныя і недаацэненыя з гэтага досьведу, якія, Вам здаецца, трэба падкрэсьліць яшчэ? Нейкія цяжкасьці пераходнага этапу?
Алексіевіч: Я думаю, вядома, мы гэта час яшчэ не адрэфлексавалі і нават не зразумелі. Я напісала кнігу, але я думаю яшчэ сто Салжаніцынаў можа працаваць на гэтым участку, таму што гэта ж 70 з чымсьці гадоў, мільёны загінулых людзей, ідэя, якая пачыналася з жаданьня пабудаваць «горад сонца», а скончылася такой крывёю. Пра гэта трэба яшчэ шмат думаць. Я ня думаю, што мне ўдалося расказаць усё. Але тое, што я зразумела, што я змагла распавесьці, я зрабіла даўно ў гэтых пяці кнігах, у гэтым цыклі пра «чырвонага чалавека». Вось можа хто-небудзь з вас павінен прыйсьці і зрабіць.
Пытаньне: Над чым Вы працуеце цяпер?
Алексіевіч: Цяпер у мяне ў працы дзьве кнігі. Такія мэтафізычныя тэмы. Жыцьцё ў нас, вядома, заўжды не атрымліваецца. Пачнем нешта будаваць, а канчаецца, усё тым самым — як у анэкдоце, «аўтаматам Калашнікава». Цяпер іншыя людзі ўсё ж, якія хочуць быць шчасьлівымі. Хочуць кахаць. Ведаюць радасьць жыцьця. Шмат хто бачыў сьвет. Я пішу адну кнігу пра каханьне — у ёй пра каханьне распавядаюць і мужчыны, і жанчыны. І другая — пра старасьць, пра зьнікненьне, пра канец жыцьця. Навошта ўсё гэта, і што гэта такое. Вось да гэтай другой кнігі культура, асабліва расейская, больш падрыхтаваная. А вось да кнігі пра шчасьце…Усе хочуць быць шчасьлівымі, але ніхто ня ведае, што гэта такое.
Пытаньне: У гэтыя выходныя ў нас прэзыдэнцкія выбары, ці пойдзеце Вы і за каго будзеце галасаваць?
Алексіевіч: Я не пайду на выбары. Але калі б я пайшла, галасавала б за Караткевіч. З жаночай салідарнасьці. З-за таго, што я бачу нармальны твар, чую нармальную лексыку, якой я абсалютна ня чую ад мужчын-палітыкаў. Нармальныя касьцюмы, нармальныя рэакцыі. Тое, чаго ў мужчынаў-палітыкаў няма. Дый проста з-за таго, што нейкія спадзевы. А тое, што «Караткевіч — падсадная качка», як піша Пазьняк… Я ня веру ў гэта. Я ня ведаю, хто за ёй стаіць, якія грошы… Але я ведаю, што гэта быў бы новы паварот у нашым жыцьці. А не пайду на выбары таму, бо мы ж з вамі ведаем, хто пераможа. Мы ведаем, што пераможа Лукашэнка. Напэўна, у яго будзе 76%. Я так думаю. Ён паглядзіць на настроі грамадзтва і прыкіне, колькі можна.
Пытаньне: Вы сказалі, Адамовіч, Быкаў — а роля беларускай інтэлігенцыі, андэрграўнду, наколькі яна фармуючая, важная, наколькі важна мець гэтыя маральныя аўтарытэты?
Алексіевіч: Нашы «магікане» памерлі несвоечасова. Як нам цяпер не хапае Адамовіча, Быкава, іх слова, іх разуменьня, іх узроўню. Я думаю, шмат чаго не дазволілі б сабе тыя, хто дазваляе, калі іх няма. Мы ня можам сабе дазволіць такую свабоду — сядзець дзесьці, як некаторыя мае нямецкія сябры-пісьменьнікі — зьяжджаюць у вёску і пішуць. Мы жывем у такі недасканалы час, у такім недасканалым грамадзтве. Я не барыкадны чалавек, але ўвесь час цягне на барыкады. Таму што сорамна, сорамна за тое, што адбываецца.
Пытаньне: Ці лічыце Вы, што Ваш голас у будучыні будзе больш важкім у беларускім грамадзтве?
Алексіевіч: Ну я ня ведаю, бачыце ж, у нас такая ўлада… Ну, спадзяюся, ёй патлумачаць, што такое Нобэль, і можа быць будзе нейкая рэакцыя, можа асьцярожная. Агульны ўзровень палітычнай эліты ў нас савецкага складу. Нават яшчэ горш. У савецкай былі планкі, якія не парушаліся. Там былі людзі, доўга трэба было паўзьці па гэтай лесьвіцы, каб дапаўзьці. А сёньня ты з «гразі ў князі» — і кіруеш. Хто толькі ня быў міністрам культуры — і будаўнік, і хабзаец нейкі, хто толькі ня быў. Я думаю, трэба рабіць сваю справу і казаць тое, што ты думаеш.
Пытаньне: Як Вы ацэньваеце той факт, што Вы першая ў Беларусі ў літаратуры?
Алексіевіч: Мне складана сказаць. Што датычыцца навуковых распрацовак, фізыкі, хіміі, гэта патрабуе вялікага і тэхналягічнага ўзроўню ў краіне, вялікага навуковага патэнцыялу. Па-мойму, усё гэта ў нас разбурана. І я думаю, у нас шмат таленавітых людзей, але яны вымушаны ці іміграваць, як у Расеі, ці непаўнавартасна пражыць сваё жыцьцё.
Пытаньне: Што Вы думаеце пра сытуацыю ва Ўкраіне і пра расейскую авіябазу ў Беларусі?
Алексіевіч: Думаю, што расейская авіабаза нам не патрэбная. Але баюся, што яна будзе ў нас. Ня бачу я ў Лукашэнкі сілаў і рэсурсаў гэтаму супрацьстаяць. І ня бачу гэтых сіл супраціву ў грамадзтве. Грамадзтва прыме ўсё, што прапануе ўлада, на жаль. Што да Ўкраіны, то я ўсё ж думаю, што гэта, вядома ж, акупацыя, замежнае ўварваньне. Хаця там ёсьць шмат людзей, якія незадаволеныя тым, як было ва Ўкраіне і хацелі нейкіх перамен, але яны б ніколі не ваявалі. Яны б знайшлі іншы шлях пераменаў. Прывязіце да нас дзясяткі два грузавікоў, і заўжды знойдуцца людзі, якіх можна ўзброіць. Я чула ад аднаго чалавека, здавалася б, вельмі сымпатычнага, сталы падпалкоўнік, расеец. Але ён быў такі ўзрушаны, калі акупавалі Крым, і сказаў: «Ды мы таксама можам «тряхнуть стариной» і пісталет ёсьць, і тужурка ёсьць.