Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Аднак Бог яму судзьдзя, кожны іграе на скрыпцы жыцьця, як умее. Ці варта ў яго страляць?
Праўда, пасьля таго ці ня чвэрць стагодзьдзя Багамолаў не надрукаваў нічога. Кажуць, усё піша.
Што ж, у час добры!
91. Куба
Таварыства дружбы з замежнымі краінамі зьбірала турыстычную групу на Кубу. Першым туды быў запісаны Мікола Матукоўскі, які, вядома ж, з такой нагоды ўспомніў пра сваіх сяброў і патэлефанаваў мне. Сказаў, што едзе Генадзь, Ніл, яшчэ нехта зь пісьменьнікаў. Я пагадзіўся. Хаця далёкі шлях за акіян трохі і палохаў, але чаго ня зробіш за кампанію? Праўда, у апошні момант Генадзь зь Нілам адмовіліся, а мне адмовіцца было нязручна — не хацелася падводзіць Матукоўскага. Група падабралася немалая — чалавек 20 менчукоў, амаль пароўну мужчынаў і жанчынаў, што да мяне, дык амаль усе незнаёмыя. Пералёт сапраўды быў даўгі і цяжкі. Самалёты аэрафлоту, як заўжды, загружаліся поўнасьцю, каб не пуставала ніводнага месца. Сканструяваны ж яны былі такім чынам, што кожны пярэдні сядзеў амаль на каленях задняга. Пры далёкіх пералётах тое рабілася невыносным.
Ляцелі з пасадкай у Рабаце (Марока), дзе была запраўка. З самалёту вывелі ўсіх у цесны закуток аэрапорту, дзе нельга было ні сесьці, ні прайсьціся, доўга чакалі ў задусе, калі дадуць па бутэльчыне кока-колы. Узброеныя аўтаматамі людзі ў высокіх цюрбанах клапаціліся пра нашу бясьпеку — казалі, ад мараканскай апазыцыі. Насамрэч выглядала — ад кантактаў з тамашнімі бэдуінамі, каб яны не набраліся ад нас камунізму.
Гавана спаткала нязвыклай гарачынёй і строгім мытным даглядам. Асабліва шукалі, каб не было чаго зь ежы, напрыклад, каўбас. Але каўбас няшмат было ў нас і на радзіме, так што пільнасьць рэвалюцыйных мытнікаў не прынесла ім жаданага ўлову. З аэрапорту нас з Матукоўскім узяў да сябе ягоны менскі знаёмец генэрал, што служыў міліцэйскім дарадцам у Гаване. Ён займаў нейкую пакінутую буржуазным уладальнікам вілу — шыкоўную, вялікую і занядбаную. За шклянкай віна генэрал распавёў пра сваё жыцьцё, радаснага ў якім, аднак, было няшмат. У пачастунак яму мы прывезьлі пару боханаў чорнага хлебу, пра які ў самалёце Матукоўскі казаў: будзе страшэнна рады. Здаецца, сапраўды быў рады…
Групу пасялілі у гатэлі, ці ня самым шыкоўным у Гаване, каля славутай наберажнай. Але, як і ўсюды, тут на кожным кроку адчувалася безгаспадарчасьць, закінутасьць і занядбанасьць часовых гаспадароў, што дарваліся да незаконнага гаспадараньня. Яшчэ ў Маскве нам абмянялі на тутэйшыя песа даволі вялікую па тым часе суму (400 рублёў), выдалі тархеты — карткі, зь якімі толькі і можна было што-небудзь купіць. Але купіць не было чаго. Бытавыя тавары прадаваліся толькі па ўнутраных картках, абмежаваных 600 песамі. Прыватны гандаль адсутнічаў.
Пачаліся арганізаваныя паездкі па Гаване, наведваньні гістарычных месцаў, зьвязаных з гераічнымі ўчынкамі камандантэ Фідэля і ягоных слаўных паплечнікаў Чэ Гевара і Рауля Кастра. У музэі паказалі засьпіртаваныя пальцы Чэ, які, як вядома, гераічна загінуў у Калюмбіі, дзе рабіў рэвалюцыю. Але камандантэ адпомсьціць за пагібель свайго вялікага паплечніка, запэўнілі нас. Зьезьдзілі ў Затоку Сьвіней, дзе адважны камандантэ стрэліў у інтэрвентаў з савецкай самаходкі, якая там і засталася на вечным прыколе. Затым паглядзелі нейкае балота, што кішэла кракадзіламі, але ня дужа напалохала нашых жанчынаў, якія, сказалі, на радзіме бачылі нямала іншых кракадзілаў — двухногіх. На камфартабэльных іспанскіх аўтобусах зь мяккімі крэсламі і кандышанамі выправіліся на другі канец востраву, у братні з Беларусьсю Камагуэй. Прырода і нават дарога, збудаваная за часы дыктатуры ненавіснага Батысты, былі цудоўныя. Наўкола раскашавалі пальмы, пад якімі пасьвіліся статкі буйвалаў зь белымі птушкамі на хрыбцінах. Воддаль месьціліся пальмавыя халупы абарыгенаў, мулатаў і чорных, якія трымаліся далей ад турыстаў — такі быў загад мясцовых уладаў. Невялічкія гарадкі, што трапляліся па нашым шляху, мелі выразны гішпанскі выгляд — архітэктурай, цеснымі вулічкамі, мноствам касьцёлаў. Як аўтобус спыняўся, нас адразу абляпляла дзятва — рус, дай! Давалі усё, што ў каго трапляла — ад значкоў да самапісак. Усё бралі зь вялікай ахвотай. Матукоўскі з тае нагоды яшчэ з дому запасься алоўкамі, якія і раздаваў у дзясяткі прагна працягнутых рук. Але нашага запасу яўна не хапала для ўсіх, хто хацеў што ўзяць. Ля крамаў цярпліва застыглі звыклыя для нас чэргі жанчынаў — чакалі часу прадажы папшою. У другім месцы душыліся за яркабрунатнымі тазікамі з плястыку. Усё тое выдавалася па картках, таксама як і два мэтры чорнай і два мэтры белай тканіны на год. Для вызначэньня стану жыцьця беднасьць тут было недакладнае слов, болей дакладным, мабыць, было — галеча. З тым і жылі ў чаканьні канчатковае перамогі сацыялізму.