Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Пасьля ўжо дазналіся, што ўся прадукцыя сельскай гаспадаркі належала дзяржаве і разьмяркоўвалася цэнтралізавана, строга паводле нормаў. У прыватнай уласнасьці не заставалася нічога. Выгадаваную ў гаспадарках жывёлу, курэй і яйкі ад іх трэба было сьпярша здаць дзяржаве, а пасьля атрымаць ад яе тое, што належала паводле законаў. Утаіць што і зьесьці было немагчыма, за тым сачылі так званыя камітэты абароны рэвалюцыі, сфармаваныя ўладай зь бяднейшых і заслужаных рэвалюцыянэраў. Для таго, каб атаварыць карткі, патрэбна 600 песаў, астатнія можна было выкінуць на сьметнік. На прадпрыемствах, як і ў Савецкім Саюзе, папулярнае было сацыялістычнае спаборніцтва, якое і на Кубе ўсё шырылася і шырылася. I за перавыкананьне плянаў плацілі. Тую плату можна было назіраць на вуліцах, калі разам з сухім лісьцем ад пальмаў вецер гнаў запрацаваныя звыш пляну песа.
У Гаване ў нас была нядоўгая гутарка з адным кубінскім пісьменьнікам, які пісаў і выдаваў раманы на рэвалюцыйныя тэмы. Працаваў пісьменьнік на нейкай гаспадарчай пасадзе, пісаў выключна ў вольны час, ганарараў за свае творы не атрымліваў. Мы папыталіся, які ў дадзеным выпадку сэнс іх пісаць? Стуліўшы галаву, той сумна адказаў: то мой рэвалюцыйны абавязак.
Узорна-паказальная школа, куды нас аднойчы павезьлі, усіх надзвычай уразіла. Мы прыехалі ў дзённы час, калі, як думалі, дзеці будуць вучыцца. У вялікіх мадэрновых будынках сярод шырокіх плянтацыяў цытрусавых было, аднак, ціха і бязьлюдна. Двух’ярусныя, беззаганна засланыя ложкі, пад лінеечку састаўленыя цацкі і падручнікі дужа напомнілі мне незабыўны салдацкі парадак колішняй казармы. Нават днявальны стаяў ля тумбачкі каля дзьвярэй. Toe ўражаньне яшчэ болей пацьвердзілася, калі ў двор з плянтацыяў прымаршыраваў першы атрад на чале з настаўнікам. Ніякага шуму, дзіцячай мітусьні, нават выкрыкаў і гучных размоў. Гучалі толькі каманды. Пасьля абеду ў сталовай адзін увішны дванаццацігадовы хлапчук прадэманстраваў нам зайздроснае ўмельства разабраць і сабраць аўтамат Калашнікава, другі тое зрабіў нават з завязанымі вачыма. Сапраўды дужа ліха. Але навошта?
Вось пра навошта неўзабаве адбыўся дыспут у нашай групе, дзе было некалькі настаўнікаў. Адны казалі, што тое — правільна, няма чаго распускаць моладзь, бо адсюль п’янства і ўсё іншае. Тут пануе мэтад Макаранкі, які ў нас, на жаль, занядбаны. Iншыя пярэчылі, што лепш быў бы мэтад Сухамлінскага — болей свабоды і павагі да асобы дзіцяці. Свабоды і так звыш меры, вунь яна да чаго давяла, не пагаджаліся зь імі, паглядзіце на нашых пісьменьнікаў. Хоць бы на таго ж Салжаніцына! Тады, мабыць, самы разумны з нас сказаў, што тое — не прадмет для дыскусіі на Кубе, тут свае парадкі, і ня нам у іх умешвацца. За размовай пільна сачылі нашыя гіды, што некалі вучыліся ў інстытуце імя Лумумбы і разумелі па-расейску.
Мікола Матукоўскі тады рабіў у «Известиях», і на Кубе ў яго быў калега, спэцкор тае газэты. Аднойчы ён прапанаваў нам зьезьдзіць да старэйшага брата Фідэля — Рамона, які недалёка ад Гаваны працаваў шэфам аграрнага комплексу.
Перад паездкай трохі паспрачаліся, браць ці ня браць бутэльку «Маскоўскай», якая ў нас засталася апошняй. Купіць тут гарэлкі ці якога алкаголю было немагчыма: хоць мы і мелі грошы, ды скончыліся тархеты. Мікола сказаў: «Што ж, у брата Фідэля ня знойдзецца для гасьцей чаркі?». Але ягоны калега мякка зазначыў: «Вазьміце». I мы ўзялі.
Яшчэ не даехаўшы да таго комплексу, убачылі сярод ананасавых плянтацый мноства людзей, занятых тым, што ў нас звыкла называецца барацьбой з пустазельлем. Мы папыталі, дзе офіс прадпрыемства і дзе можна ўбачыць ягонага шэфа спадара Кастра. Нам паказалі на дахі, што непадалёк вытыркаліся з-за пальмаў, а шэф — вунь ён, ачышчае канаву. I праўда, блізка на ўзбочыне дарогі ўвішна працаваў шырокім мачэтэ мажны чалавек са знаёмым барадатым абліччам, то і быў старэйшы брат камандантэ Рамон. Як мы загаварылі зь ім, сказаў, што цяпер во — працуе, скончыць працу гадзіны праз тры, тады і прыме нас у канторы. Мы пачалі чакаць.
Паблукаўшы па ня надта дагледжаным полі, аддыхаліся ад сьпёкі пад пальмамі, потым зайшлі ў кантору. Спадар Рамон аддаў пэўны загад, паслужлівыя крэолкі прынесьлі засланкі з курацінай, гаспадар запрасіў частавацца. Алкаголю не было ніякага, і Матукоўскі дастаў бутэльку, якую разьлілі ў тузін фужэраў. За сталом яшчэ апынуліся людзі. Рамон сказаў, што ў іхнім быце алкаголь не прыняты, і тут жа запар выпіў два фужэры. Пасьля стаў апавядаць, што ў рэвалюцыі ня ўдзельнічаў, зарабляў грошы для братоў, якія вучыліся ва ўнівэрсытэтах і цяпер кіруюць. Двух рэвалюцыянэраў для сям’і даволі, ён жа просты латыфундыст. Ад часу перамогі ў казарме Манкада ня меў ніводнага дня адпачынку. Ніякіх прывілеяў таксама ня мае, працуе нароўні з усімі, а спаганяюць зь яго болей за ўсіх, бо ён — брат камандантэ. Мы паспачувалі пагарджанаму брату, напомніўшы біблейскае: Бог няроўна дзеліць. Тым суцешылі яго ды і суцешыліся самі таксама.