Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Палкоўнік Шалгуноў падышоў да акна, спыніўся, абаперся адной рукой аб падваконнік. Ужо адтуль ціха гаварыў:
– Видите, вы обречены. И вы лично, и ваш мятеж. Видите, какие ненадёжные люди окружали вас. Всё выдали, предали и вас. И вы во многом признались.
– Я ні ў чым не прызнаваўся.
– Вы подтвердили свою фамилию и участие в бунте. И этого достаточно. Мне просто интересно, отчего вы так упорствуете.
Ужо сонца зазірнула ў акно, пранізала мутнае шкло, высвеціла на шэрай сцяне пакоя высвеціла квадраты і прамавугольнікі.
– Ну, что же, Викентий Константин Семенович Калиновский, – следчы абапёрся аб падваконне, - на этом мы прекращаем допрос. Жаль, что вы чистосердечным признанием не облегчили свою судьбу, очень жаль. А могли бы сохранить себе жизнь. И не только себе, а и другим. Но это уже на вашей совести.
Канстанцін схіліў галаву. Чакаў нейкіх апошніх слоў, чакаў і баяўся іх пачуць. Хаця нікуды не мог падзецца ад непазбежнасці.
– Заседание военно-полевого суда пройдет в ближайшее время.
Следчы паклікаў канваіраў.
– На прощание мне вы ничего не хотите сказать, заключенный Калиновский?
Дайшоўшы да дзвярэй, вязень азірнуўся:
– Хачу сказаць. Дзякуй, што не білі сёння.
– И всё?
– Усё.
Калі зайшоў у камеру і сеў на ложак, прымацаваны да сцяны, пачуў, як на падваконні завуркатаў голуб.
“Шле мне Марыська сваё пасланне? - падумаў горычна і радасна, не ўстаючы і не кладучыся. - Адкуль? З Сібіры, ці яна тут яшчэ, у Вільні? Мо і схлусіў следчы, а мо і праўду казаў”.
Ён узяў са стала люстэрка, падышоў да акна. Расчыніў фортку, уставіў туды руку з люстэркам, павярнуў яго, так, каб бачыць будынак былога манастыра - кляштара. Пільна прыгледзеўся. Па вуліцы, перад кляштаром, хадзілі людзі. А вокны манастыра былі ўсе зарашотчатыя і аднолькавыя.
“За якім акном знаходзішся ты, мая чарнабрыўка? “ Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю, но прымі цяжкую кару, Прадвечнага волю, а калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся, то я з таго свету Табе адзавуся...”
Голуб стаіўся ў кутку падваконня, маўчаў.
Баляслаў Калышка стаяў збоч, назіраў за тым, што адбывалася вакол, да ўзбуджанага натоўпу не падыходзіў. Ужо колькі дзён прыходзяць на гэтае месца студэнты, бунтуюць, гавораць высокія словы, лозунгі. Асмялелі, не баяцца ні паліцыі, ні арыштаў.
«Яны падаграюць адзін аднаго крамольнымі прамовамі, запальваюць, стараюцца ўзбіцца на самаробную трыбуну, – думаў Баляслаў. – Але ж, хлопчыкі мае, гэта гульня ў рэвалюцыю… А я жадаю ў яе не гуляцца і таму прамаўчу…
– Мы патрабуем увядзення ва ўніверсітэце дэмакратычных пераўтварэнняў! – ускінуў уверх руку студэнт у акулярах. – Мы задыхаемся ў багне дэспатызму!
Другі, ледзьве не адпіхнуўшы хлопца, кідаў у натоўп сваё:
– Мы павінны ўдзельнічаць у кіраванні ўніверсітэтам, выбіраць прафесараў!
– Вызваліць бедных студэнтаў ад платы за навучанне! – агучваў сябе трэці.
Побач з Калышкам спыніўся сярэдніх гадоў мужчына, прыслухаўся, што гаварылі прамоўцы, плюнуўшы сабе пад ногі:
– От разбэсціліся! Балаболяць абы-што, рэвалюцыі ім захацелася! Брыдота!
Амаль паўмесяца, пачынаючы з сярэдзіны верасня, бунтавала, бурліла студэнцтва. Універсітэцкі сад ператварыўся ў арэну спаборніцтва ў красамоўстве. Збоку можна было падумаць, што гэта тэатральнае выступленне акцёраў.
Гучэлі словы пра дабро ў грамадстве, пра свабоду, прагрэс і справядлівасць, гуманнасць і волю… Ніхто з месцічаў, калі праходзіў паўз гэты вэрхал, надоўга не спыняўся. Баляслаў, як звычайны назіральнік збоку, адзначаў: “Чаго і для каго ж вы, хлопцы, так шчыруеце?”
Пачало імжэць, але ніхто на тое не звяртаў увагі. Калышка схаваўся пад кронай ліпы. Здалёку ўбачыў, як спыніліся каля металічнай агароджы браты Уладзімір і Эдуард Адольфы. Спачатку было жаданне падысці да іх, перакінуцца словам другім, але падумаў, што і за імі, і непасрэдна за ім быў устаноўлены тайны нагляд, і таму ім ні ў якім разе нельга выказваць знаёмства.
А ўсё з-за той паездкі пад час вакацый ў Ліду. Агітавалі сялянаў. А перад гэтым Калышка спрабаваў сябе ў якасці агітатара сярод расейскіх афіцэраў.
Выдатна граў на раялі, спяваў песні, і асабліва любіў спяваць «Яшчэ Польска не згінела…» Пры ім заўсёды былі пракламацыі і герцэнаўскія памфлеты, і ён пры любой магчымасці па-змоўніцку ўсоўваў іх у кішэні афіцэраў. Тое ж рабіў Баляслаў і ў Лідзе. Нехта данёс, і іх узялі “на кручок”.