Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
За што рэпрэсавалі маіх землякоў? Яны працавалі на зямлі, непісьменныя, у крайным выпадку мелі пачатковую адукацыю. Больш за ўсё асуджаных — як агенты польскай выведкі:
Ананія Рыгор Пятровіч, Бобрык Кузьма Якаўлевіч, Бунец Павел Лявонавіч, Ляўко Нічыпар Дзянісавіч, Маскалейчык Даніла Лявонавіч, Крышкоўскі Антон Усцінавіч, Салянка Антон Фаміч, Цапкоўскі Павел Андрэевіч, Цецяронак Іван Кузьміч, Цецяронак Мітрафан Фаміч.
Усе яны асуджаны ў розны час Пастановай НКУС СССР і Пракурора СССР як агенты польскай выведкі паводле артыкула 68 КК БССР да БМП. Расстраляны ў Аршанскай турме.
За садзеянне ў пераходзе мяжы паводле артыкула 63–1 КК БССР асуджаны на 10 гадоў лагераў: Бобрык Іван Мікітавіч, Ляўко Іван Канстанцінавіч, Стэльмах Уладзімір Паўлавіч.
Адзін мой аднавясковец, гэта Бобрык Міхаіл Давыдавіч быў асуджаны паводле артыкула 72а КК БССР на 5 гадоў лагера за антысавецкую агітацыю. Гэта адбылося ў верасні 1938 года. За антысавецкую агітацыю хутчэй за ўсё палічылі тое, што ён адмовіўся ўступаць у калгас, заставаўся аднаасобнікам.
Савецкія органы НКВД (НКУС) знайшлі ў маёй вёсцы Нябышына і контррэвалюцыйную арганізацыю. Так, Бунец Аляксандр Паўлавіч пастановай НКВД СССР і Пракурора СССР асуджаны 9.12.1937 паводле артыкула 64, 76 КК БССР да БМП. Расстраляны ў Аршанскай турме, як член к/р арганізацыі.
25.11.1937 года за членства ў контррэвалюцыйнай групе і за антысавецкую агітацыю быў асуджаны «тройкай» паводле артыкула 72,76 КК БССР Ляўко Аляксандр Канстанцінавіч на 10 гадоў лагера. І А. Бунец і А. Ляўко былі аднаасобнікамі, адмовіліся ўступаць у калгас. Магчыма, ў гэтым і была іх віна.
Два «контррэвалюцыянеры» з вёскі Нябышына з’ехалі на працу ў Ленінград. Бобрык Мікалай Савельевіч уладкаваўся на завод імя Молатава вулканізатарам. 9 жніўня 1937 года яго арыштавалі. Асобай тройкай УНКВД ЛВ 22 жніўня прысуджаны паводле артыкула 58–10 УК РСФСР да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Ленінградзе 24 жніўня 1937 года. Канвеер смерці працаваў па-ўдарнаму, без перапынку. Другі нябышынец Узлоўскі Міхаіл Юліянавіч уладкаваўся загадчыкам школы-інтэрната ў Ленінградзе. Арыштаваны 17 ліпеня 1937 года. Камісіяй НКВД і Пракуратуры СССР 23 верасня 1937 года прысуджаны паводле артыкула 58–6 УК РСФСР да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Ленінградзе.
Існаваў у КК БССР артыкул 73 — адказнасць за неданясенне. Па гэтаму артыкулу асуджана 4 чалавекі з вёскі Нябышына. Гэта:
- Бобрык Аляксандр Кліментавіч, 4 гады, Тайшэтлаг.
- Бобрык Вікенцій Кліментавіч, З гады, Даллаг.
- Копыл Уладзімір Нестаравіч, 2,5 года.
- Ляўко Мікалай Аляксеевіч, 2,5 года, Комі АССР.
Як бачым, НКВД моцна зачысціў вёску Нябышына ад «ворагаў». Больш за ўсіх пацярпелі Бобрыкі. Мне прыпомніўся адзін выпадак. 22 чэрвеня 2003 года ў газеце «Народная Воля» быў змешчаны мой артыкул пра падзеі Другой сусветнай вайны, якія адбываліся ў маёй вёсцы.
Тады мне таксама паступіла шмат тэлефонных званкоў. Адны мяне падтрымлівалі, іншыя абражалі. Такое адбывалася і пры асабістых сустрэчах. Адзін палкоўнік у адстаўцы, мой знаёмы, назваў мяне здраднікам і дадаў, што больш рукі мне не падасць. Гэта мяне нават рассмяшыла. Другі такі ж палкоўнік, удзельнік вайны, прачытаў мой артыкул з цікавасцю і паразуменнем і нават папрасіў, каб я яму пакінуў гэты нумар «Народнай Волі».
Праз некалькі дзён пасля выхаду артыкула ў маёй кватэры раздаўся чарговы тэлефонны званок, званіў Пётр Мікалаевіч Бобрык з горада Паставы Віцебскай вобласці. Ён сказаў, што з цікавасцю прачытаў мой артыкул і запытаўся: «Ці не сынам ты будзеш даваеннага старшыні калгаса Піліпа Копыла і ці не ты ёсць той хлапчук, які ў ліпені 1941 года выйграў самага „лепшага каня“»? «Так, гэта быў я», — адказваю. Мне было дзіўна, цікава і прыемна, што чалавек памятае тую далёкую падзею, у якой я быў удзельнікам, а ён — сведкай. Яму было тады гадоў 15–16. Яго бацькі таксама з’ехалі з Нябышына на працу ў Ленінград. У 1941 годзе ён прыехаў у вёску на лета на канікулы, тут яго і застала вайна. Як ён перажыў акупацыю, не ведаю, але ён ветэран вайны.
А як склаўся лёс іншых герояў маіх успамінаў? Мой родны брат Андрэй загінуў у 1984 годзе ў аўтамабільным здарэнні. Яму было 55 гадоў. Шмат маіх аднагодкаў, аднакласнікаў ужо няма ў жывых. Памерлі Леанід і Мікалай Шульгаты — сыны старасты. У 2007 годзе памерла мая стрыечная сястра Вера Салянка. Дажываюць свой век апошнія сведкі Другой сусветнай вайны.