Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Размаўляў спадар Гайдук і з Іванам Аўтушкам, родным братам партызанскага камандзіра Кузьмы Аўтушкі. Канстанцін Іванавіч кажа, што Іван распавядаў яму, як «стаяў пад акном хаты», пакуль там чынілася партызанская помста.
Нацярпеліся жыхары Саўскага Бору і ад беларусаў, якія прыслугоўвалі немцам. У 1943 г. вёску зноў спалілі. Сям’я Гайдукоў перазімавала ў вёсцы Пераходцы, а ўвесну вярнулася на сваё пажарышча. «Пасеяліся неяк, загатавалі матэрыял, дошак — і пачалася блакада, — узгадвае спадар Канстанцін. — Як гэта страшна было! Немцы ідуць — усё жывое паляць, забіваюць… Мы пазакопвалі тое-сёе і паехалі ў балота, у лес, схаваліся ў шалашы. Раніцай я залез на высокую елку і паглядзеў у бок Бягомля. Вёскі гараць, як свечкі! Дымы, здавалася, аж пад неба падымаюцца».
Неўзабаве ся’я Гайдукоў наважылася вярнуцца ў Саўскі Бор. Ажно выявілася, што вёску зноў знішчылі. Прычым найбольш шкоды нарабілі падводчыкі — тыя, што немцы набіралі з мясцовага насельніцтва для арганізацыі перавозак. «Падводчыкі — мярзотнікі, нягоднікі, параскрывалі нашыя ямы-схованкі, патапталі гароды, усё, што мы нарыхтоўвалі, у дварах папалена, — абурана ўзгадвае Канстанцін Гайдук. — У каго хата была няскладзеная — таксама спалілі. Я потым іх адшукаў. Гэта людзі былі з Лепельскага раёна. Я, праўда, не заяўляў на іх у КДБ. Можна было, але перадумаў…»
Партазаны пастанавілі стварыць лясны шпіталь за З км. ад Саўскага Бору. Канстанцін Гайдук разам з іншымі вяскоўцамі да лістапада 1943 г. пабудавалі там сем зямлянак. Дапамагаў падвозіць раненых.
Трэба было немцаў перамагчы. Бо ў нас бы інакш і кропелькі свабоды не было.
Спадар Канстанцін з жахам узгадвае нямецкую бамбардзіроўку ў маі 1944 г.: «Мы крышку адбегліся з сястрычкай маленькай, пад паветку схаваліся, чуем: гудзяць самалёты. Стогн такі цяжкі. Налічыў васямнаццаць самалётаў. Як пачала калаціцца зямля, як пачало ўсё трашчаць, ірвацца, ламацца! Я далёка адбегся, а ўсё здаецца — над галавой ляцяць. У вёсцы — поўна дыму! На вуліцы, на гародах — ямы вялізныя, сцены павыламаныя, дахі з буйнакаліберных кулямётаў пасечаныя… Ай, як цяжка было! Як нас немцы ганялі! Мы пераначавалі на адным астравочку пасярод балота, а пасля пабеглі далей. Куды ні пабяжы — страляюць. Паўтоптваліся неяк у гэтае балота, паўціскаліся і травой зверху прыкрыліся. Адзін дзень, потым другі дзень таксама і трэці дзень… Памятаю, сядзеў я пад карчом — і раптам дождж пайшоў. Якая радасць, калі дождж ідзе! Я любіў дождж — бо немцы тады не хадзілі па лесе. Я сеў на карчы, ногі выцягнуў — а сам басанож, увесь мокры. І раптам бачу: даўжэзная гадзюка скруцілася каля ног маіх! Чорная такая, у лусачкі. Галаву крыху прыўзняла — і папаўзла прэч. А я ёй пазайздросціў. Думаю: якое ёй шчасце, як ёй добра жыць! Нікога не баіцца…»
Праз тыдзень вярнуліся ў спаленую вёску. «Спалі, не распрануўшыся», — распавядае спадар Канстанцін. І раптам: «У небе ляцяць самалёты. Зорачкі на крылах! А па дарозе чалавек скача, ногі ледзь не да зямлі: кабылка маленькая. Пад’язджае да нас і крычыць: „Нашы прыйшлі, нашы прыйшлі!“ Мы пабеглі, глядзім: так, салдацікі нашы! Ой, мы як рынуліся да іх… Пачалі абдымаць, цалаваць! Сталі распавядаць, як нам цяжка было, як мы доўга пакутавалі, мучыліся», — узгадвае спадар Канстанцін са слязьмі на вачах.
Танкі з савецкімі салдатамі дайшлі да вёскі Броды. Але радасць была заўчаснай: «А потым сцярвятнікі наляцелі нямецкія… І знішчальнікі, і бамбавозы. Як пачалі яны бамбіць лес, дзе танкі стаялі… Як грымела ўсё! І зеніткі былі. У небе ірвецца снарад — і адразу аблачынка ўзнікае. Здавалася, што тымі баранчыкамі ўсё неба накрылася. А потым мы даведаліся, што былі пабітыя нашы танкісты. Ой, як мы гаравалі, як сумавалі… Яны ж ішлі нас ратаваць, недзе і родныя іхнія, і жонкі, і сем’і, і дзеці. Такі сум нас браў, што яны прыйшлі і тут ужо палеглі навечна…»