Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Мая стрыечная сястра Клаўдзія Салянка пайшла ў партызаны разам са сваім мужам. Яе мужа Уладзіміра забіў наш вясковец Мікалай Ляўко, вясковая мянушка — Самсура. Самсуру потым забілі партызаны, я ўжо пра гэта пісаў. А Клаўдзія прапала без вестак у партызанскім бязмежжы.
Мой стрыечны брат партызан Іван Толік, непаналетні, прапаў без вестак.
На гэтым спынюся. Можа, былы партызан, ветэран вайны Іван Пярэдня зразумеў, чаму гэтыя трагічныя факты не знайшлі адлюстравання ў маіх успамінах? Нашчадкам гэтых трагічна загінуўшых людзей, іх сваякам не заўсёды прыемна варушыць мінулае. Нават мае сваякі выказалі незадавальненне, што я напісаў пра іх цётку Веру Салянку.
«А пра паводзіны нашых салдат за межамі СССР у вайне! Колькі бруду ў іх адрас, а ці так было?» — абураецца на мяне Іван Пярэдня.
А вось што піша Іван Лашко з Івацэвіцкага раёна ў сваім лісце ў газету «Народная Воля»:
«О Второй мировой войне хорошо помню. Я много расспрашивал о войне у мужчин, вернувшихся с фронта. Их рассказы заключались о жестоких условиях и отношении к рядовому солдату. Ни одного рассказа я не слышал о героическом подвиге, почти все заканчивались изнасилованием немок. Об одном из них я напишу.
„Дядька Василий, расскажите что-нибудь о войне?“
Он долго молчал. Думал. Сказал: „Спрятавшись от военных действий, сидели немки: бабушка, дочка и внучка. Заходит наш освободитель и сразу на внучку. Мать зовёт его на себя, он оставляет внучку. За ним второй и тоже на внучку. Бабушка за ногу стаскивает его. Он достаёт пистолет и стреляет в бабушку в голову. Под последние вздохи бабушки они продолжали своё дело“».
І яшчэ адна цытата з ліста Э. Тобіна:
«Людзі хавалі жывёлу ў Навасёлках, дзе былі немцы, ім давяралі».
Зразумела, што хавалі жывёлу ад партызан.
А вось што на гэта піша гісторык, журналіст, краязнавец Анатоль Валахановіч у сваёй працы «Бараўская сярэдняя школа — пачатак маёй працоўнай дзейнасці»:
«У той недалёкі час ад заканчэння вайны людзі называлі часам партызан „кароўнікамі“, што ў асноўным адпавядала сапраўднасці, і партызаны ў іх уяўленні не зусім сур’ёзна і актыўна ваявалі супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. І такое нам распавядалі жыхары многіх вёсак Бараўскага сельсавета».
I яшчэ ад Анатоля Валахановіча:
«Увогуле ў той час пра партызанскі рух не так гучна гаварылі, як цяпер, не было тады нават назвы Беларусі — „Беларусь — партызанская рэспубліка“».
Іван Пярэдня пакрыўдзіўся на мяне, што ў сваіх успамінах я нічога не напісаў пра абаронныя баі пад Масквой і ў іншых месцах, а адступленне Чырвонай Арміі ў 41-м назваў бегствам. Я не ставіў перад сабой мэту пісаць пра «10 сталінскіх удараў». Гэта ж усяго толькі мае ўласныя ўспаміны і разважанні. Атрымаўшы прэтэнзію ў свой адрас, што ў мяне нічога не сказана пра абарону Масквы, я падрыхтаваў матэрыял пра 28 героеў-панфілаўцаў. Але з гэтым матэрыялам я спазніўся. Зусім нядаўна выйшла кніга Міхаіла Галдзянкова «Сражения, которых не было». У кнізе ёсць глава і пра «подзвіг» панфілаўцаў. Таму я быў вымушаны выключыць гэты матэрыял са сваёй кнігі.
Але хопіць спрачацца з ветэранам, тым больш, што яго аргументы, як мне паказалася, узяты з адзінай крыніцы — мемуараў Ціткова «Бригада „Железняк“», камандзірам якой ён сам і быў. А хто будзе пра сябе пісаць дрэнна?
Нягледзячы на пратэсты ветэранаў, на пікеты, на папярэджанні, на суды, на абражальныя артыкулы ў СМІ, мая кніга «Нябышына. Вайна» выстаяла. Яна ёсць у інтэрнэце, яе перакладаюць на рускую мову, яе чытаюць ва ўсім свеце. Яе надрукаваў часопіс «Беларуская думка», які вылаецца ў Нью-Ёрку. Часопіс рассылаецца ва ўсе краіны, дзе ёсць беларуская дыяспара.
Ужо збіраўся напісаць апошні абзац і на гэтым паставіць кропку, як раптам зазваніў тэлефон. Паразмаўлялі… А потым ён мне кажа:
«Вот ты ў сваёй кнізе напісаў, што ў 30-я гады ў Нябышыне чалавек 25 рэпрэсавалі… Ахто яны? Ты б хоць па аднаму радку пра іх напісаў…»
Я не збіраўся пра гэта пісаць, гэта па-за межамі маіх успамінаў. Але і свайго земляка трэба ўважыць. Каб зрабіць апытанне жыхароў вёскі — пройдзе шмат часу. Уся надзея на інтэрнэт. На сайце «Свабоды» (тэма «картатэка Сталіна») я знайшоў у спісе рэпрэсаваных 22 чалавекі з маёй вёскі Нябышына. І гэта не ўсе. Напрыклад, я не знайшоў свайго роднага дзядзьку Копыла Аляксандра, у памяць якога я ў Курапатах усталяваў крыж.