Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
— Наша вялікая вайна, як вядома, багата рознымі подзвігамі, сотні тысяч людзей усіх пакаленняў, воінскіх званняў і родаў войск праявілі на ёй дзівосы адвагі і воінскага ўмельства. Але асабіста я, трохі паваяваўшы ў пяхоце і зведаўшы частку яе штодзённых пакут, як мне думаецца, спасцігшы сэнс яе вялікай крыві, ніколі не перастану лічыць яе ролю ў гэтай вайне ні з чым не параўнальнаю роляй. Ні адзін род войск не ў стане зраўняцца з ёю ў яе агромністых намаганнях і ёю прынесеных ахвярах. Ці бачылі вы брацкія магілы, густа раскіданыя на былых палях бітваў ад Сталінграда да Эльбы, ці ўчытваліся калі-небудзь у бясконцыя слупкі імёнаў забітых, у аграмаднай большасці юнакоў 1920–1925 гадоў нараджэння? Гэта — пяхота. Яна густа ўслала сваімі целамі ўсе нашы шляхі да перамогі, сама застаючыся малапрыкметнай і малаэфектыўнай сілай, якая, ва ўсякім разе, не ідзе ў параўнанне з тараннай магутнасцю танкавых войск, з агнявой сілай бога вайны — артылерыі, з бляскам і прыгажосцю авіяцыі. I напісана пра яе меней за ўсіх. Чаму? Ды ўсё таму ж, што тых, хто прайшоў у ёй ад Масквы да Берліна, засталося вельмі нямнога, жыццё пехацінца ў стралковым палку вымяралася нямногімі месяцамі. Я не ведаю ні аднаго салдата або малодшага афіцэра-пехацінца, які мог бы сказаць сёння, што ён прайшоў у пяхоце ўвесь яе баявы шлях. Для байца стралковага батальёна гэта было неверагодна.
Вось таму мне думаецца, што самыя вялікія магчымасці ваеннай тэмы для гэтага часу маўкліва хавае ў сваім мінулым пяхота. Час паказвае, што ўжо наўрад ці прыйдзе адтуль у нашу літаратуру яе геніяльны апостал, затое нам, пакуль што жывым, трэба шукаць там. Пяхота мінулай вайны — гэта народ з усім яго шматпакутным лёсам, там трэба шукаць усё.
— Вашы апошнія творы прысвечаны партызанам. Але вы партызанам не былі, ваявалі ў рэгулярнай арміі. I ўсё ж я хачу задаць вам пытанне, маючы на ўвазе і вашы партызанскія аповесці: у якой меры вашы асабістыя ўражанні, ваш ваенны вопыт уваходзяць у вашы творы? Ці маглі б вы пісаць пра вайну, — у тым ліку і партызанскую — калі б не былі на фронце? I з другога боку, калі вы пачалі пісаць пра партызан, ці патрабаваў гэты, новы для вас, матэрыял якіх-небудзь дадатковых намаганняў для авалодання ім? Як наогул вы збіраеце матэрыял? Канешне, гэта складаны працэс. Але калі яго да вядомай ступені ўпрасціць і лагізаваць, дык якое месца займаюць гутарка з удзельнікамі вайны, вывучэнне архіваў, чытанне мемуараў, ваенна-гістарычных прац і г. д.? Мэтанакіраваныя вашы пошукі матэрыялу ці ён накопліваецца сам сабой?
— Хоць я пішу пра вайну даволі даўно, тэмай партызанскай вайны заняўся толькі ў апошні час, пасля таго, як зразумеў, што яна тоіць у сабе магчымасці, якія далёка не заўсёды ёсць у франтавой рэчаіснасці з высокай ступенню яе арганізаванасці і рэгламентаванасці ўсяго яе побыту і дзейнасці. Партызанская ж вайна ў значнай меры (асабліва на яе раннім этапе) — працэс дзеяння мас, стыхійнасці яе чалавечага матэрыялу, маральнай і псіхалагічнай разнастайнасці, што заўжды мае перавагу для літаратуры. Спрадвечная праблема «выбару» ў партызанскай вайне і на акупіраванай тэрыторыі стаяла больш востра і вырашалася больш разнастайна, матываванасць чалавечых учынкаў была болей ускладнена, лёсы людзей больш багатыя і часта больш трагічныя, чым у кожным з самых розных армейскіх арганізмаў. I наогул элемент трагічнага, які заўсёды з’яўляецца істотным элементам вайны, праявіўся тут ва ўсю сваю страшэнную сілу. Можна сказаць, не баючыся памыліцца, што для паўнакроўнага выяўлення ў літаратуры трагедыі акупіраваных тэрыторый бытапісальныя сродкі занадта бледныя. Тут патрэбны зусім іншыя фарбы і страсці маштабу шэкспіраўскіх. Я заўсёды з вялікай нерашучасцю бяруся за гэты матэрыял і, мабыць, зусім не браўся б, калі б не думка аб хуткаплынным часе, які з кожным годам усё менш пакідае нам сведкаў і сведчанняў той небывалай па чалавечых перажываннях эпохі. Прытым, зразумела, было б немагчыма колькі-небудзь паспяхова справіцца з ім, не валодаючы вопытам вайны. Але ж галоўная ідэйная аснова тут тая самая, што і ў дзеючай арміі, псіхалагічныя, маральныя перадумовы многіх учынкаў адэкватныя. Я не праводзіў мэтанакіраваных пошукаў матэрыялу, не займаўся зборам яго. Там, дзе я жыву, у гэтым яшчэ няма патрэбы, тут яшчэ вельмі многае напамінае пра мінулыя гады вайны.