Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
На маю думку, было б неразумна і неашчадна не ўлічваць гэтага, мільёнамі вынесенага з вайны вопыту, да таго ж аплачанага такой дарагой цаной. I мяне цікавяць у першую чаргу не сама вайна, не яе побыт, і не тэхналогія бою, хоць усё гэта для мастацтва таксама важна і цікава, але галоўным чынам унутраны свет чалавека, магчымасці яго духу.
— Але пасля фронту і працягваючы яшчэ службу ў Арміі, вы пісалі на іншыя тэмы. I так было, менавіта, з многімі вашымі равеснікамі, якія ўваходзілі ў літаратуру…
— Так было з многімі. Відаць, гэта адбылося таму, што ў гады вайны з-за недастатковай сталасці і нязначнасці нашага жыццёвага вопыту (у яго жыцейскім сэнсе) мы не змаглі адразу спасцігнуць усю складанасць таго, што бачылі і што перажывалі на фронце. Гэта прыйшло пазней і многіх з нас прымусіла, так сказаць, «задним числом» задумацца аб даўно перажытым і нават забытым, з адлегласці дзясятка год і вышыні назапашанага жыццёвага вопыту паспрабаваць адкрыць там нешта такое, што аказалася жывым і павучальным для ўсіх.
Відавочна, да такіх тугадумаў належаў і я. Доўгі час пасля вайны я лічыў, што ўсе колькі-небудзь значныя праблемы вайны дастаткова распрацаваны літаратурай, якая так многа і горача пісала ў гады вайны, што куды цікавей для нас час міру з яго новымі радасцямі і новымі цяжкасцямі. Напэўна, так думаў не адзін я, вопыт многіх маіх равеснікаў, якія пасля зарэкамендавалі сябе вельмі значнымі аўтарамі ваеннай тэмы, сведчыць аб тым жа.
— Вашы равеснікі ў літаратуры, пісьменнікі ваеннага пакалення, з якімі ваша імя ставяць побач — Юрый Бондараў, Рыгор Бакланаў, Алесь Адамовіч, Віктар Астаф’еў — ужо напісалі кнігі, у якіх расказваецца і аб мірным часе. Вы сярод іх, здаецца, адзіны, хто пасля першых спроб цалкам прысвяціў сваю творчасць тэме вайны. Што ж прымушае вас зноў і зноў вяртацца да падзей тых дзён?
I што, на ваш погляд — падыдзем і з гэтага боку да пастаўленага пытання, — яшчэ, так сказаць, не даследавана нашай літаратурай, якая стварыла ўжо цудоўную і багатую бібліятэку кніг аб Вялікай Айчыннай вайне?
— Многія фактары чалавечай сутнасці разам з вайной адышлі ў мінулае; перад грамадствам і асобай мірны час паставіў новыя, толькі яму ўласцівыя праблемы. Так, напрыклад, праблема гераізму ў час вайны з’яўляецца рашаючай, галоўнай. Смеласць, адвага, пагарда да смерці — вось тыя асноўныя якасці, якія вызначаюць вартасць нашага воіна. Але ў мірны час мы не ходзім у разведку, пагарда да смерці ад нас не патрабуецца і адвага нам неабходна толькі ў надзвычайных сітуацыях. Аднак тое, што ў вайну стаяла за гераізмам, жывіла яго, было яго глебай, — ці ж гэта страціла сваю сілу? Так, мы не ходзім сёння ў разведку, але гэтая акалічнасць не перашкаджае нам і цяпер цаніць у таварышу сумленнасць, вернасць у дружбе, мужнасць, пачуццё адказнасці. I цяпер нам патрэбны прынцыповасць, вернасць ідэалам, самаадданасць, — гэта і цяпер вызначае нашу мараль, якая ў гады вайны жывіла гераізм. А выхаванне камуністычнай маралі — першачарговая задача літаратуры. Мноства прыкладаў з жыцця, сведчанне прэсы, нашыя паўсядзённыя назіранні настойліва гавораць аб надзённай неадкладнасці гэтай задачы. Рост матэрыяльнай забяспечанасці грамадства, павышэнне ролі навукі і тэхнікі не прыводзяць аўтаматычна да больш высокага маральнага ўзроўню, да духоўнага багацця. Наадварот, усё гэта нярэдка адыходзіць на другі план і мізарнее. Мы ведаем аб пагібельнай уладзе матэрыяльнага ў заходнім грамадстве з яго стандартнай спажывецкай культурай. Мы бачылі на прыкладзе Германіі, да чаго можа прывесці перадавая тэхніка, якая не кантралюецца мараллю, не забяспечваецца духоўнасцю.
Літаратура павінна няспынна біць у свае званы, настойліва будзіць у людзях патрэбу ў высокай духоўнасці, без якой кожны самы высокі прагрэс матэрыяльнай культуры будзе не ў радасць.
— Гаворачы неяк пра аповесць «Сотнікаў», вы заўважылі:
«А хіба гэта аповесць пра партызанскую вайну?» (Я, праўда, сказаў бы не так катэгарычна: гэта аповесць не толькі пра партызанскую вайну.) Але, мяркуючы па сказаным, вы свядома шукаеце сучасную праблематыку, звяртаючыся да рэчаіснасці ваеннай пары. Пытанне ў тым: ці сучасная — у прамым і дакладным сэнсе слова — гэтая праблематыка? Бо кожны час — вы таксама гаварылі пра гэта — усё ж нараджае свае ўласныя праблемы. А мадэрнізацыя або архаізацыя іх можа адвесці ад праўды. Ці гэта праблематыка на самой справе толькі «рыфмуецца» з тымі пытаннямі, над якімі мы цяпер б’ёмся, і дапамагае знайсці ключ да іх вырашэння? I яшчэ адно: ці не тут адзін з вытокаў тых спрэчак, якія нярэдка ўзнікалі ў крытыцы вакол вашых твораў, калі іх сучасны пафас тлумачыўся або празмерна вузка, або празмерна шырока?