Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
— Якія свае кнігі вы любіце больш за іншыя і што вам у іх дорага? Толькі не ўхіляйцеся ад гэтага пытання, кажучы, што самая любімая, самая лепшая кніга яшчэ не напісана. Пра будучыя кнігі, я спадзяюся, мы яшчэ пагаворым. Ведаць жа, што пісьменнік са створанага ім цэніць больш за ўсё, — гэта дапаможа зразумець сутнасць яго мастацкіх пошукаў… I яшчэ адно пытанне. Ці не ўзнікала ў вас, калі мінуў пэўны час, жаданне вярнуцца, дапісаць, перапісаць калісьці напісаныя рэчы?
— Першае пытанне сапраўды даволі цяжкае, таму што ў пісьменніка некалькі ацэначных крытэрыяў сваіх твораў. У чытача наогул адзін крытэрый: спадабалася або не спадабалася, або гэты твор спадабаўся больш, а гэты менш, нават калі ён спрабуе высветліць для сябе, чаму спадабалася і чаму не спадабалася. Аўтара ж звязвае з кожным ягоным творам вельмі многае: не толькі тое, што ён выказаў у ім, але і тое, скажам, што хацеў выказаць і як яму гэта ўдалося. Потым адна рэч пішацца лягчэй, а над другой даводзіцца працаваць часам вельмі пакутна. Калі гаварыць канкрэтна, дык больш за іншыя мне дарагая аповесць «Сотнікаў», якая і пісалася даволі лёгка, і жыццёвага зместу ў ёй, мабыць, некалькі больш, чым у іншых рэчах.
Што да другога пытання, дык ужо так павялося, што я не вяртаюся да рэчаў, якія сталі набыткам чытача, для гэтага ў мяне няма ні сіл, ні жадання. Хоць амаль заўсёды ў надрукаванай рэчы знаходжу нейкія недаробкі, недахопы, засмучаюся, дакараю сябе за недагляд, але не магу прымусіць сябе ўзяцца за яе нанова. Бяруся за наступную.
— Карабель спушчаны на ваду?
— I адчаліў ад берага, ён належыць ужо не будаўнікам, а экіпажу…
— Ці ёсць у вас сярод класікаў любімыя пісьменнікі? У крытыцы, калі спрабуюць вызначыць традыцыі, з якімі звязваюць вашу творчасць, часцей называюць імёны Дастаеўскага і Кузьмы Чорнага. А як лічыце вы самі? Ці ёсць свядомасць, намер у выбары пісьменнікам традыцый? I што такое «вучоба ў класікаў», пра якую мы так часта гаворым, — выкарыстанне іх вопыту ці імкненне да той глыбіні пранікнення ў душу чалавека, якой яны дасягнулі?
— Я думаю, што паняцце «вучоба ў класікаў» у нас часта спрашчаецца. Вучыцца ў класікаў — гэта не значыць пераймаць іх тэхналогію творчасці, засвойваць іх прыёмы. Гэта штосьці больш шырокае і значнае: павага да праўды, пропаведзь гуманізму, разуменне грамадскага абавязку літаратуры і пісьменніка, — усё тое, у чым сапраўды праяўляецца сіла і значэнне класікаў.
Мае літаратурныя сімпатыі не арыгінальныя і, мабыць, могуць здацца старамоднымі. Як і мільёны чытачоў, я лічу самым высокім у нашай літаратуры Льва Талстога, побач з якім сапраўды паставіць няма каго. Сваім прароцкім прадбачаннем, разуменнем падспуднага, затоенага ў чалавечай душы заўсёды будзе вялікі Дастаеўскі, з творчасцю якога сугучна многае ў творах класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага. Вялікая руская літаратура была і застаецца той галоўнай школай духоўнасці, якую павінен прайсці кожны, раней чым наважыцца дадаць да яе нейкі свой радок…
Акрамя таго, я хацеў бы сказаць, што ў маім пісьменніцкім лёсе немалую ролю адыграла тая акалічнасць, што я пісаў і пры поўным узаемаразуменні з маімі рускімі равеснікамі, аўтарамі таленавітых кніг пра вайну, сярод якіх у першую чаргу хочацца назваць Юрыя Бондарава і Рыгора Бакланава. Я многім таксама абавязаны Алесю Адамовічу, выдатнаму беларускаму празаіку і самаму ўдумліваму з маіх крытыкаў.
— Ну, калі вы ўпамянулі, што Алесь Адамовіч не толькі празаік, але і крытык, пяройдзем да гэтага пытання, пагаворым аб крытыцы. Вы як быццам не можаце паскардзіцца на яе безуважнасць: вашы кнігі рэцэнзавалі многа і ахвотна. Хоць вам даводзілася сутыкацца не толькі з удумлівымі і строгімі меркаваннямі крытыкаў, але і з неразуменнем, нават з нядобразычлівасцю. Ці маеце вы цікавасць да крытыкі наогул і да меркаванняў крытыкаў пра вашу творчасць? Ці знаходзяць яны ў вас унутраны водгук — гэта не абавязкова згода і прыняцце, можа быць і наадварот? Вам часам — няхай не вельмі часта — таксама даводзіцца выступаць у ролі крытыка, дык робіце вы гэта з ахвотай або ў сілу абавязку?