Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
— Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць нямецкага фашызму цягнулася чатыры гады; але яе духоўнафізічны «канцэнтрат» складае цэлую эпоху ў нашай гісторыі. На працягу гэтых чатырох год так ці інакш знайшлі сваё адлюстраванне многія стагоддзі нашай гісторыі, нашай палітыкі, усе элементы псіхалогіі і маралі нашага народа. Нельга таксама лічыць, што Дзень Перамогі 9 мая 1945 года з’явіўся пераломным днём нашага існавання, што, як толькі сціх грукат гармат, жыццё імгненна змяніла характар і стала ціхамірным. На самой справе жыццё з адной якасці ў другую эвалюцыянавала марудна і малапрыкметна. Многае з таго, што мы адкрылі для сябе ў часіну цяжкіх выпрабаванняў, жыве з намі да гэтага часу; многія нашыя духоўныя і арганізацыйныя набыткі так ці інакш аказвалі або аказваюць свой уплыў на далейшае жыццё грамадства. Таму ці ёсць патрэба для літаратара падганяць праўду нашага існавання пад праўду вайны або рэканструяваць рэчаіснасць? Ці не больш плённа будзе пашукаць агульны назоўнік, філасофскі корань таго, што мела месца ў вайну і не страціла свайго маральнага або іншага значэння і цяпер? Канешне, метад палявання снайпераў за варожымі салдатамі наўрад ці здольны сур’ёзна зацікавіць кагонебудзь сёння, снайперы — не самая актуальная спецыяльнасць для грамадства мірнага часу; адышлі у мінулае многія іншыя якасці, калісьці важныя для вайны, а з імі і носьбіты гэтых якасцей. Але вось аматары падставіць бліжняга пад удар лёсу або начальства, каб схавацца за яго спіной, не перавяліся і сёння. Праўда, у гады вайны гэта было больш прыкметна і болей уражвала вынікамі, цяпер нярэдка такія рэчы выглядаюць менш драматычна, але пры ўсім тым прырода іх застаецца аднолькавая. Прырода здрадніцтва ва ўсіх выглядах агідная, якімі б матывамі гэтае здрадніцтва ні кіравалася і якія б высокія мэты ні праследавала.
У гэтай сувязі будзе не лішне, я думаю, успомніць аб некаторых спрэчках вакол аднаго з персанажаў маёй аповесці «Сотнікаў». Я маю на ўвазе Рыбака. Мне думаецца, што прычына падзення Рыбака — у яго душэўнай усяяднасці, яго маральнай несфармаванасці. Ён прымітыўны прагматык, які зусім не суадносіць мэты са сродкамі. Вайна для яго — простая да прымітыву справа, з вычарпальнай паўнатой выяўленая пастулатам «чыя сіла, таго і праўда» і яшчэ — «свая кашуля бліжэй да цела». Ён не вораг па перакананнях і не нягоднік па сутнасці, але ён хоча жыць насуперак магчымасцям, у трудную хвіліну ігнаруючы інтарэсы бліжняга, клапоцячыся толькі аб сабе. Духоўная глухата не дазваляе яму зразумець глыбіню яго падзення. Толькі ў канцы ён з непапраўным спазненнем бачыць, што ў некаторых выпадках выжыць не лепш, чым памерці. Але, каб спасцігнуць гэта, яму давялося прайсці праз цэлы шэраг малых і вялікіх здрад, згодніцтва, уступак каварнаму і хітраму ворагу, якім быў нямецкі фашызм. У выніку — духоўная пагібель, якая аказваецца горш за фізічную смерць.
Канешне, сучасны чытач не стаіць перад такім выбарам, аднак лёс Рыбака, магчыма, прымусіць яго задумацца над тым, наколькі небяспечныя кампрамісы з уласным сумленнем і да чаго яны могуць прывесці чалавека…
— У адрозненне ад літаратурных равеснікаў вас не займала тэма пакалення юнакоў 41-га года, якой яны ў сваёй творчасці аддалі немалую даніну. Ці не таму гэта, што яны пачалі свой літаратурны шлях раней за вас і паспелі аб гэтым даволі шмат напісаць? Ці не таму вы з самога пачатку пайшлі па шляху некалькі іншым?
— Магчыма, і таму. Сапраўды, яны даволі падрабязна напісалі аб лёсе — ваенным і пасляваенным — юнакоў 41-га года да таго, як я пачаў пісаць наогул. Але тут ёсць і яшчэ адна прычына. Яны, вярнуўшыся адразу пасля заканчэння вайны да мірнага жыцця ў інстытуты і ўніверсітэты, былі больш звязаны са сваімі равеснікамі, чым я, які працягваў і пасля вайны немалы час служыць у арміі на ўскраінах, у далёкіх гарнізонах. Многія праблемы, якія былі вельмі істотныя і вельмі важныя для іх, для мяне былі за межамі майго асабістага жыццёвага вопыту.
— Аднойчы вы заўважылі, што немалую ролю ў стварэнні кніг аб салдатах пяхоты, якая «ў мінулай вайне з’яўлялася не толькі царыцай палёў, але і пралетарыятам усіх бітваў, выйграных яе вялікай крывёй, адыгрывае пачуццё абавязку тых, што жывуць, непехацінцаў, якія даволі нагледзеліся на кроў, мукі і пот пяхоты». Іншы раз вы пісалі: «Так, гэта ён, радавы вялікай бітвы, нічым не прыкметны былы калгаснік або рабочы, сібірак ці разанец, доўгія месяцы мёрз пад Дзямянскам, перакапаў сотні кіламетраў зямлі пад Курскам і не толькі нішчыў агнём немцаў, але і круціў баранку на разбітых франтавых дарогах, пракладваў і трымаў сувязь, будаваў дарогі, наводзіў пераправы. Ён многае перажыў, гэты баец, галадаў, знемагаў ад смагі, пабойваўся смерці, але сумленна рабіў сваю непрыкметную салдацкую справу. I, прайшоўшы праз усе выпрабаванні, ён не страціў сваёй чалавечнасці, зведаў і засвоіў у вялікім калектыве спрадвечную праўду жыцця і многае іншае». Абапіраючыся на гэтыя вашы выказванні, можна, мне здаецца, вызначыць не толькі асяроддзе, у якім вы шукаеце герояў (у новай аповесці «Воўчая зграя» яна, скажам, дала вобразы Леўчука і Грыбаеда), але і нешта больш важнае — кола праблем, характэрных менавіта і толькі для вайны ўсенароднай, якой была вайна супраць гітлераўскіх захопнікаў. Ці маюць гэтыя сказаныя вамі словы сапраўды «праграмны» характар?