Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)
- Автор: Пацюпа Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочее научное
Электронная книга - «Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)». Краткое содержание книги:
Добрымі з гледзішча ідэальнага рытму пэонавае кадэнцыі могуць лічыцца 1-ы, 3-і, 6-ы і 8-ы радкі. Адначасна радкі 3-і і 8-ы слушна вытрымліваюць харэевую кадэнцыю, што дазваляе ў традыцыйнай мэтрыцы гаварыць пра альтэрнаваны рытм, а ў тактамэтрыі — пра чатырохдольнік трэці. Затое ў 1-м ды 6-м радкох словы пакінь, на торг парушаюць пасьлядоўнасьць харэю, утвараючы рытмавую інвэрсію, або «ямб», як сказаў бы Трэдзіякоўскі. 2-і радок, наадварот, слушны з гледзішча харэю, але інвэрсіяваны з гледзішча пэону трэцяга. І, нарэшце, 4, 5 і 7-ы радкі супярэчаць як харэям, так і пэонам. (Заўважу, зь іх 4-ы і 5-ы, чыста разумова, можна ператлумачыць як дактылі, але на слых у кантэксьце ўрыўку гэта не адчуваецца.)
Прачытаўшы ўрывак вольна, ненапружана, нельга не заўважыць, што сама сьпеўна гучаць радкі пэонавае кадэнцыі. Нават у 1-м і 6-м рытмавая інвэрсія (з гледзішча харэю) не ўспрымаецца як збой рытму, бо словы пакінь, на торг стаяць у слабой, ненацісьненай (з гледзішча пэону) пазыцыі. Затое 2-і, харэевы радок, дзе парушаны пэон, паводле сьпеўнасьці моцна саступае 1-му і 6-му. А поўнае разбурэньне сьпеўнасьці назіраецца ў 4, 5 і 7-м, дзе не вытрымваюцца ані харэі, ані пэоны. Асабліва дэструкцыйна ўспрымаюцца псэўдадактылі (4-ы і 5-ы). У выніку мы бачым: пэон — «голас», а харэй — толькі «падгалосак». Далей, разьвіваючы антычную мэтафару рытму як плыні, моцныя ікты назавем — валы, слабыя — усплёскі, рэшту складоў — роўні. З гледзішча радка ці ўрыўку яны суіснуюць як інтэгранты нейкага большага цэлага. Іншыя рытмавыя структуры не працуюць на цэлае. На гэтым этапе вывучэньня для нас найважней тое, што рытміка пэонаў дамінуе над рытмікаю харэяў.
Ведама, такая колькасьць адхіленьняў ад мернага рытму, якую мы толькі што разгледзелі, ня так ужо і часта сустракаецца. Васьміскладовікі нашых песьняроў ад самага пачатку імкнуліся да інварыянтнае структуры, дзе рэй вялі пэоны. Хоць тут катэгарычна нельга пагадзіцца з І. Ралько, быццам беларуская «сылябіка» «эвалюцыянавала» ў бок «сыляба-тонікі». Часамі верш XVII ст. быў куды ўрэгуляванейшы, чым верш XIX ст., але як нутраную тэндэнцыю зладжаньне рытму адмовіць нельга. Абмінаючы чыста схалястычнае пытаньне, да якое «сыстэмы» адносіць тыя ці іншыя вершы, зазначу, што ў беларускай паэзіі спакваля ўсталяваліся не дактрынальныя, а ўзуальныя абсягі сыстэмнае анамаліі, якая дапушчала неабмежаваную інвэрсію харэю, але практычна не дапушчала інвэрсіі пэону, прыкладам:
Інвэрсію ж пэону трэцяга мы сустракаем хіба толькі як рэдкае ўкрапленьне ў добра зладжаны мэханізм рытмавага стэрэатыпу. Яе можна было б наагул сьпісаць на рахунак «перажыткаў» ці паэтычных «недасканаласьцяў». Аднак у запраўдных майстроў інвэрсіі нават гэтая дэструкцыйная анамалія праяўляецца як кампэнсатарная, працуючы на агульнае эстэтычнае заданьне вершу, інтанацыйна вылучаючы патрэбнае слова ці радок:
Апрычоную мадуляцыю рытму дае замена простых кляўзулаў на сьлізкія. На слых не адразу й пазнаецца тоеснасьць інварыянту:
Другім беларускім клясычным памерам «арганічнае пары» быў трохступовы харэй. Праўда, ступень інвэрсіяванасьці таго была так высокая, што можна ўсур’ёз сумнявацца: з харэем мы маем справу ці з шасьціскладовікам? Як працуе гэты памер, пакажам на прыкладах, адумысна з аднаго аўтара. Найнатуральней у г. зв. «трохступовым харэі» гучаць радкі з будоваю пэону першага, прыкладам: