Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата
Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата

Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата». Краткое содержание книги:

У чацвёртай кнізе авантурна-прыгодніцкага цыклу Людмілы Рублеўскай загонны шляхцюк Пранціш Вырвіч і полацкі доктар Баўтрамей Лёднік зноў выпраўляюцца ў прыгоды. На гэты раз яны трапляюць у Францыю, дзе Лёднік працуе разам з вядомым навукоўцам Жанам Жыліберам. На гэты раз Лёдніка ўцягваюць у таемнае таварыства, што займаецца злачыннымі аперацыямі на людзях. Пранцішу Вырвічу давядзецца рызыкнуць жыццём, каб вызваліць старэйшага сябра. А па вяртанні на радзіму – новыя прыгоды… Тут адбываецца магнацкае паўстанне супраць караля Станіслава Панятоўскага, і героі апынаюцца нібы паміж жорнамі, іх перакідвае то на адзін бок палітычных сілаў, то на другі. Давядзецца сустрэцца з егіпецкай прынцэсай і каронай святога Альфрэда, плаваць у вадзяным змеі ў падземных азёрах пад Туравам, разгадваць таямніцу шлема арабскага лекара Альбукасіса… Вас захопяць жывая мова і аўтарскі гумар, неверагодныя павароты сюжэта і непаўторная атмасфера 18 стагоддзя - эпохі плашча і кінжала.
1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 25
Перейти на страницу:

— Празмерная схільнасць да злачынстваў, на маю думку — гэта вар’яцтва, а хіба ацаліць вар’яцтва — грэх? З дапамогай месье Лёдніка мы прасунуліся ў нашай высакароднай справе далёка, як ніколі! — мякка прамовіў дэ Вард, шырока ўсміхнуўшыся доктаравай жонцы. — Ён вынайшаў асаблівае рэчыва, якое ўсыпляе пацыента так, што можна спакойна прасвідроўваць ягоны чэрап ды рабіць любыя маніпуляцыі.

— Праўда, тынктуры не ўдаецца шмат нарыхтаваць, яна нетрывалая, ды яшчэ з пабочнымі эфектамі... Усё in statu nascendi, — раздражнёна прабуркатаў Баўтрамей. Бяркоўскі замахаў рукамі:

— Ах, што вы, калега, гэта не пабочныя эфекты, а самыя што ні на ёсць лекавыя, in optima forma! Вы дарэмна працягваеце доследы, каб ад гэтых эфектаў пазбавіцца. Мяне ваша вынаходніцтва цалкам задавальняе!

— А мяне — не, — адрэзаў Бутрым і кінуў сабе на талерку лыжку сала­ты.— Я некалькі разоў выпрабоўваў на сабе і ледзь не...

Полацкі Фаўст кінуў хуткі позірк на жонку і змоўк, зразумеўшы, што дарэмна прагаварыўся. Саламея страшэнна гневалася на ягоную прыкуду выпрабоўваць на сабе ўласныя вынаходніцтвы, а часам для такога дактары пераймалі і заразу.

— Мы вельмі зацікаўленыя, пан Лёднік, — прамовіў барон, уперыўшыся светлымі халоднымі вачыма ў змрочнага доктара, — каб рабіць больш аперацый... Вы, з вашай неверагоднай дакладнасцю, з вашай цвёрдай рукой не схібіце. Бо ў пана Бяскоўскага пакуль адзіная цалкам удалая аперацыя — гэта наш Гарганцюа.

Па твары пана Альфонса павуком прабег цень застарэлай зайздрасці і нянавісці.

— Працуйце, працуйце, а разуменне прыйдзе потым, — раптам гучным голасам, сапраўды быццам механічная лялька-аўтамат, вымавіў Гарганцюа, які так і стаяў слупам пасярод пакоя.

Пранціш вылупіўся на слугу, што працытаваў акадэміка-сэнсуаліста д’Аламбера. Гэта было, нібыта засмажаны парсючок на стале раптам ажыў. Разгубленасць прамільгнула ў цёмных вачах Лёдніка, а дэ Вард раздражнёна махнуў рукой:

— Ідзі, Гарганцюа, чакай нас на дварэ.

Волат пакорліва развярнуўся і, цяжка тупаючы, выйшаў.

— Вось, як бачыце, і здольнасць да мыслення ў яго захавалася! — закруціўся ў захапленні ад самога сябе на крэсле Бяскоўскі. Саламея нервова сціснула тонкія пальцы, яе талерка заставалася пустой.

— Дык вы збіраецеся рабіць шмат падобных аперацый?

— Гэта наша мэта, шаноўная пані! — ветліва пакланіўся барон. — Няўжо такое не гуманней за смяротнае пакаранне або зняволенне ў вар’ятні, калі няшчасныя вар’яты жыўцом гніюць, пасаджаныя на ланцугу ў сутарэннях, і выюць ад бяссільнай злосці, незразумелай ім самім? Я не аспрэчваю, магчыма, якіясь з іх апантаныя злым духам, — прымірэнча падняў руку дэ Вард, але Пранціш разумеў, што яго словы проста даніна забабонам гаспадароў. — Калі святому слову ўдаецца выратаваць небарак, добра. Калі ж прычына фізічная, калі гэта проста хвароба — хіба не наш доўг пазбавіць бліжніх пакутаў? De actu et visu, тэхніка можа быць удасканаленая да таго, што ніхто і не западозрыць, што чалавек перанёс аперацыю.

Дзесьці капрызлівы дзіцячы плач засведчыў, што паненцы Сафійцы зноў чагосьці збракавала для шчасця. Пані Саламея рванулася была бегчы туды, але плач сціх і адразу ж змяніўся смехам: Жулі знайшла чым суцешыць гаспадарскае дзіця. Дэ Вард зноў усміхнуўся ўстрывожанай пані, паспеўшы абмераць позіркам яе гнуткі, як у дзяўчыны, стан.

— Мы нічога супраць Бога і прыроды не робім, мадам Лёднік. Напрыклад, на востраве Ява дзікуны спаконвеку дасканала валодаюць методыкай, якую мы толькі намацваем, і самых агрэсіўных чальцоў племені жрацы з дапамогай свярдзёлка і голкі, якую заганяюць у лобныя долі мозга, ператвараюць у ціхамірных пакорлівых працаўнікоў.

Здавалася, жоўты прыплюснуты чэрап з дзіркай, адабраны ў Сафійкі, намагаецца адпаўзці падалей ад прагрэсіўных дактароў, у глыб паліцы.

— Вы не распавядалі пра гэта, вашамосць! — цёмныя вочы Лёдніка зноў загарэліся фанатычнай цікаўнасцю. Дэ Вард прыўзняў бровы ў ветлівым здзіўленні.

— Не можа быць, каб вы гэтага не чулі, дарагі доктар! Не далей чым праз тыдзень у Латэ прыбудзе карабель, які адпраўляецца на Яву з экспедыцыяй, і наш калега Жак Перэс далучыцца да яе. Эксперыменты з псіхікай на астравах проста ўнікальныя! Ёсць, напрыклад, звесткі пра ажыўленне нябожчыкаў. Некаторых тубыльцаў уводзяць у штучную кататонію, хаваюць. Потым жрэц выкопвае небараку, прыводзіць у прытомнаць, чымсьці апойвае — і чалавек нібыта робіцца іншым... А якія там рэдкія расліны! У пана Жылібера блізка такіх няма...

1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 25
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)