Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата
Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата

Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата». Краткое содержание книги:

У чацвёртай кнізе авантурна-прыгодніцкага цыклу Людмілы Рублеўскай загонны шляхцюк Пранціш Вырвіч і полацкі доктар Баўтрамей Лёднік зноў выпраўляюцца ў прыгоды. На гэты раз яны трапляюць у Францыю, дзе Лёднік працуе разам з вядомым навукоўцам Жанам Жыліберам. На гэты раз Лёдніка ўцягваюць у таемнае таварыства, што займаецца злачыннымі аперацыямі на людзях. Пранцішу Вырвічу давядзецца рызыкнуць жыццём, каб вызваліць старэйшага сябра. А па вяртанні на радзіму – новыя прыгоды… Тут адбываецца магнацкае паўстанне супраць караля Станіслава Панятоўскага, і героі апынаюцца нібы паміж жорнамі, іх перакідвае то на адзін бок палітычных сілаў, то на другі. Давядзецца сустрэцца з егіпецкай прынцэсай і каронай святога Альфрэда, плаваць у вадзяным змеі ў падземных азёрах пад Туравам, разгадваць таямніцу шлема арабскага лекара Альбукасіса… Вас захопяць жывая мова і аўтарскі гумар, неверагодныя павароты сюжэта і непаўторная атмасфера 18 стагоддзя - эпохі плашча і кінжала.
1 ... 6 7 8 9 10 11 12 13 14 ... 25
Перейти на страницу:

— Палдон, мадам!

Так, Сафійка была вельмі разумнай дзяўчынкай і хутка ўсяму вучылася.

Калі расчуленая мадам Жулі з чароўнай Лёдневічанкай на руках сышла, размова пра палітыку, аднак, не разгарэлася саломай. Лёднік абвёў вачыма разгромлены родным анёлачкам пакой — разбітыя васковыя муляжы, раскіданыя па падлозе медыцынскія інструменты і ватныя шарыкі, высунутыя ніжнія шуфлядкі шафаў, з адной тырчэла чыясьці пажаўцелая костка, нібыта нябожчык спрабаваў выпаўзці на свет Божы. Уздыхнуў і выцер чамусьці спацелы лоб:

— Та-ак, мне яшчэ трэба вучыцца быць бацькам. Як я шкадую, што не быў з вамі гэтыя паўтара года... Зноў прапусціў, як маё дзіця расце. Алесь таксама без мяне першыя гады правёў, першыя крокі зрабіў...

Пранціш хмыкнуў, успомніўшы, як фанабэрысты доктар упершыню даведаўся, што ў яго ёсць сын — таму было ўжо тры гады, і ён лічыўся сынам пана Цыпрыяна Агалінскага. За права самому выхоўваць сваё дзіця доктар заплаціў дужа дорага, на любыя пакуты ішоў... Як жа добра, што хоць шчырая любоў да сямейных змушае полацкага Фаўста забывацца нават на свае падазроныя эксперыменты. Лёднік падсеў бліжэй да жонкі:

— Думаю, яшчэ трохі часу ў нас ёсць, пакуль мост паправяць, паны лекары да нас дабяруцца... Распавядзі, як у Караблях?

Маленькую вёску Караблі Лёднік атрымаў у падарунак ад вялікага гет­мана Міхала Казіміра Рыбанькі разам са шляхецтвам, калі выратаваў яго на полі бойкі. Гаспадары з Лёднікаў былі слабыя да кпінаў Пранціша. Прыбытку атрымлівалі менш чым мала — затое мужыкі не галадалі, замест паншчыны наймаліся за грошы. А іх дзеткі вучыліся грамаце ў школцы, якую час ад часу хтось з удзячных пейзан спальваў. А як жа не спаліць, калі на дарэмшчыну ад пана-чарнакніжніка дасталося?

— Была там перад ад’ездам, — тонкія пальцы пані Саламеі, у дзявоцтве Рэніч, нібыта мімаволі перапляліся з пальцамі мужа. — У суд выклікалі.

— А што здарылася? — захваляваўся Лёднік, пяшчотна лашчачы рукой, што прывыкла цвёрда трымаць скальпель і шпагу, тонкую руку жонкі.

— Працэс наконт чараўніцтва, — чамусьці іранічна адказала пані, хаця тэма палявання на ведзьмаў для абаіх Лёднікаў была балючай, зведалі яго на сабе. — Ды не палохайся адразу... Двое сялян ішлі ноччу з царквы і ўбачылі, як падае аэраліт... Вырашылі, што гэта неадменна ззяе золата, якое нясе хаваць цмок. Сабралі грамаду і пайшлі капаць прыблізна на тое месца, куды нябёсны агонь упаў. Капалі па начах і наторкнуліся на цвёрдую пліту. Ну ўсё, думаюць — скарб! Але пакуль расчысцілі, пліта знікла. Вырашылі — чараўніцтва, і пабеглі да крывой Лукер’і. Памятаеце, якая ў скрайняй ад лесу хаце жыве?

Пранціш прыпомніў, як падчас візіту ва ўладанне сяброў, якія так і не патрапілі збудаваць там сабе прыстойную сядзібу, ім усе раілі пра надвор’е даведвацца не па замежнай штуковіне «барометры», а ў нейкай Лукер’і, якая як у ваду глядзіць.

Невядома, у якую ваду глядзела Лукер’я цяпер, але запэўніла, што грошы ёсць, толькі трохі на захад ад яміны. І выкопваць іх неадменна трэба ў час поўні, пасля таго, як два разы прапяюць пеўні. Што напачатку трапіцца вялікі камень, тады смецце, тады чорныя чарапкі, тады мядзяны кацёл з золатам. Сведкі няўцямна мармыталі яшчэ пра сабачую галаву, якую належала закапаць на месцы катла. Хітры сродак перавесці праклён, каб той, хто выкапае золата, галавой не наклаў.

Абнадзееныя мужычкі ператварыліся ў кратоў яшчэ на месяц... Пакуль агонь, які яны палілі ў яміне, не заўважылі з суседняй вёскі. Ясная справа, і там вырашылі — скарб знак падае! Непадалёк ад караблёўскіх іншая кампанія таксама давай капаць яміну... А вядома, чым больш людзей — менш таямніцы. І абедзве банды арыштавалі. Выявілася, што шчыравалі яны на месцы цагельні, вось і сустракаліся «пліты» з рассыпанай цэглы ды застылая гліна... І давай адны вінаваціць другіх у тым, што чараўніцтвам золата адвялі!

Карацей, каб спыніць справу, грошай пані Саламеі давялося ляснуць, відаць, столькі, колькі скарбашукальнікі спадзяваліся выкапаць.

— Так што нікога не спалілі, не пасадзілі...

Доктар вінавата прыабняў жонку, відаць, падумаўшы, колькі давялося ёй адной перажыць падобных турботаў... А Пранціш мімаволі адвярнуўся да акна, за якім прасявалася сонца праз травеньскую наіўна-зялёную лістоту: каб усё склалася іначай, ён і сам зараз трымаў бы за руку жонку і зазіраў у зялёныя русалчыны вочы, што ўмелі выпраменьваць такую любасць... Дзе тая Раіна Міхалішыўна, былая акторка слуцкага тэатра і асістэнтка вандроўнага авантурыста графа Батысты? На якой сцэне выплятае інтрыгі ды танчыць на вуголлях?

1 ... 6 7 8 9 10 11 12 13 14 ... 25
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)