Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата
Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата

Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата». Краткое содержание книги:

У чацвёртай кнізе авантурна-прыгодніцкага цыклу Людмілы Рублеўскай загонны шляхцюк Пранціш Вырвіч і полацкі доктар Баўтрамей Лёднік зноў выпраўляюцца ў прыгоды. На гэты раз яны трапляюць у Францыю, дзе Лёднік працуе разам з вядомым навукоўцам Жанам Жыліберам. На гэты раз Лёдніка ўцягваюць у таемнае таварыства, што займаецца злачыннымі аперацыямі на людзях. Пранцішу Вырвічу давядзецца рызыкнуць жыццём, каб вызваліць старэйшага сябра. А па вяртанні на радзіму – новыя прыгоды… Тут адбываецца магнацкае паўстанне супраць караля Станіслава Панятоўскага, і героі апынаюцца нібы паміж жорнамі, іх перакідвае то на адзін бок палітычных сілаў, то на другі. Давядзецца сустрэцца з егіпецкай прынцэсай і каронай святога Альфрэда, плаваць у вадзяным змеі ў падземных азёрах пад Туравам, разгадваць таямніцу шлема арабскага лекара Альбукасіса… Вас захопяць жывая мова і аўтарскі гумар, неверагодныя павароты сюжэта і непаўторная атмасфера 18 стагоддзя - эпохі плашча і кінжала.
1 ... 11 12 13 14 15 16 17 18 19 ... 25
Перейти на страницу:

— Ніколі не забудуся, як вы нас выратавалі!

Рады, як на сто коней сеў.

Каля пана ў чорным камзоле ўсміхалася пані ў ружовай сукенцы, падобнай да клумбы. За іхнімі спінамі, як сціплы статыст за дэкарацыямі антычных развалін, стаяў слупам малады чалавек з абыякавым тварам. Занадта абыякавым для здаровага.

— Наш П’ер нарэшце бачыць сонца! Яго не трэба замыкаць, мы можам хадзіць з ім на людзях!

Пані плакала ад шчасця, як сыр на сонцы.

У маладога чалавека былі невыразныя вочы і капялюх, насунуты дастаткова нізка, каб схаваць шнары ад аперацыі.

Вараннё колішняга Лугдунума, цяперашняга Ліёна, марудна кружляла над плошчай Бялькур, выглядаючы чарговую ахвяру.

— Я не пярэчу, каб ты займаўся даследаваннямі мозга, Бутрым, — перарывістым голасам шаптала сінявокая гожая, як антычная статуя, пані. — Ты вялікі вучоны... Але будзь асцярожны. Не пераступі мяжы...

— Ты мая ля біш... — ціха прагаварыў яе спадарожнік, высокі хударлявы цемнавокі мужчына, і пацалаваў ёй руку, нібыта дзюбнуў носам. — Мая козачка... Тут гэта самае ласкавае азначэнне для любай. Я... пастараюся не пераступіць мяжы.

Але абяцанні апантаных людзей каштуюць не болей, чым «місісіпійскія акцыі» шалбера Джона Ло. Папрадаваў іх французам, што праглі займець дармовага золата, знойдзенага ў амерыканскай Луізіане, а заміж таго страцілі родныя ліўры.

У кабінеце, дзе кніжных шафаў было больш, чым паветра, пан Жан Жылібер, у свае дваццаць дзевяць вядомы доктар, хірург і батанік, нецярпліва кусаў вусны, пакуль Пранціш Вырвіч, прыхадзень з далёкай барбарскай краіны, вывучаў пакамечаныя паперы, якія быццам курыца лапай скрэмзала.

— Бачыце, месье Вырвіч, па ўсіх рахунках з мясцовых лавак выходзіць, што ў доме барона дэ Варда жыве нашмат больш чалавек, чым лічыцца. Прычым звярніце ўвагу — мяса, зеляніна, хлеб у такіх вялікіх колькасцях закупляецца самага простага гатунку — нібыта для ўтрымання звярынца. Да таго ж таемна, праз падстаўных асобаў. Бо для панскага стала прыслуга набывае ў іншых лаўках.

Гадзіннік, што ўпрыгожваў будынак Ліёнскай медычнай школы, адбіў Час Змяі, які, як вядома, пачынаецца а другой, калі ў сярэдзіну светлага дня запаўзае прадвешчанне цёмнай пары.

— Нічога дзіўнага, што ў медычным таварыстве ўтрымліваюць звярынец для доследаў, — паціснуў плячыма Вырвіч. — Лёднік сам прызнаваўся, што яны ў мазгах няшчасных жывёлак калупаюцца. А пра таямніцы... У Бутрыма ў Віленскай акадэміі ў сутарэннях таемная лабараторыя была, якую айцы-езуіты забаранялі. Я сам колькі разоў дапамагаў яму там трупы патрашыць — і людзей, і звяроў. Праўда, без асаблівай ахвоты. Не маё гэта.

Пранціш дасюль памятаў сваё здзіўленне, калі Жылібер падзяліўся свет­лым успамінам дзяцінства: як патрапіў на ўскрыцце трупа ў анатамічны амфітэатр, і якое захапленне ў яго выклікала відовішча зладжання арганізма знутры.

Шаноўны анатам адзначыў пазногцем радок у адной з папер:

— «Па начах жа пане мой дабрадзею крычаць у сутарэннях тут як душы ў пекле крычаць хто не ведаю але многа також мне страшна робіцца асабліва ж як бачыў валакуць у тыя сутарэнні а на галовах мяхі ж уздзетыя»... Тут ужо ёсць за што зачапіцца! Я даўно марыў неяк прыціснуць гэтых прыблудных прагрэсістаў у пудраных парыках. Варта было нешта супраць іх метадаў выказацца ды адпрэчыць запрашэнні — усё... У іх жа хаўрусе — бароны, маркізы ды біскупы. Не разумею, чаму Барталам’ю не заўважае, як ягоныя новыя сябры насамрэч да яго ставяцца, пераглядаюцца пагардліва за спінай, а ў твар — «ге-еній»... А мне ўчора сказалі ў магістраце, калі не саступлю стаўленнікам прагрэсістаў практыку ў шпіталі, не заплацяць за батанічны сад. А я туды ўсе грошы свае ўваліў!

Жылібер стукнуў даланёй па дубовай стальніцы, нібыта спадзяваўся высекчы адтуль, як жарынкі крэсівам з крэменю, залатыя манеты.

— Калі што — застанецца мне торбу цераз плячо ды ў якасці вандроўнага цырульніка ісці зубы ірваць па вёсках, па сантыме за паслугу. А тут такая падстава паноў выкрыць... Тое, што зараз скажу, я гаварыць староннім не павінен, — Жылібер востра зірнуў на суразмоўцу, і Пранціш урачыста пакланіўся, пацвярджаючы — шляхціц таямніцу не выдае.

— У Ліёне дзве масонскія ложы. Адна, дзе больш арыстакратаў, з панамі-прагрэсістамі сварыцца не хоча. У другой, нашай, якая называецца «Дасканалая гармонія», ёсць тыя, хто дужа не любіць Бяскоўскага, а дэ Варда ненавідзяць яшчэ за ягоныя парыжскія справы.

— А што ён вытварыў? — зацікавіўся Пранціш, якому дэ Вард нагадваў нейкае агіднае марское стварэнне, халоднае, вялізнае і бязлітаснае — слізгае каля цябе ў цёмнай вадзе, і не ведаеш, ці адразу глыне, ці нагу адхопіць.

1 ... 11 12 13 14 15 16 17 18 19 ... 25
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)