Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата
Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата

Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата». Краткое содержание книги:

У чацвёртай кнізе авантурна-прыгодніцкага цыклу Людмілы Рублеўскай загонны шляхцюк Пранціш Вырвіч і полацкі доктар Баўтрамей Лёднік зноў выпраўляюцца ў прыгоды. На гэты раз яны трапляюць у Францыю, дзе Лёднік працуе разам з вядомым навукоўцам Жанам Жыліберам. На гэты раз Лёдніка ўцягваюць у таемнае таварыства, што займаецца злачыннымі аперацыямі на людзях. Пранцішу Вырвічу давядзецца рызыкнуць жыццём, каб вызваліць старэйшага сябра. А па вяртанні на радзіму – новыя прыгоды… Тут адбываецца магнацкае паўстанне супраць караля Станіслава Панятоўскага, і героі апынаюцца нібы паміж жорнамі, іх перакідвае то на адзін бок палітычных сілаў, то на другі. Давядзецца сустрэцца з егіпецкай прынцэсай і каронай святога Альфрэда, плаваць у вадзяным змеі ў падземных азёрах пад Туравам, разгадваць таямніцу шлема арабскага лекара Альбукасіса… Вас захопяць жывая мова і аўтарскі гумар, неверагодныя павароты сюжэта і непаўторная атмасфера 18 стагоддзя - эпохі плашча і кінжала.
1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 25
Перейти на страницу:

Ад часоў спаленай на вогнішчы Грамычынай метады павітух не надта змяніліся. У век Асветніцтва абкурваць парадзіх пер’ем курапатак? Зладзіць курсы акушэрства пры будучай медычнай школе ў Гародні было неабходна. Пані Саламея, сама добрая лекарка і акушэрка, згаджалася дапамагчы. Давыд па сканчэнні курса фармацэўтыкі меўся працаваць у аптэцы пры будучай медычнай школе.

Шмат высокіх слоў прамаўлялі і кіраўнікі Таварыства прагрэсіўнай медыцыны.

— Колькі ёсць людзей — забойцаў, гвалтаўнікоў, якіх падвяргаюць смяротнаму пакаранню, хаця вінаватая ў іх злачынствах хвароба — паталогіі ў мазгу, — тлумачыў вучоны барон. — Магчыма, пухліны памерам з макавінку, таўшчынёй з валасіну! Гэта, умеючы, можна лёгка выправіць, і in summa чала­век стане бяспечным і нават карысным для грамадства! Вось вам прыклад...

Дэ Вард азірнуўся і крыкнуў у бок дзвярэй:

— Гарганцюа, хадзі сюды, сябар мой!

Лёкай за крэслам барона, здавалася, хацеў прыгнуцца.

У пакой, крочачы, як мог бы крочыць пражскі Галем, увайшоў слуга дэ Варда ў чорнай аксамітнай куртцы з нашытымі на яе залатымі змеямі з галовамі пеўняў — эмблемай Таварыства прагрэсіўнай медыцыны. Пранціш у чарговы раз адвёў вочы: яму заўсёды было вусцішна глядзець на гэтага вялізнага барадатага дзецюка з павязкай на лбе — не дарэмна яму далі мянушку «Гарганцюа». Нібыта шкляныя цёмныя вочы, рысы твару калісьці, напэўна, нават прыгожыя, уладныя, але зараз нерухомыя, азызлыя.

— Ці задаволены ты сваім жыццём, сябар мой? — мякка спытаў дэ Вард слугу. Той прамарудзіў з адказам трохі больш, чым належала здароваму чалавеку, але адказаў роўна і хрыплавата, гледзячы ў адну кропку, якая знаходзілася дзесьці над левым плечуком дэ Варда, якраз там, дзе гіпатэтычна мусіў сядзець апанент анёла-ахоўніка:

— Я ўсім задаволены, вашамосць барон. Мне жывецца шчасна і спакойна. Дзякуючы літасці і розуму ягамосці барона.

Дэ Вард пераможна агледзеў кампанію, хаця Лёднік і Пранціш ужо дакладна не раз чулі гісторыю выратаванага слугі, і прадстаўленне разыгрывалася для адной Саламеі.

— А між тым гэты няшчасны быў адным з самых страшных злачынцаў свету. Каб яго не спынілі — на ягоных руках з’явілася б кроў яшчэ соцень бязвінных! Яго мусілі павесіць — але ўдалая аперацыя...

— Я сам зрабіў яе ўжо тры гады таму! — насмеліўся перабіць барона Альфонс Бяскоўскі, нібыта замоўчвання сваіх заслуг баяўся больш, чым раззлаваць мецэната. — І ніякіх наступстваў! Restitutio ad integrum!. Гарганцюа нават не пазбаўлены радасці мець зносіны з супрацьлеглым полам.

— Зносіны — гэта не каханне. Ваш кліент больш падобны да механічнай лялькі, чым да жывога чалавека, — з дрыготкай у голасе адказала Саламея, адводзячы вочы ад чарнабародага волата з мёртвым тварам. — Вы кажаце, выправілі злачынцу да лепшага? Але ці ўратавалі ягоную душу? Гасподзь сам вызначыў шлях да выкуплення злачынстваў — шчырае пакаянне. Чалавек мусіць усвядоміць, што нарабіў, і зажадаць выправіцца. А калі вы пазбаўляеце яго такой магчымасці — гэта бязбожна!

Дэ Вард спыніў востры позірк на абліччы пані... Паглядзець было на што. Вялікія сінія-сінія вочы з даўжэзнымі цёмнымі вейкамі, носік, як вытачаны з мармуру, бялюткая скура без зморшчынаў — хіба ў куточках вачэй і паміж броваў, ружовыя вусны, дасканала акрэсленыя... Пранцішу дужа не спадабаўся баронаў позірк. Папраўдзе, пані Саламея была далёка не ў тым узросце, калі жанчына лічыцца асабліва прывабнай для вока... Але ж і памерлая фаварытка французскага караля Людовіка мадам дэ Пампадур не была юнай, калі круціла каханкам, як хацела, ела дзеля захавання маладосці супы з труфеляў ды ўважалася за Венеру. Фаварытка Францыска Другога, а пасля ягонага сына Генрыха Другога Дыяна дэ Пуацье амаль да сямідзесяці лічылася першай прыгажуняй краіны. Можа, таму, што мылася сцюдзёнай вадой і кожны дзень ездзіла конна. І велічная прыгажосць пані Саламеі па-ранейшаму выклікала не толькі павагу... Тым больш, палачанка нічога не рабіла, каб сябе прыкрасіць, і не стала б траціць два дні на «эмаліроўку твару», як свецкія прыгажуні. Ім тынкавалі аблічча каляровымі пудрамі, і пасля нельга было ўмывацца ды ўсміхацца, каб не пайсці трэшчынамі, як першы лядок на лужыне.

1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 25
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)