Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Айцец Антоній засяроджана маўчаў.
Замоўк на момант і Кастусь.
За бярозамі і хвоямі, неўздалёк ад іх, снавалі людзі; чулася ўзбуджаная людская гамана. Нехта вастрыў касу ці сякеру – чуваць было, як аб метал шоргалася тачыла, выводзячы аднастайнае – шах-шах, шах-шах… Працавала на ўсю магутнасць пераносная кузьня – мясцовы каваль вырабляў з металічных прэнтаў дзіды, шаблі і штыкі…
Ім ніхто і нішто не замінала. Ці была пададзена негалосная каманда не турбаваць іх, ці то яно само па сабе так склалася, невядома, але паміж святаром і спавядальнікам існавала ўзаемапавага і ўзаемадавер.
Усё ведаў святар Антоній. Ведаў нават, што можа здарыцца заўтра…
– Самае непрыемнае і горычнае, Канстанцін, тое, што ты знаходзішся пад Дамоклавым мечам. Нават калі паўстанне і пераможа – я гэта жадаю ўсёй душой і сэрцам, – то да ўлады прыйдуць тыя, хто цябе арыштоўваў… Ім ніхто не перашкодзіць зноў арыштаваць цябе, прыдумаўшы, а мо і не прыдумаўшы нейкія твае пралікі ў кіраванні паўстаннем, паставіўшы ў віну, што падчас баёў з царскімі жаўнерамі загінула шмат інсургентаў. І як ні горка тое прызнаваць, яны будуць мець рацыю…
– Вы ўслых выказалі мае ж думкі.
Словы дыктатара прагучэлі як звон напятай мінорнай струны, як гул звона. Нешта скаланулася ў душы ксяндза, і ён вялікім намаганнем стрымаў у сабе боль, які прасіўся вонкі. “Божа, Езус Хрыстус, уратуй душу Каліноўскага, даруй яму яго грахі і правіны справай ці ў думках зробленыя!..
– Мяне абралі кіраваць, але і на пагібель, на смерць. Для эшафоту... І перад Богам я буду выглядаць грэшнікам.
– Навошта ж так горычна, сын мой Канстанцін? – спытаў святар. – Нельга браць на сябе і прызнаваць тыя грахі, якія яшчэ не здзейснены. Гэта толькі ўяўленне.
– Можа і так, – суровеў голас Каліноўскага, – але я яскрава бачу, адчуваю. Мяне не пачулі падчас паразы, мной пагэбуюць, ахвяруюць і пад час перамогі…
Ксёндз, набраў поўныя грудзі паветра, уздыхнуў:
– На вялікі жаль… На вялікі жаль.
Над іх галавой, недзе ў вільчыку сухой сасны, зашчыраваў дзяцел, руструшчваючы шышку, заціснуўшы яе ў расшчэліну. На іх зляцела дробная шыляга, падала ім на плечы і галовы, быццам першы снег…
– Я сам прыму ўдзел у заўтрашнім баі, – глуха прамовіў Каліноўскі, – і можа складу сваю галаву на гэтым полі…
– А ці трэба тое – удзел у баі? Ты ж кіраўнік паўстання, а не радавы інсургент.
– Калі ж буду ззаду, то ўсе скажуць, што пасылаю інсургентаў на смерць, а сам хаваюся за іх спіны. Я павінен адчуць, як б’цца сэрца закалата, а не чытаць потым данясенні ці сведчанні відавочцаў і ўдзельнікаў. Ды і праверу…
Ксёндз павярнуўся да яго, удакладніў:
– Праверыш – што?
– Калі застануся жывы, то буду ведаць, што Гасподзь дабраслаўляе мяне на гэтую справу. Калі ж… То тое ўжо будзе азначаць, што стварыў вялікі грэх перад Ім.
Каліноўскага раз-праз паціраў скроні, баючыся, каб яго не схапіла нечакана нервовая дрыготка і калатун… Не да месца было б тое, не да месца…
……………………………………………………………
...Сярод ночы разбудзілі, павялі зноў на допыт.
Паміж следчым і зняволеным стаіць свечка, слабы яе агеньчык хістаецца, вось-вось патухне.
– Опять возвращаемся к нашему разговору, назовите фамилии руководителей вашего бунта…
Следчы ўжо прывык да таго, што Каліноўскі на гэтае пытанне заўсёды адмоўчваўся, таму і не чакаў нічога пачуць.
Але нечакана вязень ажывіўся, прамовіў:
– Добра, скажу, калі ўжо так неабходна вашаму следству... Кіраўнік нашага нацыянальна-вызвольнага паўстання маёр амерыканскай арміі, генерал-лейтэнант, кавалер ордэна Цынцыната, верны сын нашай краіны...
– ... верный сын нашей страны, – падахвочваў Каліноўскага следчы да працягу прызнанняў, верачы ўжо, што дамогся, урэшце рэшт, свайго, узяў у рукі пісала, абмакнуў яго ў чарніліцу.
– Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка!
Следчы расшпіліў сурдут, пачаў занатоўваць на паперы моўленае імя, але тут жа спахмурнеў, насупіўся:
– Вы перепутали время, заключенный Калиновский! Костюшко руководил бунтом, который произошел почти сто лет назад.
– Паўстанне працягваецца яшчэ і сёння. І кіруе ўсім Тадэвуш Касцюшка.
– Бунт подавлен и на этот раз… Вы признаете это, заключенный?
– Не магу прызнаць гэтага. Ні ў якім разе. Паўстанне будзе ісці кожны дзень, кожны год, да тае пары, пакуль не скінем з сябе двухгаловага арла, пакуль не залунае над нашай краінай бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”, пад якімі змагаліся касінеры за сваю незалежнасць...