Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
Адчуўшы сталасць, Жэня зірнула трохі іншым вокам і на свякроў. Маладзіца ўбачыла, што яна амаль зусім не баіцца Іваніхі, толькі шануе яе і нават, здаецца, любіць. А ўсё ж хацелася б, з кожным днём больш, самой быць гаспадыняй печы, хаты, нават гаспадаркі.
Ды Іваніха, хоць і ў гадах ужо, і нямоглая, сама яшчэ трымала лейцы — коратка і моцна.
I Жэня адчувала гэта даволі часта, толькі ў далёкай мары бачачы сябе самую поўнай гаспадыняй… I ў думках нават, вядома, не носячы якога-небудзь ліха супроць бабулі свае Любачкі, Шуркавай мамы і добрай, хоць і суровай, збоку гледзячы, жанчыны.
Усё было б зрэшты — божа мой! — гэтак добра ў іх хаце, каб не гэтая праклятая вайна…
Праўда, яны яе яшчэ не бачылі, як другія. Шурку ўзяць у Чырвоную Армію не паспелі. Як толькі аб'явілі, што вайна, мужчыны і хлопцы з іх Клёніч пайшлі ў ваенкамат, адтуль — на станцыю. Але яе ўжо там разбамбілі, і немцы вось-вось, і парадку не было ніякага, і ўсе вярнуліся дахаты. Немцы ішлі алсно некалькі дзён, але Клёнічы, хоць і блізенька ад гасцінца, уцалелі. I самі пакуль што жывыя.
Гора таму, чые пайшлі перад вайной у армію, неўзабаве пасля таго, як стала і тут савецкая ўлада. А некаторыя хлопцы яшчэ і з панскага войска назад не прыйшлі. Другія людзі і плачуць, не ведаючы пра сваіх: ці жывыя яшчэ, ці ўжо не — хто даўно, а хто толькі што?
У мястэчку, дзе быў сельсавет, і ў раённым горадзе — падумаць толькі страхоцце! — яшчэ з восені пастралялі ўсіх яўрэяў. I з Ганчароў, і з Горак, і з Капуснікаў пабралі тых, што былі пры панах падпольшчыкамі, а потым актывістамі. I мужчын ды хлопцаў пабралі, і дзяўчат, і жанчын ад маленькіх дзяцей. Пахапалі знячэўку і, кажуць, нават і не стралялі іх, а галовы іх шаблямі секлі. Вучыліся паліцаі, як гэта робіцца…
Многа ўжо іх развялося, сабак!.. Спачатку злыдні ўсякія самі да немцаў пайшлі, а пасля пачалі і іншых браць — сілаю.
I падумаць нават страшна, што і да Шуркі могуць прычапіцца…
…Учора толькі выпаў снег, а сёння ўжо мужчын з усіх Клёніч пагналі ў лес, па дровы для паліцэйскай камендатуры. ІІаляцелі, ліха на іх, цэлаю зграяй. Солтыс яшчэ звечара заказаў, і Шурка ўжо запрагаў каля хлява, калі іх двух зайшло ў расчыненыя вароты. Адзін нейкі чужы, незнаёмы. Мусіць, з байцоў, што тут пааставаліся пры адступленні, бо гаворыць ён чыста па-руску. А другі — з Капуснікаў, Тхорыкі на іх кажуць. Пустальга ды зладзюга. Сам першы ў тую паліцыю пабег, ды такі ж катарэзнік зрабіўся, што і знаёмыя ўжо баяцца стрэць яго, і ўсе навокал праклінаюць. Калі яны ўзышлі на двор, Шурка ўжо якраз запрог і ехаў насустрач.
— Тпру! — сустрэў яго Тхорык. — Гатоў?
— Гатоў,— кажа Шурка, спьшіўшыся.
А той глядзіць і не ведае, да чаго прычапіцца. Знайшоў.
— Якая пуга ў яго, паглядзі,— калса свайму напарніку. I да Шуркі: — Ану, пакажы!
Той даў, вядома, а гэты — каб ён да вечара галоўкай налажыў! — лясь, лясь пугай па Шурку, пасля па кані. I з саней не даў злезці, у хату зайсці… З пугай у руцэ — так і пайшоў на іншыя двары, рагочучы з тым сваім памагатым, а можа, чорт іх ведае, і начальнікам.
Плакалі Жэня з мамай і гаварылі доўга, прадучы… Адна пацеха — Любачка шчабятала ім сваё «ня-ня-ня!» ды ўсміхалася, стоячы на лаве ў стойцы. Што ты хочаш — малое, нічога не ведае. А потым бабуля на-карміла яе кашай і палажыла ў калыску. Дый сама прылегла на печы, бо нешта ёй зранку яшчэ недабрылася. Яна там адразу сціхла, а гэтая бяссогшіца яшчэ доўга букала з-пад хусцінкі. Заснула потым, і матуля перастала калыхаць.
Прадзе і думае — невясёлую думу…
А дзень за акном такі сёння ціхі ды чысты! Снег учарашні лялсаў на голлі яблыні, на штакетах гародчыка, на страсе хлява, на ўсім-усенькім — колькі скінуць вокам. А сонца — ужо на поўдні — зацягнута лёгкімі хмаркамі, нібы той Любін тварык хусткай.
Яна падумала так і ўсміхнулася. Потым устала з прасніцы і схілілася над калыскай. Спіць сабе іхняя гаспадынька!.. Усе ёй служаць, як пані якой, уся хата. Не вытрымала Жэня — асцярожненька сцягнула хустку і залюбавалася. Не падзяліць ім з Шуркам, што тут чыё: чые вочы, чый нос… Броўцы якія харошыя, як у самога!.. А губкамі як цмакае благоцце і праз сон… Жэня адчула сваё вялікае шчасце пад цёплай цяснотай яшчэ дзявочага станіка. «Хутка прачнецца, папросіць», — падумала пра малую. А сонца, як на тое, выглянула з павалокі хмар і засвяціла ў хату праз яшчэ не замёрзлыя шыбы. Жэня нават спалохалася, што малое, чаго добрага, чхне ды прачнецца. Накрыла яе хусткай і гайданула калыску. Пастаяла трошкі, а тады павярнулася да акна.