Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Ад сяўбы да жніва - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ад сяўбы да жніва

Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:

Народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль даўно, яшчэ сваімі першымі апавяданнямі пакарыў сэрцы чуйных да роднага слова чытачоў. Янка Брыль — сапраўдны паэт у прозе, адзін з глыбокіх нашых псіхолагаў, майстар лепкі ў слове вобразаў, якія за вонкавай прастатой нясуць у сабе глыбокі падтэкст, мастацка-філасофскае асэнсаванне жыцця. У кнігу ўвайшло лепшае у жанры апавядання, створанае аўтарам за паўвека плённага творчага жыцця.
1 ... 125 126 127 128 129 130 131 132 133 ... 238
Перейти на страницу:

— Добры вечар, таварышы. Можна прысесці? Хто сядзеў, дык тыя рассунуліся на лаўцы, і ён прысеў.

Маўчаць усе. А потым той, пераапрануты, нібы яго хто за язык пацягнуў, пытаецца:

— Ну што, адваяваўся?

Баец, відаць, па мове здагадаўся, што той — не мясцовы. Але змаўчаў яму.

Зміцер Несын — ён стаяў — паглядзеў на байцову руку, на ўсяго яго, потым на боты і пасміхнуўся, разумненькі:

— Хэ-хэ-хэ!.. Цікава, браце, хто з вас кашы раней папросіць — ты ці яны?..

Маўчаць усе — і баец, і мужчыны. I нікому ж, вядома, такое не смешна.

А потым той, пераапрануты, пачаў:

— Вось так і драпаем, хто дзе — «на земле, в небесах и на море…». Хутчэй бы ўжо толькі канчалася, ды дахаты…

Баец паглядзеў на яго — доўга так — і спытаўся:

— Ты хто?

— Я не з тваіх, ты не бойся, — адказвае той. — Я, дружа, з тых, што дагэтуль маўчалі.

— Дык як жа ты, — кажа баец, — мог падумаць, сука, што нехта здолее верх над намі ўзяць, над савецкім? Можа, твой Гітлер?

Тут ужо і Зміцер умяшаўся са сваімі смешкамі.

— Цябе цяпер, — кажа, — таварышок агітатар, толькі на Гітлера і выпускаць. Ты б яму даў!..

Зноў ніхто не смяецца. Нават і той, пераапрануты.

Баец падняўся.

I толькі ён хацеў нешта сказаць ці проста пайсці адгэтуль, Шурка спытаўся:

— Вы, можа, есці хочаце, таварыш? Дык хадзем да нас.

Той паглядзеў на Шурку, і яны пайшлі.

I ён сядзеў у іх за сталом, гэты хлопец, прагна сёрбаў капусту, раз-поразу кладучы лыжку на стол, каб узяцца той самай рукою за лусту. Еў і расказваў, што сам ён ажно з Дона, што недзе там, у станіцы ягонай, і хата, і родныя ёсць. Гаварыў ён — як свой са сваімі. I адно толькі слова, здаецца, было яму вымавіць найцяжэй. Ужо калі ён дзякаваў старой ды назваў яе тым словам, толькі неяк па-свойму — «маманя», нібы спатыкнуўся на ім…

Зайшоў чалавек, накармілі, пайшоў…

Не першы быў ён тады, ой, не першы ў іх хаце!..

Не толькі яны, Іванішыны, але многія, можа, нават — без таго Несына — усе ў Клёнічах двойчы ці тройчы за той страшны тыдзень пяклі хлеб, і зранку, і ўдзень варылі чыгунамі бульбу, даставалі з кубельцаў прыпасеную на касавіцу і жніво скараміну. Не лічыліся людзі ні з чым для сваіх, і кармілі, і на дарогу давалі.

Не дзіва было, што і гэтага накарміла старая Іваніха, што і яшчэ адзін нечы сын — не з Масквы, не з Урала, дык з Дона — назваў яе святым для ўсіх і ўсюды словам. Не дзіва, што і пашапталіся яны тады, баец і Шурка, пра нешта, выйшаўшы з хаты… Спытала пасля ў свайго начная зязюля: «Пра што вы там гаварылі?» А ён па-чужому неяк адсек: «Спі лепш, а то старою будзеш без пары…» Што ж, і пра гэтую крыўду забылася б, і не дзіва. I памятала б, можа, пра тую толькі палутарку з фікусам, пра руку, што сарвалася з борта, калі па ёй ударылі, пра худога смуглявага хлопца, якому цяжка было ўтрымаць у другой, здаровай руцэ нават лыжку з капустай…

Ды ён не стаў успамінам, ён — тут!..

Калі яна заўважыла яго, ён спаў у прыстаранку іхняга гумна, на саломе, каля акенца, што высякаюць нізка над зямлёю, для вала ад малатарні.

Спаў ён у Шуркавым доўгім кажусе, лежачы на левым баку і тварам да акенца. Галава яго ўбінтавана была, відаць, ручніком, і смуглы твар выглядаў з-пад белага, як з-пад хусткі, калі яе ў спякоту завяжаш нізка, да брывсй. Рукамі — ужо абедзвюма і таксама ў Шуркавых, ёю звязаных, рукавіцах — баец абнімаў вінтоўку. Толькі валёнкі былі на ім не іхнія. I кніга, якую ён пакуль заснуў, чытаў,— таксама, здаецца, чужая…

Не прачнуўся ён ні ад скрыпу дзвярэй, ні ад святла, што хлынула сюды з аснежанага, сонечнага двара.

А яна не крыкнула — ні ад страху спачатку, ні ад здзіўлення і здагадкі — пасля.

Жэня не толькі пазнала байца — яна і зразумела адразу, хто ён цяпер. Больш таго — маладзіца адразу здагадалася пра многае, пра што апошнімі днямі ніяк не магла даўмецца. Яна зразумела, чаму і пра што свякроў з Шуркам шапталіся ўпотай ад яе; чаму старая пачала нядаўна варыць у большых гаршках і яны, тою самаю еям'ёй, пачалі ўсё дазвання з'ядаць; чаму Шурка пачаў хадзіць па сена не з рэзгінамі, а з дзяругай.

Жэня ішла па сцежцы з пустымі рукамі, рэзгіны пакінуўшы ў гумне — для большай, як ёй здалося, асцярогі ад ліхога вока. Ішла, і ў душы яе варочаўся з месца на месца вялізны свет, у якім нішто ды ніяк не магло спыніцца, супакоіцца… Тут было і тое, іпто яна нечакана ўбачыла, і што ўспомніла, і што адчувала — і жах, і жаль, і крыўда!..

За думкай, што яны хаваюць партызана, сам паказаўся выскалены ў рогаце Тхорыкаў рот, і ў руках нелюдзя замест пугі была ўся ў крыві — шабля… Усе… Усе!.. I Любачка!.. Божа мой, тут разарвацца мала ад жалю і жаху!..

1 ... 125 126 127 128 129 130 131 132 133 ... 238
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)