Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Яны ўзлезлі на самы яе верх і спыніліся. Скрозь было ціха, цёмна, патыхала лясною сырызнай, хвояй. Наўкол у доле чарнеліся тоўстыя камлі хвой, купкі ядлоўцу, нейкія незразумелыя і страхавітыя плямы, але Бураў даўно ўжо прывык да загадкавага выгляду начнога лесу, той яго мала трывожыў. Цяпер яго болей трывожыў Сушчэня.
— Ну, — знарок бадзёра сказаў Бураў. — Чым не мясціна! На любы выпадак!
— Выпадак!.. Каб мне сказалі калі… — пачаў і не скончыў Сушчэня.
Паныла апусціўшы плечы, ён стаяў на пагорку, пераводзіў дых, усім сваім апанураным выглядам сведчачы, што робіцца несправядлівасць, супраць якой ён знямогся пратэставаць і змушаны ёй падпарадкавацца. Бураў бачыў гэта, і яму ўсё болей рабілася ніякавата ад сваёй незайздроснай ролі ў гэтай гісторыі, хоць ён і гнаў ад сябе тое недарэчнае адчуванне. І ён сказаў, нібы для таго, каб трохі паспачуваць Сушчэню:
— Канешне, усё бывае. У такую вайну…
— Але ж гэта дзіка! — ледзь не закрычаў Сушчэня, і Бураў, спахапіўшыся, шыкнуў на яго:
— Ціха ты!
І азірнуўся на Войціка, які стомлена стаяў з канём трохі ніжэй ад іх на схіле пагорка.
— Войцік, ты ад’едзь там к дарозе. Пільнуй, каб чаго… Пакуль управімся.
Не адразу, па сваёй даўняй звычцы аб чымсь спачатку падумаўшы, Войцік нацягнуў повад і моўчкі павёў каня ўніз да ўзлеску і недалёкай адсюль гравійкі. Бураў пусціў долу кабылку — хай пасвіцца.
— Ну давай! Дзе ты хочаш? — проста, як пра штось малазначнае, запытаўся ён у Сушчэні. Той нібы ачнуўся ад задумення і з сілай дзеўбануў рыдлёўкай там, дзе стаяў.
— Праўду сказаў Гросмаер: у яго ўжо не выкруцішся.
«Ага, ужо і Гросмаер нейкі! — падумаў Бураў. — Вось так і высвятляецца… Ці не сувязь высвятляецца…» Ён трохі адышоўся ўбок, каб не замінаць Сушчэню, стаў на пагорку. Увогуле ён разумеў, што, пагадзіўшыся завітаць сюды, робіць не тое, растранжырвае каштоўны час ночы, за які яны ад’ехалі б адгэтуль далёка, што заўтра як бы не давялося шыбаваць павідну каля шышанскага гарнізона, павідну пераходзіць шасейку. Але міжволі ён усё нешта адцягваў, абачліва знаходзячы для таго нейкія прычыны і нават быў рады ў глыбіні душы, калі тыя прычыны знаходзіліся яшчэ і ў Сушчэні.
Моўчкі, з нейкаю нават упартай зацятасцю, Сушчэня тым часам узяўся капаць сабе яму. Адкінуўшы ўбок мох, ён дзёўб хваёвыя карані, якіх, мусіць, тут была процьма, паабсякаўшы іх, выкідваў разам з белым сухім пяском і ўжо праз некалькі хвілін да калень паглыбіўся ў зямлю. Яшчэ пакапае трохі, і, мабыць, будзе даволі, са страхавітай рашучасцю падумаў Бураў. Усё ж трэба канчаць. Як гэта зрабіць, ён так і не надумаў за вечар — ці стрэльнуць яго ў яме, ці над ямаю? Страляць у грудзі або ў патыліцу? Як лепш? Ці, можа, запытацца ў самога? Ён не хацеў, каб усё гэта было бязлітасна, са здзекам, хацеў, каб усё абышлося па справядлівасці і без крыўды. Усё ж свой чалавек, знаёмы вясковец. Ды яшчэ Анэля. І малы Грыша… «Як усё тое агідна і не па-людску, хай бы каго паслалі яшчэ», — каторы ўжо раз пачынаў злаваць Бураў.
— Ты, гэта, хоць не кажы Анэлі, — выпрастаўся ў яме Сушчэня, часта і цяжка дыхаючы ад стомы.
— Што не казаць? — насцярожыўся Бураў.
— Ды што расстраляў! Скажы, немцы забілі. Пасля ўжо, канешне, дазнаецца…
— Там відаць будзе, — няпэўна адказаў Бураў.
«Дзівак чалавек! — падумаў ён пра Сушчэню, які, трохі перадыхнуўшы, зноў лёг у работу. — Пра што клапоціцца…» На пагорку ўжо вырас ладны пясчаны гарбок, які выразна бялеўся ў доле, хутка разрастаючыся ўшыркі. Сушчэня шчыраваў як мае быць — мусіць, сапраўды клапаціўся, каб магіла была не горшая, чым на вясковых могілках. Ну, але гэта яму не могілкі, каб рабіць усё добра і грунтоўна, ды і ён не той, якіх там хаваюць. «Найперш ён здраднік, а затым ужо ўсё астатняе», — стараўся раззлаваць сябе Бураў.