Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Бураў, здаецца, вылаяўся і зноў знямогла аціх у доле.
Счакаўшы трохі, Сушчэня ўстаў на калені, бураўскі карабін надзеў рамянём на шыю, каб той не замінаў пры хадзе. Гэты раз узваліць на сябе Бурава аказалася трудней, чым раней, і ён, хістаючыся, ледзьве падняўся на ногі. Хісткім крокам між дрэў і голля ён скіраваў у той бок, дзе, памятаў, за сенакосамі і Цімаковым балотам былі тыя лесавыя Бабічы.
Ведучы на повадзе каня, Войцік тады спусціўся з баравінкі, прадраўся праз алешкавы гушчар да гравійкі. Тут, ля дарогі, была яшчэ спазнелая трава, у якую адразу ўлёг яго згаладнелы конь (там жа, на выспе пад хвоямі, не было нічога). Войцік спярша патрымаў яго на повадзе, а пасля пусціў самапасам; паначы між кустоўя нідзе не дзенецца, падумаў Войцік, а сам закінуў за плячо вінтоўку і прыпёрся да камля адзінокай хвоі, што бліжэй за іншых стаяла ля дарогі. Было сцюдзёна, з поля дзьмуў золкі настырны вецер, добра яшчэ — без дажджу, а то б зусім дапякло на гэтым іх бязглуздым заданні. Коні дык зусім падбіліся за дарогу без ніводнай папаскі, а яны… Яны згаладнелі не менш за коней, толькі пра іх каму клопат? Пра сябе яны вінны былі клапаціцца самі, так заўжды было заведзена на заданнях, па крайняй меры, з самай вясны, як Войцік прыйшоў у атрад. Але ў такіх заданнях, ведаў ён, не ўсё абыходзіцца гладка і шмат што залежыць ад старшага. Ад камандзіра. Цяпер камандзірам назначылі Бурава. Што ж, Войцік не пярэчыў: Бураў быў партызан з вопытам, зноў жа, разведчык, ён гойсаў па заданнях, можа, болей за Войціка, можа, і пад кулямі быў часцей. Толькі ці разумнейшы ён — вось у чым справа. Калі браць па нядаўнім яшчэ даваенным жыцці, дык усё ж Войцік як інспектар райза, мусіць, значыў крышку больш, чым нейкі там шафёр райпоўскай палутаркі Колька Бураў. Але ён ужо ведаў, што цяпер, у вайну, не надта зважалі на ранейшы, даваенны статус, цяпер неяк неўпрыцям павылучаліся новыя — хто іх да вайны калі і ведаў, — як во камандзір падрыўнікоў Рыбчонак, што перад вайной, мабыць, толькі паспеў скончыць школу, ці пажарнік Сліпчанка, цяперашні начштаба іхняга атрада. Пра Войціка яны нібы забыліся, нібы яго і не было ў раёне, не сядзеў ён у прэзідыумах, не круціўся па вёсках упаўнаважаным, не выступаў з допісамі ў газеце. Усё-такі ён быў чалавек вядомы і нават складаў прамовы старшыні выканкома таварышу Корбуту, які хоць і меў ордэн і быў кіраўнік хвацкі, але не ўмеў звязаць тры словы па-людску. Заўжды ў яго выходзіла не прамова, а нейкая слоўная каша. Ну, дома, у раёне, вядома, гэта была не бяда, тут да ягоных прамоў-трасянак даўно прывыклі, але ж часам трэба было выступіць і ў вобласці, на якой нарадзе, перад начальствам. Во тады старшыня выканкома і клікаў Войціка да сябе ў кабінет, садзіў за стол насупраць, і Войцік за два дні сачыняў яму любое выступленне. На любую мудрагелістую тэму.
Па сваім часе Войцік лічыў сябе чалавекам адукаваным, усё ж скончыў сем класаў, а галоўнае — меў зграбны, каліграфічны почырк, якім ганарыўся ўсе тыя гады, што працаваў у раёне. І асабліва калі яшчэ рабіў у сельсавеце. Ён і ў сельсавет трапіў менавіта праз гэты свой почырк. Неяк напярэдадні калектывізацыі абралі яго ў прэзідыум вясковага сходу і даручылі пісаць пратакол. Папера была так сабе, сшытак у клетачку, чарніла даволі вадзяністае, але ручку ён меў сваю, вучнёўскую, з літарамі КУШТО на бліскучай апраўцы, з выдатна распісаным пяром нумар 86. І там ужо ён пастараўся. Ён так акуратна, з палямі і выкручастымі росчыркамі вялікіх літар напісаў пратакол, што старшыня сельсавета, падпісваючы яго ў канцы, выкаціў вочы: ну і майстар! Ды і астатнія члены прэзідыума здзіўлена паўзіраліся — такога почырку яны ніколі не бачылі. Старшыня сельсавета на яго, аднак, не забыўся, і ў маі таго ж года ён ужо сядзеў у сельсавецкай хаце і пісаў. А калі таварыша Корбута пасадзілі кіраваць раёнам, Войцік таксама перайшоў у выканком — кадр ён быў ужо спрактыкаваны і даволі правераны.
Тут жа, у атрадзе, рабіць па ягонай спецыяльнасці, пэўна, не было чаго, ды ён, зрэшты, і не набіваўся на штось адметнае. Сказалі ўзяць вінтоўку і стаць у строй, ён узяў вінтоўку і стаў у строй. Праўда, і тут ён значна вылучаўся сярод малапісьменных калгаснікаў, якія ні дня не служылі ў войску і, канешне, тае вінтоўкі не трымалі ў руках. А ўжо калі разабраць і сабраць затвор… Ён жа хоць таксама не служыў абавязковай, але добра вывучыў вінтоўку на занятках Асаавіяхіма, дзе нават страляў тры разы, як здаваў нормы на значок «Варашылаўскі стралок». Значок і цяпер у яго на грудзях, бы ордэн. Хоць, можа, яшчэ заслужыць і ордэн, Чырвонай Зоркі, напрыклад, як у камандзіра. Што ён, дурнейшы за гэтага нахрапістага пяхотнага лейтэнанта? Можа, разумнейшы нават, бо старэйшы за яго аж на восем гадоў і ўсіх і ўсё тут ведае, а што радавы дагэтуль, дык гэта таму, што сціплы. Са словам не выскоквае, на бога не бярэ, усё па-добраму, паслухмяна і ціха.