Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 116 117 118 119 120 121 122 123 124 ... 254
Перейти на страницу:

— Дзядзя, а ў цябе наган ёсць? — спытаў ён, зноў прыхінаючыся да яго калень.

— Не, які наган? — сказаў Бураў.

— А во што гэта? — кароценькім пальчыкам ён паказаў на яго кабуру.

— Гэта так. Сумачка.

— А нашто сумачка? — дапытваўся Грыша, смокчучы свой кароценькі пальчык. Неяк неўпрыкмет ён абняў калені Бурава і ўжо ласкава, як кацяня, цёрся аб іх. Сушчэня тым часам сядзеў насупраць і не адганяў сына — ён паглыбіўся ў свае, мабыць, невясёлыя перажыванні. У той час у сенцах грукнулі дзверы, і ў хату не адразу, неяк запаволена, бы з ношай, увайшла жанчына з вядром, у цёплай, ваўнянай хустцы на галаве. Згледзеўшы чужога на лаве, відаць было, боязна насцярожылася, але тут жа яе ўвагу адабрала малое, якое ўжо спрабавала ўзлезці Бураву на калені.

— Грыша!

— А ў дзядзі наган ёсць. У сумачцы, — жвава паведаміў хлопчык.

На твары ў гаспадыні штось здрыганулася, як здрыганулася і ў душы Бурава, які адразу пазнаў у гэтай жанчыне Анэлю Крукоўскую, з якой некалі тры гады вучыўся ў тутэйшай школе.

Відаць, яна пазнала яго таксама.

— Здраствуйце.

— Здраствуй, Анэля, — збянтэжана сказаў Бураў. Ён не ведаў, што тая дзяўчына стала жонкаю Сушчэні, гадоў восем ён з ёй не бачыўся і нават нікога не папытаўся аб ёй, і гэтая сустрэча сталася для яго зусім нечаканай. Але цяпер ён намогся, робячы выгляд, што паяўленне Анэлі зусім не навіна для яго, што ён усё даўно ведае. Далей, аднак, размова ў іх не пайшла, абаім штось замінала. Бураў дык ведаў, канешне, што, але, мабыць, здагадвалася і Анэля. Напэўна, адчувала. Тым не менш яна ўвачавідкі перасіліла сябе і нерашуча прапанавала:

— Трэба ж пачаставаць вас. Галодныя ж, мабыць?..

— Няма часу, Анэля, — сказаў Бураў і тут жа зазлаваў на сябе: есці, канешне, дужа хацелася. Таксама хацелася пасядзець, пагрэцца ў хатнім цяпле, пагутарыць з ветлівай, ніштаватай з твару жанчынай, якая некалі нават падабалася яму, хоць і была гады на два старэйшая за яго. Дужа карцела Бураву адагрэць азяблае за дарогу цела ці, можа, надалей адсунуць тое, дзеля чаго ён прыехаў сюды і чаму міжвольна супраціўлялася ўся яго істота. Але як было расслабляцца, як было забыцца аб тым хоць на хвіліну? Ён і так сядзеў, бы на вуголлі: недзе на дрывотні яго чакаў Войцік і, можа, па вуліцы ўжо брылі сюды паліцаі.

— Завесь акно, — ціха гукнула Анэля да мужа, а сама кінулася ў пасуднік, затым да печы, забразгала засланкай. Сушчэня таропка завесіў акно паласатай радзюжкай, што вісела побач на цвіку, а Бураў, падумаўшы, сцягнуў з нагі мокры бот.

— Во, можа, у вас якая анучына знойдзецца? Пераабуцца.

— Ануча? Зараз.

— Анэля шаснула ў запечак, чуваць было, нешта разадрала там і хутка вынесла яму дзве мяккія і нават цёплыя анучыны. Дровы ў грубцы сталі добра ўгарацца, скрозь па падлозе заскакалі барвовыя водбліскі, асвятлілі чырвоным і без таго счырванелую ад сцюжы ступню Бурава.

— А як жа мама твая? Ці жывая? — запыталася Анэля ад печы.

— Мамы няма ўжо. Тры гады як.

— А сястра ж Феня?

— І сястры няма. Забілі вясной у Лісічанскай пушчы.

Гаспадыня там часам паставіла на стол міску з цёплай смажанай бульбай, ад якой ішоў такі смачны пах, што цяжка было ўтрымацца, але Бураў пераабуваўся з абыякавым да ежы выглядам — быццам сам нядаўна ад стала. Сушчэня тым часам сігануў за посцілку і паставіў ля міскі трохі няпоўную пляшку, у якой знаёма калыхалася мутнаватая вадкасць.

— Дык, можа, прысядзеце? — амаль умольна зірнуў ён на Бурава, ды той рашуча пакруціў галавой.

— Не, не буду.

— Шкада. Ну што ж, тады я. Можна?

— Ладна, — пагадзіўся Бураў. — Толькі нядоўга.

Сушчэня наліў шклянку і выпіў, зараз, з нейкай нядобрай рашучасцю, бы кідаўся ў вір — без аглядкі, пажаваў кавалак хлеба і на момант знерухомеў каля газнічкі. Анэля ставіла і ячшэ нейкія талеркі — з салам і агуркамі, кідаючы хуткія, заклапочаныя позіркі то на мужа за сталом, то на Бурава ў прасценку.

— Эх, як не па-людску ўсё! — скрыгануў зубамі Сушчэня, і Анэля крутнулася да Бурава.

— Анягож! Ці ж мы спадзяваліся на што, ці чакалі! Як яго ўзялі, у мяне сэрца зайшлося, тыдзень спаць не магла, усе вочы праплакала… Аж выпусцілі, што ж цяпер рабіць? Ці ж па яго волі?..

Неўпрыцям глытаючы слінкі, Бураў тым часам не пераставаў сачыць за ўсім, што адбывалася ў хаце, услухоўваўся ў кожны прыцішаны гук знадворку. Але на падворку і вуліцы, здаецца, усё было ціха, у незавешаным ля парога акне ўжо чарнелася начная цемра. Грышка падлез пад сталом і ўмасціўся на лаўцы ля бацькі (бліжэй да ежы), здаецца, ужо страціўшы цікавасць да госця.

1 ... 116 117 118 119 120 121 122 123 124 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)