Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 122 123 124 125 126 127 128 129 130 ... 254
Перейти на страницу:

Бураў, аднак, маўчаў, толькі здрыгануўся целам і вуркотна-ціха стагнаў. Мусіць, папала яму як мае быць, падумаў Сушчэня, так ён можа тут і сканаць. Але што ж яму можа зрабіць Сушчэня, чым памагчы? Ці, можа, схаваць куды, бо ўдзень, як развіднее, гэты бераг асіннічку ўжо будзе, напэўна, відаць з дарогі, цяпер праз голы падлесак відаць далёка.

Сушчэня мужчына быў дужы, некалі на станцыі разгружаў вагоны з соллю, і цяпер, напяўшыся, узваліў на сябе цяжкаватае такі цела Бурава, узяў яго вінтоўку, і, абапёршыся на яе, бы на палку, узгробся на ногі. Немалой сілы спатрэбілася яму, каб з ношаю выбрацца праз гушчар на вальнейшае месца, далей ён выпрастаўся, зручней паддаў на спіне параненага. Пад хвоямі ісці стала спрытней, але ён зачапіўся за корань і ледзьве не паляцеў спотырча ў дол. Неяк усё ж утрымаўся, зноў паддаў Бурава, і той горача і пакутна выдыхнуў яму ў вуха:

— Войцік, ты…

Сушчэня хацеў азвацца, сказаць, што ён — не Войцік, але гаварыць яму было не надта каб зручна, і ён палічыў за лепшае змоўчаць. Хай думае, што гэта Войцік, а там будзе відаць. Галоўнае, пакуль ноч, трэба далей адсюль, бо, чаго добрага, зноў налезеш на тых ці яны самі дагоняць. Уранні яны могуць усё тут аблажыць, пачнуць прачоску, як бы не загрэблі абодвух у свой паліцэйскі нерат.

Аднак брысці так па лесе з цяжкім мужыком на плячах, нязручна ўгнуўшы галаву, было не дужа каб лёгка. Сушчэня ўгрэўся, ажно спацеў, праз якія паўгадзіны пачалі падгінацца ногі, і ён, каб не ўпасці, апусціўся на калені, побач на сухі, хвойны дол ашчадна паклаў Бурава. Рана таго ўсё крывяніла, плечы Сушчэні былі мокрыя ад яго крыві, і Сушчэня, сутаргава хапаючы ротам стылае паветра, хвіліну сядзеў зняможана, паклаўшы на калені рукі. Ён па-ранейшаму напружана ўслухоўваўся ў цягучы шум лясных абсягаў, нават азіраўся па змрочных баках, але адразу ўчуў, як побач заварушыўся паранены.

— Што? Што табе?..

У наступную хвіліну ён зразумеў, што Бураў лаяўся, мусіць, ад болю, а пасля запытаўся здушаным шэптам:

— Куды… Куды ты нясеш?..

— І сам не знаю, — узрадаваўшыся, што паранены загаварыў, сказаў Сушчэня, усё яшчэ цяжка аддыхваючыся.

— Войцік? — тузануўся Бураў, заграбаючы побач рукой.

— Не Войцік — Сушчэня я, — сказаў Сушчэня, і Бураў зноў змоўк, бы насцярожыўся. Падобна, ён успамінаў штось ці думаў і пасля спакайней сказаў:

— Сушчэня, мяне добра падстрэлілі?

— А хто ж яго ведае. Але падстрэлілі, — пагадзіўся Сушчэня.

— А я цябе не паспеў…

— Дык калі ж было?.. Яны знянацку наскочылі… — сказаў Сушчэня і змоўк, не ведаючы, што сказаць яшчэ.

Бураў, відаць было, неяк утаймаваў свой боль, расплюшчыў вочы, паўзіраўся між цёмных хваін у трохі святлявае начное неба.

— Куды ты мяне валачэш?

— І сам не ведаю, — сказаў Сушчэня. — Але ўжо не дагоняць.

— Ты мяне ў Зубраўку. У Зубраўку мяне, — скрыгаючы ад болю зубамі, сказаў Бураў. — Там папытаеш Хвашчэўскага…

— Хвашчэўскага? Добра…

Сушчэня памаўчаў, каб лепей запомніць тое прозвішча, і падумаў: дзе тая Зубраўка? Ведаў, ёсць недзе пад Сінянскім борам вёска з такою назвай, толькі як да яе дапяцца? Колькі туды кіламетраў?

Бураў тым часам змоўк, і ён трошкі пакратаў яго за нагу, падумаўшы, каб хоць не сканаў ненарокам. Мусіць, трэба б яго перавязаць, ды перавязаць не было чым, зноў жа ў гэтай цемры нічарта немагчыма было згледзець. Але цягнуць так на сабе колькі кіламетраў па лесе таксама было небяспечна, найперш для самога параненага — як бы не сцёк крывёю. Разважыўшы трохі, Сушчэня прыйшоў да думкі, што трэба недзе расстарацца каня. Дзе толькі? На станцыю ісці ён баяўся, каб зноў не налезці там на паліцыю. Тады хіба ў Бабічах? У гэтым баку, ведаў, кіламетры праз тры была невялікая лясная вёсачка, мабыць, там яшчэ хтосьці застаўся і там бы ён разжыўся канём.

Вырашыўшы так, ён зноў нахіліўся над нерухомым Буравым, трохі патрос яго за борт шыняля.

— Слухай… Ну, як ты? Можа, дабярэмся да Бабіч? А там, можа, каня расстараемся…

Бураў нібы прахапіўся, напружыўся і, апаўшы затым, спытаў:

— Дзе Войцік?

— Дык хто ж яго ведае, — ціха сказаў Сушчэня. — Можа, забілі.

1 ... 122 123 124 125 126 127 128 129 130 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)