Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
— Ну, можа, хопіць? — сказаў ён, ступаючы на пясок. Сушчэня задыхана азірнуўся з яміны. — Закопваць многа прыйдзецца.
— Ага, ты ўжо закапай, я цябе папрашу. Ватоўка… Ватоўку б трэба Анэлі аддаць.
— Ватоўку? Давай. Перадам калі.
— Ага. Харошая яшчэ ватоўка. Калі яна такую справіць? Удава…
Адставіўшы ўбок рыдлёўку, Сушчэня здзеў у яме ватоўку, кінуў яе пад ногі Бураву. Той узяў, страсянуў ад пяску і, ступіўшы ўбок, азірнуўся. Кабыла, чуваць было, паціху варушылася ля кустоўя, яна не любіла ўначы далёка адыходзіць ад гаспадара, ён гэта ведаў і не турбаваўся. Яго раптам устрывожыў недалёкі пошум у хмызняку ля дарогі. Здалося, гэты пошум неяк раптоўна сціх, і ён ціха гукнуў:
— Ты, Войцік?
Аднак з падлеску ніхто не азваўся, затым там штосьці хруснула — яўна і падазрона. Бураў пастаяў і, раптам угнуўшыся, тузануў затвор карабіна. Ён не так згледзеў здаля ды ў цемры, як адчуў пагрозу ў кустоўі, дзе напэўна ўжо з’явіліся людзі.
— Стой! — гучна вызверыўся ён.
І сеў на кукішкі, каб штосьці лепш згледзець. Нейкі цень ужо выразна матлянуўся там між нерухомых плямаў ядлоўцу і знік.
— Стой! — здушана загадаў Бураў.
І толькі ён дакрануўся да пляча карабінам, каб стрэліць, як з таго боку грымнулі запар тры стрэлы, куля ляснула аб камель блізкай хвоі, кінула ў яго карыной. «Што ж гэта такое, там жа Войцік… Дзе ж Войцік?» — роспачна матлянулася ў галаве думка, і ён стрэліў таксама — два разы запар. Адтуль застралялі — часта і бязладна, Бураў напружыў зрок, каб што-небудзь там згледзець, як спалохана асеў долу, падкошаны востра-пякучым ударам у бок. «Ну, папалі! Папалі…» У змроку непадалёк ужо мільгалі хісткія цені, ён яшчэ раз стрэліў і, спалохаўшыся, што яны акружаць яго, скочыў убок, покатам пакаціўся з грудка. Ззаду загалёкала некалькі галасоў, бахалі таропкія стрэлы, а ён, не разбіраючы дарогі, задыхана бег, нясучы пякучую патарчаку ў баку. Кулі з хлёсткім бізуновым посвістам нізалі лесавыя нетры, ён адчуваў іх імпэтныя ўдары вакол і бег колькі было сілы, бо толькі ногі цяпер маглі даць яму паратунак. Было зусім цёмна, ён не ведаў шляху, даўно згубіў шапку, абдзёрся ў суччы і ўрэшце ўлез у хмызняк. Тут бегчы было ўжо нельга, заблытаўшыся нагамі ў хворасце, упаў, за штосьці ўхапіўшыся, устаў зноў. Стрэлы бахалі ззаду, хоць, здаецца, ён адарваўся ад даганятых, пад нагамі пачалася балацявіна, нейкія шархоткія зараснікі лазняку ці алешніку, якія зусім не давалі бегчы. Ён запаволіў крок, ногі падагнуліся, і ён упаў, губляючы апошнія сілы. Свядомасць яго пачала цьмець у правалінах памяці і болю, ніз жывата быў увесь у крыві, ён павярнуўся ў доле і застыў, так і не сцяміўшы, уратаваўся ці ўсё ж пагібель дагнала яго…
Як толькі побач закрычаў Бураў, Сушчэня ледзь не абмёр у сваёй магіле-яме, бо надта спалохаўся, — хаця, здавалася б, чаго ўжо было палохацца гэтаму чалавеку? Але ён аж сцяўся, угнаў галаву, а затым, як забахалі стрэлы, і зусім абвяў у дне ямы. Вядома, ён не сцяміў адразу, што здарылася там, наверсе, і, толькі калі побач матлянулася прыгнутая постаць Бурава, зразумеў, што трэба ўцякаць. З незвычайным спрытам ён выкінуў сваё немалое цела з выкапанай па грудзі яміны і перакуліўся цераз жвіровы бруствер. Між частых таропкіх стрэлаў з дарогі ўжо чуліся нейкія галасы, кулі візгліва джгалі ў хвоях, але не па ім, — мабыць, туды, дзе пабег Бураў. І Сушчэня, разгарачаны і спатнелы, у адной кашулі, прыпусціў з пагорачка крыху ў іншы бок, але таксама ад тых, што беглі з дарогі. Ён не разумеў, што гэта былі за людзі, свае ці немцы, але калі Бураў кінуўся наўцёкі, дык і яму трэба было бегчы. І ён бег, спярша з баравінкі, ледзьве не паляцеў спотырча, зачапіўшыся за пень ці корань, абадраўся аб голле ў хмызняку, выскачыў на ўзбалаць з мяккім імшыстым долам; далей тут было хмызняковае балота, але, ведаў ён, балота можна было абысці, калі кіраваць па пагорку з хвоямі. І ён патрухаў пагоркам, аж пакуль ладна не ўходаўся, тады пайшоў крокам. За ім не гналіся, можа, яго і не згледзелі нават, нейкі час на баравінцы чулася няпэўная гамана і бахалі рэдкія ўжо стрэлы — усё ў той бок, куды кінуўся Бураў. Але за Буравым яны, здаецца, таксама не пагналіся — падобна, яны таўкліся ўсе на пагорку, голасна і ўзбуджана нешта гамонячы: словы іх ледзьве даляталі да Сушчэні, ды ён не мог іх разабраць. Ён слухаў і чакаў, куды яны скіруюцца далей — па ягоных слядах ці за Буравым, будуць шукаць ці не. Страляць, аднак, яны перасталі, над лесам зноў запанавала ветраная ціша, вакол ляжала настылая лесавая цемра. Тады Сушчэня падумаў, што, мяркуючы па ўсім, ягоны расстрэл пакуль што адсоўваўся, даўшы нейкую мажлівасць для паратунку. Толькі дзе той паратунак, у якой старане? Дома ўжо пэўна ён не ўратуецца, дома яго дастануць зараз жа, як толькі ён з’явіцца там. Але дзе не дастануць? Куды яму скіраваць свой адсюль бег і як пакарыстацца такой рэдкай і дзівоснай удачай, што нечакана кінуў яму яго нешчаслівы лёс?