Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Стараючыся, каб цішэй, ён прайшоў па гразкім падворку да дзвярэй у сенцы, асцярожна прыадчыніў іх за клямку і прыслухаўся. Не, быццам з хаты нікога не было чуваць, толькі дзесь у закутку рохнула свінчо; ён пераступіў парог і пачаў ціха прычыняць за сабой дзверы. Якраз у той час імпэтна расчыніліся дзверы з хаты — рослы мужчына ў чорнай ватоўцы, з хмурым, свежапаголеным тварам, без шапкі пужліва ўтаропіўся ў прыцемак сяней, мусіць, бачачы, ды не пазнаючы заходжага. То быў Сушчэня, і Бураў сцішана азваўся з цемры:
— Можна да вас?
Нахмураны твар Сушчэні амаль не змяніўся, толькі знерухомеў неяк, і ён, можа, з трохі забольшанай паўзай маўклівасці шырэй расчыніў дзверы. З пэўнаю перасцярогаю ў душы Бураў пераступіў і другі парог, Сушчэня зачыніў ззаду дзверы, і тады госць павітаўся. Прывітанне яго, аднак, засталося без адказу, здаецца, у хаце не было больш нікога. На краі стала смуродна бліскаў агеньчык газнічкі, за прычыненымі дзверцамі грубкі, відаць было, разгараліся дровы. У няпэўным бляску адтуль Бураў згледзеў, аднак, шчыра зацікаўлены пагляд дзіцячых вачэй — хлопчык гадоў чатырох узгробся з падлогі і, усё ўзіраючыся ў яго, патупаў насустрач. У ягоных маленькіх ручках была груба выразаная з дошкі нейкая цацка-рагулька, якою той ляскаў сабе па далоньцы.
— А ў мяне во — конік. Татка злабіў…
Малое з радаснай гатоўнасцю працягвала яму сваю цацку, і ў вачанятах яго было столькі даверу і дабрыні, што Бураў узяў цацку, няўцямна пакруціў у руках і пахваліў:
— Харошы конь.
— Мне папка і сабачку злобіць. З хвосцікам.
— З хвосцікам гэта харашо. А як цябе завуць?
— Мяне завуць Глыша. А татку Сусцэня.
— Значыць, будзеш Рыгор Сушчэня, — сказаў Бураў. Ён пашкадаваў ужо, што распачаў гэтую гаворку з дзіцём, якая, адчуваў, зусім не рабіла лягчэйшай ягоную задачу. Як бы не абцяжарвала нават тую задачу. І ён павярнуўся да гаспадара, які змярцвела стаяў ля парога.
— Сядай, што ж… — выціснуў з сябе гаспадар. — Не пазнаў спярша. Змяніўся…
— Ды, мусіць, і ты змяніўся, — сказаў Бураў і, адчуўшы раптоўнае, нейкае нязвыклае для сябе хваляванне, сеў на лаву ў прасценку. Зараз жа да яго валюхаста падбег Грышка і даверліва прыхінуўся да калена, звыкла забаўляючыся сваёй цацкай.
— А ў Лёніка ёсць патлон, — аддана зазіраючы ў твар Бурава, даверліва паведаміў ён. — Што страляе. Бух!
— Во як! Патроны цяпер не для рабят, — строга сказаў Бураў.
— Ды не патрон, Грыша, — зазначыў бацька. — Гільза ў яго ёсць.
— Ага, гільза.
Грыша пакінуў свайго канька і, болей зацікавіўшыся госцем, уклаў кароценькі пальчык у рот, пачаў разглядаць Бурава.
— А я да цябе, Сушчэня, — пасцюдзянелым голасам сказаў Бураў, трошкі адхінаючы ад сябе малога. Той, аднак, настойліва церся аб яго калена.
— І куля ў яго ёсціка, — ціха паведаміў Грыша.
— Ладна, Грышачка, ідзі на ложак, там пагуляеш, — сказаў Сушчэня і ўзяў сына пад пахі. Той крыўдліва забоўтаў нагамі, захныкаў нават, аднак бацька аднёс яго ў запечак і расслаблена вярнуўся да грубкі.
— А дзе ж жонка? — запытаўся Бураў.
— Жонка ў хляве. Карову доіць. Сёння во лазню пратапіў, мыцца сабраліся, — сказаў гаспадар і апусціўся на нізенькі зэдлік ля грубкі.
— Мыцца, гэта харашо, — сказаў Бураў, думаючы пра іншае.
Канешне, страляць Сушчэню ў хаце было нельга, гэтае малое магло ўсё сапсаваць, бацьку трэба было кудысь вывесці — на падворак ці, можа, да лазні. Да лазні было б лепей. Праўда, маглі пачуць і на станцыі, а ім яшчэ трэба было пералазіць цераз рэчку… Лепш бы, канешне, за рэчкай. Адтуль цераз поле і — у лес. Толькі як туды яго давядзеш. А калі здагадаецца?
— Я знаў, што прыйдзеце, — сказаў тым часам Сушчэня з нейкай незразумелай пакорай у голасе, якая штосьці няўцям пакаробіла ў душы Бурава. Аднак ён не паказаў таго і амаль бадзёра зазначыў:
— Знаў? Гэта добра. Значыць, віну сваю разумееш.
— Што ж тут разумець, — развёў рукамі Сушчэня. — Ніякай віны не маю, во ў чым загвоздка.
— Не маеш?
— Не маю.
— А рабяты? — вырвалася ў Бурава. — Што павесілі?
— Рабят павесілі, — пагадзіўся Сушчэня і зноў абвяў з выгляду, нагнуўшы галаву долу.
Падобна было, ён нават церануў пальцамі вочы, але тут жа, мабыць, перасіліў сябе і выпрастаўся. Бураў, ужо лаючы сябе за нерашучасць, адчуваў, як усё болей зяблі яго мокрыя ногі. Мокрая ануча на левай назе зусім скамячылася ў боце і муляла. Мусіць, трэба было канчаць гэтыя размовы, але ён неяк нядобра расслабіўся і бавіў час, нібы баючыся пераламаць сябе на галоўнае. З запечка да яго зноў прыкаціўся Грышка.