Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Ён пайшоў цішэй і ашчадней, каб не налезці на сук, усё азіраючыся і праслухоўваючыся. Рабілася дужа холадна, рукі яго ўжо скалелі дашчэнту, сцюдзёнай карыной узялася на спіне кашуля. Ён доўга і слепа брыў па негустым тут хвойніку. Сярод лесавога пошуму ўслухаўся, стараючыся што-небудзь учуць з пагорка, але там, падобна было, усё сціхла. Можа, яны адтуль ужо і змыліся — вядома, чаго ім сядзець ноччу ўлесе? Недзе там засталася яго ватоўка, ды, мусіць, ватоўку ўжо не возьмеш — ватоўку яны падабралі. Канешне, гэта паліцаі, інакш бы Бураў не пачаў у іх страляць ды і яны ў Бурава таксама. Толькі як яны налезлі на іх уначы? Ці, можа, пачулі з дарогі? Але ж там быў гэты другі партызан з канём, куды ён падзеўся? Можа, забілі? Мабыць, забілі, калі ён нічым не азваўся — ні стрэлам, ні крыкам, і даў гэтак нечакана абкласці баравінку.
Праз які кіламетр ці болей ад баравінкі Сушчэня спыніўся на краі старой дзялянкі-вырубкі з добра падрослым гушчаром маладняку. Ён усё думаў: куды падацца? Слых яго сіліўся злавіць якія-небудзь гукі з баравінкі, але адтуль ужо нічога не далятала праз лес. Пастаяўшы трохі і спачыўшы, ён палез далей у гушчар на дзялянцы, але хутка спыніўся. «А можа, яны пайшлі з баравінкі ці пабеглі за Буравым», — падумаў ён і павярнуў назад. Выбраўшыся з гушчару кустоўя, зноў трохі спыніўся ў нерашучасці: куды ўсё ж ісці? Куды ісці яму на гэтам свеце, ён не мог ніяк сцяміць. Але ўвага па-ранейшаму вярталася да баравінкі, дзе заставалася недакапаная яго магіла, і, яшчэ хвіліну разважыўшы, ён паціху пачаў красціся на тое праклятае месца. Мабыць, яму важна было ўпэўніцца, што там нікога няма. А можа, і пашукаць там ватоўку.
Так ён ціхай хадой прамінуў пагорак, па якім бег сюды, і зноў выйшаў да сырога ўзмошша забалаці; на яе хмызняковым ускрайку спыніўся. Было ціха. Толькі ён зноў спупіў у цемрыве са два крокі, адхінаючы ад твару галіну, як пад нагой дужа хруснула — мабыць, хваёвы сучок, і ён стаіўся. Не, зноў скрозь было ціха, мабыць, яго тут ніхто не пачуў. Паспакайнеўшы і разважыўшы, ён махнуў у душы рукой — чорт з ёй, з ватоўкай, а раптам яны там сядзяць у засадзе, чакаюць? Напорашся, што тады?
І ён успомніў тады пра Бурава, які пабег якраз недзе тут паблізу, трошкі бы стараной, у той канец забалаці, — стрэлы з баравінкі тады джгалі менавіта ў тым кірунку, рэхам-водгаласам ляскаючы наскрозь па ўзлессі. Ці ён уцёк, ці, можа, яго забілі? А можа злавілі? Цяпер у той яго безвыходнасці лёс Бурава чымсь прыцягваў да сябе ўвагу Сушчэні, і ён, абмінаючы баравінку, узяў убок; памалу, часта спыняючыся, пабрыў у цемры, мабыць, па ягоных слядах. Колькі разоў пад ягонымі ботамі зноў страхавіта хрускала сухая галінка, тады ён заміраў, стойваўся, але крыку ці стрэлу ніадкуль не чулася, і ён, трохі пасмялеўшы, ступаў зноў. Мабыць, яму таксама трэба было кіраваць туды, у абход балотца, а там падумаць, што рабіць далей. Куды ісці. Бо на станцыю яму шлях закрыты, на станцыі паратунку яму не будзе. Хіба што ў лес? Ці куды на хутар? Ці ў які схоў, далей ад людзей, вёсак, дарог. Дзе толькі ён знойдзе такі здатны схоў? Ды яшчэ ў такую халадэчу.
Ужо добра адышоўшыся ад баравінкі, ён зноў набрыў на балота, здаецца, тут быў травяністы яго мысок, парослы алешнікам ды асіннікам, трошкі правей, ведаў ён, зноў цягнуўся мешаны лес — рэдкія хвоі, бярозы з падлескам і далей ішлі пералескі аж да Сінянскага бору. Недзе тут поруч была і дарожка, але дарогі Сушчэня баяўся — з дарог цяпер ішла ўся бяда. І ён, растапырыўшы рукі, слепа брыў, адхінаючыся ад голля, часам прытрымліваючы шапку на галаве. Густаваты малады асіннічак, які ён памятаў з лета, трэба было абмінуць стараной, па вальнейшым месцы. І толькі ён павярнуў на трохі цвярдзейшы дол, як у звыклым стоеным пошуме лесу ўчуў нейкі старонні гук. Бы лясны голуб недзе правуркатаў і сціх. Але гэта быў не голуб. Сушчэня паслухаў, счакаў і павярнуў у асіннік, улез у ягоны гушчар і зноў прытаіўся. Галубіны вуркат прагучаў зноў і бліжэй. Устрывожаны пэўнай здагадкай, Сушчэня наўпрост, дужа зашорхаўшы голлем, палез бокам. Хоць было цёмна і ў доле мала што можна было згледзець, ён згледзеў-такі шараватую на траве купінку — то быў чалавек. Сушчэня моўчкі ўкленчыў ля яго, каленам натрапіўшы якраз на рулю вінтоўкі, рукамі намацаў боты, расхлыстаныя полы шыняля, адкінутую руку. Пэўна, гэта быў Бураў, ягоны шынелак, ды ён не азваўся на дотык сушчэнеўскіх рук, і Сушчэня баяўся паклікаць яго — ці мала што!.. Ён толькі абмацаў яго воглае цела і ўчуў, што той быў жывы, мабыць, паранены. Сушчэня хутка ўлез пальцамі ў кроў, але дзе была тая рана, ён зразумець не мог. Тады ён трохі пераваліў цела на бок — трава пад ім таксама была ў крыві, у крыві быў бок і шынель ля дзягі. Але сам Бураў ніяк не азваўся на яго дотыкі, толькі ўнутрана, невыразна стагнаў. Што было з ім рабіць? Разважыўшы трохі, Сушчэня ціхенька патузаў яго за рукаў: «Гэ, гэ… Ты жывы?.. Куды цябе, га?..»