Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
У Менску ў тыя гады я бываў часта — то прыязджаючы на якія мерапрыемствы Саюза пісьменьнікаў, то ў рэдакцыі па выдавецкіх справах. А то — вяртаючыся з Масквы. Калі да гарадзенскага цягніка заставаўся нейкі час, забягаў на вуліцу Энгельса ў цесны дамок СП, дзе сядзеў Толя Вярцінскі. Ля яго заўжды можна было збавіць час у кампаніі Макаля, Гамолкі ці яшчэ каго зь менскіх літаратараў. Там было шумна і часта весела. Але каб пагаварыць пра справы, умоў там не было. Пра справы і штосьці сур’ёзнае звычайна размаўляў зь Hілам Гілевічам, калі ён ня быў на лекцыях ва ўнівэрсытэце. Ніл, апроч таго, быў ня супроць прыняць чарку, гаворка зь ім была цікавая і сур’ёзная — пра жыцьцё, літаратуру і найбольш — пра мову.
Нацыянальная мова беларусаў, як і сто год таму, зьняважліва тапталася на ўсіх узроўнях, выцясьнялася расейскай, хаця афіцыйна тое не прызнавалася. Афіцыйна, наадварот — улады трубілі пра яе росквіт, што давала памылковую падставу думаць пра нейкі недагляд, які можна выправіць. Ніл, як чалавек эмацыйны, балюча перажываў той моўны стан. Ва ўнівэрсытэце з дапамогай студэнтаў ён без супынку зьбіраў і накопліваў фальклёр, які выдаваў кніжкамі — адну за адной. Ды фальклёр мала каго цікавіў. Школьніцтва на беларускай мове пакрысе марнела, ужо трэба было паезьдзіць па раёнах, каб знайсьці цалкам беларускую школу (як, прыкладам, у Гудзевічах на Гарадзеншчыне). У Менску не засталося ніводнай. А без авалоданьня беларускай мовай маладымі пакаленьнямі рабілася марнай уся беларуская культура. Мы гаварылі, што пры гэткіх тэмпах русыфікацыі празь якіх 20–30 год беларускую кніжку ня будзе каму і прачытаць. А мы ж шчыруем менавіта над кніжкай, як шчыравалі нашыя шматпакутныя клясыкі. Ці ня марным стане ўсё тое шчыраваньне? Кажуць, Якуб Колас памёр над лістом у ЦК наконт уціску беларускай мовы. Што з таго часу зьмянілася? Камуністычная партыя ўпарта трымаецца сваёй рускамоўнасьці, усё партыйнае кіраўніцтва зь верху да нізу працуе толькі на расейскай мове. Па-беларуску выступае адзін міністр фінансаў Шаціла, якому, аднак, хутка на пэнсію. I тут самае крыўднае, што нашу нацыянальную праблему ня хочуць разумець нашы расейскія калегі нават самай дэмакратычнай скіраванасьці. Апроч хіба Валянціна Аскоцкага ды Лазара Лазарава, зь якімі давялося гаварыць пра тое, ніхто іншы ня выказаў нават цікавасьці да лёсу нашае мовы. Ну і што, кажуць, пяройдзеце на расейскую. Што, расейская горшая? — Не, кажу, нават лепшая. Але…
Што але, ужо не было ахвоты тлумачыць. Тагачаснае кіраўніцтва СП у асобах Броўкі, Шамякіна, Танка было нібы спаралізаванае моўнай праблемай і баялася нават загаварыць пра яе. I ня дзіва. Шамякін шмат год быў старшынёй Вярхоўнага Савету, гэта пры ім адбывалася галасаваньне аб выкрэсьліваньні з канстытуцыі БССР артыкулу пра дзяржаўнасьць беларускай мовы. А другі раз прыкладна тое ж сталася пры старшынстве акадэміка Навуменкі. (Усе тыя факты зьнішчэньня беларускай мовы на ўзроўні вярхоўнай улады падрабязна выкладзены ў працы Анатоля Белага. Ня ведаю, аднак, ці была яна надрукаваная, бо пра яе аўтара пусьцілі чутку, быццам ён — агент КДБ і ўсе яго захады — правакацыйныя.) Тое ж кіраўніцтва СП не знайшло адвагі ініцыяваць перад урадам перанос у Менск парэштак Максіма Багдановіча зь Ялцінскіх могілак, дзе ім пагражала руйнаваньне. Баяліся праявы нацыяналізму, як самага страшнага злачынства, за якое ў 30-я гады атрымлівалі кулю ў патыліцу? Наўрад. Болей дбалі, каб не адлучылі ад карыта, да якога прыладзіліся за адносна лібэральныя гады, што наступілі пасьля Цанавы. Мабыць, таму адно праўдзівае выступленьне Уладзімера Дамашэвіча наконт беларускай мовы ледзьве ня скончылася для яго кепска. Пасьля Шамякін казаў: насілу ўратавалі — во якія яны былі добрыя. Далі Дамашэвічу хадзіць на волі. Можа, тое, аднак, і праўда: у нас не саджалі, як на Украіне, у нас не было і дысыдэнтаў. Падобна, намер зрабіць іх зь некаторых гродзенцаў ня ўдаўся, не хапіла прафэсіяналізму ці што? А можа, мяняўся час, палітычны вецер зьмяніў накірунак, можна было расслабіцца?
79. Масква, зьезд СП
У Маскве зьбіраўся зьезд СП СССР, зь Менску мы паехалі вялікаю групай. Перад адкрыцьцём, як звычайна, таўкліся ў цесных калідорах на Вароўскага, атрымлівалі накіраваньні ў гасьцініцы. То была складаная і важная справа — гасьцінічнае пасяленьне. Сялілі зь вялікім разборам, адпаведна той вазе, якую мелі пісьменьнікі і арганізацыі ў вачох начальства. Адных (кіраўнікоў, дэпутатаў, народных) сялілі ў гасьцініцы «Масква», іншых, бяз тытулаў і заслугаў — у «Расіі». Тут назіралася блытаніна, як, скажам, з рэдактарамі, якія ня ўсе былі дэпутатамі і народнымі. Атрымаўшы гатэль рангам ніжэйшы, ішлі са скаргай да Маркава ці Варанкова або пасылалі туды Шамякіна, — каб пахадайнічаў. Шамякін хадайнічаў таксама з разборам, не дапушчаючы ўраўнілаўкі. Я атрымаў квіток у «Маскву», Адамовіч — у «Расію», было трохі нязручна, але мы скардзіцца не пабеглі. Нас на Вароўскага знайшоў Анатоль Гладзілін і паказаў ліст Аляксандра Салжаніцына да зьезду ў абарону свабоды творчасьці, супраць цэнзуры. Мы яго падпісалі, але болей з прысутных там беларусаў не падпісаў ніхто. Там жа Адамовіч прапанаваў пазваніць Салжаніцыну, зь якім мы яшчэ не былі знаёмыя. Я сумняваўся, што Салжаніцын пойдзе на кантакт, але нечакана ён сам узяў трубку і, перш чым пачаць размову, папытаўся, ці падпісалі мы ягоны ліст. Адамовіч адказаў, што так, падпісалі і яшчэ сагітавалі падпісаць іншых. Тады Аляксандр Iсаевіч сказаў, што няблага б спаткацца. Дамовіліся зрабіць тое ў маім нумары гасьцініцы «Масква».