Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
— Дзе Піліпенка?
Баец моўчкі кіўнуў кудысь убок і нацягнуў на патыліцу каўнер шыняля. Акопвацца ён чамусьці і не збіраўся.
— У вас што — няма лапаткі? — запытаў я.
Баец моўчкі варухнуў бядром, ля якога тырчаў чаранок пехацінскай лапаткі.
— Дык капайце хутчэй!
Перастаўшы жаваць і павярнуўшы ў мой бок худы з шэрым шчаціннем твар, ён акінуў мяне абыякавым, змораным позіркам.
— А нашто?
— Як нашто? — не зразумеў я. — Каб уцалець!
— Дурны ты, гляджу… — раптам з яўнай пагардай сказаў баец. — Доўга ты думаеш уцалець? Да абеду? Ці нават да вечара?
Я не думаў пра тое. Я перажываў няшчасце, якое звалілася на роту, усё ва мне кіпела ад узрушання, а ён во якую захоўвае цвярозасць погляду. I самае недарэчнае заключалася ў тым, што ўвогуле ён казаў праўду. Адкрыццё гэтае, вядома, не прынесла мне суцяшэння, і, каб задушыць у сабе нечаканую прыкрасць, я падаўся ад яго далей. Прыгнуўшыся за голымі, месцамі густаватымі кусцікамі, я пабег уздоўж ланцуга, і неўзабаве, замест Піліпенкі, у нейкай ямцы-раўку наткнуўся на лейтэнанта Грыневіча. Нампаліт быў паранены і, адхінуўшыся на локаць, з пакутніцкім выглядам ляжаў на баку. Штаны яго былі ссунуты да калень. Незнаёмы баец у целагрэйцы, схіліўшыся над лейтэнантам, таропка і няўмела бінтаваў ягонае сцягно. Рукі байца кепска слухаліся, дрыжалі, бінт скручваўся, і Грыневіч раздражнёна прыкрыкваў:
— Ды тужэй ты!.. Закручвай! Не бойся!
— Зараз, зараз…
Я ўбег у равок і прысеў побач.
— Што — здорава?
Баец не адказаў, лейтэнант коратка з-пад каскі зірнуў на мяне і паморшчыўся. З твару, аднак, ён выглядаў не так кепска, як мне здалося ўпачатку, толькі, як і ўсе, быў брудны і стомлена дыхаў. Я падумаў, што рана ў яго, мабыць, не цяжкая. Сапраўды, замест адказу ён даволі бадзёра спытаў:
— Дзе камандзір роты?
— Там. Ля мастка.
— Сволачы! — зноў паморшчыўся нампаліт, — Што парабілі! Дражнілі з аднаго боку, а ўдарылі з другога…
— Камандзір роты загадаў: усім у ланцуг, — сказаў я.
Грыневіч прыўзняўся на локці.
— Бяжы, перадай Піліпенку, каб ні кроку назад! А то на схіле ўсіх пакладзе.
Я падхапіўся было бегчы далей, але тут жа згледзеў старшыну — голасна лаючыся, той гнаў у ланцуг трох байцоў, якіх вярнуў, мабыць, з самага пагорка.
— Гэць! Гэць вашу маць! Я вам пакажу тікаты!
Нашы ў ланцугу не стралялі, спакваля спынілі агонь і немцы — напэўна, біць не было па кім ці ўжо стала далекавата нават для кулямётаў. Піліпенка зморана прабег яшчэ крыху, пакуль не захінуўся ад немцаў кустоўем, затым па-над узмежкам павярнуў у наш бок.
Я апусціўся на мокрую палу шыняля.
Аднак не паспеў яшчэ старшына дабегчы да нашага раўка-ямкі, як з другога боку таксама запляцкалі ў гразі боты. Усе азірнуліся — рашучай нядобрай хадой сюды кіраваў камандзір роты. Ён па-ранейшаму быў без шапкі, толькі захінуў на пару кручкоў расхрыстаныя полы шыняля, паверх якога целяпалася знаёмая планшэтка Ваніна. Убачыўшы яе, я зразумеў, што Ваніна няма. Старшы лейтэнант неяк раптоўна спыніўся перад раўчуком, нібы нечакана для сябе наткнуўся на нас.
— Ну! — сказаў ён такім тонам, што ва ўсіх нас пахаладзела ўнутры. — Што расселіся? Што расселіся, так вашу растак! Бяжыце далей! Драпайце к… матары!
Гнеўна-бязлітасны позірк свой ён утаропіў у нейкую невядомую для нас кропку ля ног нампаліта і стаяў так, пагрозліва ўзвышаючыся над раўком. Грыневіч, аўтаматчык, які перавязваў нампаліта, і потны Піліпенка, што, на тую бяду, якраз сунуўся сюды, — усе мы маўчалі. Старшына зморана дыхаў і адно ніякавата шморгаў прастуджаным носам, не адважваючыся высмаркацца, мабыць чуючы нейкую сваю віну перад ротным.
— Пачаму драпанулі? Драпанулі чаму? Я ў вас пытаюся, старшына Піліпенка!
— Так цэ ж… Обкружалы! — няўпэўнена пачаў апраўдвацца Піліпенка, але раптам асекся і збянтэжыўся пад пранозлівым позіркам Ананьева. Праз момант, аднак, ён смялей ужо выпаліў: — Хіба тількі моі драпанулы?
— Ах, не толькі твае! — падхапіў Ананьеў. — Апраўдаўся! Выкруціўся, як смоўж! Не яго адны! I Ваніна тожа — гэта ты хацеў сказаць? Але ж Ванін на вышыні астаўся, а ты тут! На якога ж тады хрэна ты тут патрэбны?
Ананьеў здзекаваўся, помсціў за бяду, крычаў і быў страшны ў гэтым сваім, мусіць справядлівым, гневе. Такім я не ведаў яшчэ майго ротнага і адчуваў тут сябе да недарэчнасці боязна. Я то ўскокваў, то садзіўся — карцела прэч ад гэтага здзічэла-разлютаванага позірку, якога я не мог трываць, хоць і ні ў чым не лічыў сябе вінаватым.
Грыневіч таксама ніякавата варушыўся ў доле, нешта памкнуўся сказаць, але Ананьеў нікому не даваў вымавіць слова. Урэшце нампаліт зазначыў: