Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 120 121 122 123 124 125 126 127 128 ... 268
Перейти на страницу:

Пярэднія з уцекачоў ужо набліжаліся да мастка, іншыя кіравалі збоч ад яго, у кустоўе на балацявіне. Некалькі чалавек з ходу, не затрымліваючыся, сунуліся ў ваду, і тады ззаду, у дадатак да ўсяго, імпэтна затрашчаў кулямёт. Трасіруючыя агнянымі пісягамі сцебанулі наўкось па схіле, рыкашэтам матлянулі ад зямлі ў неба. Ля мастка нехта ўпаў, нехта, мусіць паранены, голасна, з роспаччу залямантаваў, але тут жа гэты яго лямант і згас у стогалосым грымоцці бою.

I тады між дзігання куль і траскоцця чэрг, прыглушаны, як з невядома якой далечы, данёсся з-за рачулкі знаёмы, здушаны голас. Я адразу пазнаў яго і страпянуўся: ён даў хоць колькі надзеі, ён ратаваў. Падхапіўшыся з насыпу, я кінуўся да мастка.

— Стой! Стой!.. Стой, такую тваю!..

Хутка я ўбачыў яго: без шапкі, у расшпіленым шынялі, з пісталетам у руках Ананьеў кідаўся між байцоў па схіле, імкнучыся затрымаць уцекачоў і адначасна дагнаць пярэдніх, каб за імі спыніць усю роту.

— Стой! Стой!..

— Стой! — не сваім ад лютасці голасам закрычаў я, выскокваючы да мастка. Па бёрнах яго на мяне ўжо ляцела двое байцоў, позіркі іх неслі недаўменне і страх, потныя твары — разгубленасць. Аднак я ўжо ведаў, чаго ад іх патрабаваць, і ведаў, як перамагчы гэты іх страх. Страшным голасам вылаяўшыся, я затрос аднаруч аўтаматам, і ўцекачы, здаецца, зразумелі штось. Хіснуўшыся ад блізкіх удараў куль, яны хуценька шаснулі за насып. Туды ж бягом скіравалі яшчэ некалькі, што вылезлі з рэчкі. З іх мокрых шынялёў цурком лілася вада.

Два кулямёты на вышыні захліпаліся ў агнянай гарачцы. Чэргі, кожная трэцяя куля з якіх была трасіруючая, джгалі зямлю, снег, ваду ў рацэ, пырскалі снегам і гразёю з-пад ног тых, што беглі, і між тых, што ляжалі на схіле.

12

Ананьеў выскачыў з рачулкі ледзьве не апошнім, — брудны, мокры, з пісталетам у руцэ, затвор якога заела ў заднім становішчы, пакінуўшы высунутым наперад тонкі варанёны ствол. Кулямётная чарга абдала ротнага пырскамі снегу, але ён не адхінуўся ад яе — адным махам узбег на ўзмежак, і я падаўся яму насустрач. Камандзір роты, аднак, нават не зірнуў на мяне, бы не пазнаў. Зрэшты, з першага позірку я таксама ледзьве пазнаў ягоны такі мной ніколі не бачаны, счарнелы, перакрыўлены ад лютасці, твар, з якога ліў пот. Грудзі і жывот старшага лейтэнанта былі вываляны ў мокрай гразі, шынель на баку раздзёрты. Кідаючы наўкола разгарачаныя позіркі, ён люта камандаваў:

— У ланцуг! У ланцуг, такую вашу… У ланцуг!

Ананьеў падбег да насыпу і, згледзеўшы тут байцоў, што бязладна палеглі на адхоне, амаль з нянавісцю кінуў:

— У ланцуг!

Яго хуценька паслухаліся. Некалькі чалавек падняліся і, прыгінаючыся, адбеглі, каб легчы радзей. Ніколькі не хаваючыся ад куль, якія дзігалі ўгары, Ананьеў гняўлівым позіркам прасачыў за байцамі, затым азірнуўся ў другі бок і вылаяўся.

— Васюкоў!

Здаецца, толькі цяпер ён заўважыў мяне і крыкнуў так дужа прывычна і будзённа, нібы ўчора, заўчора ці калі раней, калі яшчэ не было ні гэтай бяды, ні майго такога недарэчнага цяпер ранення. Я таксама, як рабіў гэта заўжды, без слоў ускочыў з адхона і, сігануўшы цераз лужыну, кінуўся па ўзмежку. Там, за кусцікамі над балацявінкай, дзе быў узвод Піліпенкі, яшчэ прадаўжаўся бязладны рух, некаторыя з байцоў залеглі ля рэчкі, а чалавек з пяць прыстала трухалі ў тыл на пагорак. Кулямёт з вышыні цяпер біў туды.

— Усіх — у ланцуг!

Я не азірнуўся, але я чуў ягоны загад і бег кароткімі перабежкамі, штораз плюхаючыся бокам у гразкі, падталы снег, дзесяць секунд аддыхваўся і ўскокваў зноў. Спярша з вышыні па мне не стралялі, затым, мусіць, усё ж заўважылі адзінокага бегуна, і кулямёт з рассейваннем у глыбіню сыпануў наўкола жменяю куль. Адна з іх порстка шчоўкнула пад рукамі, штосьці святлявае мільганула ў доле. Я з маху ляпнуўся на бок і выцягся на зляжалым, перасыпаным снегам іржэўніку. Падаючы, мусіць, павярэдзіў руку, плячо жудасна забалела; сцяўшы зубы, я хвіліну мычэў, ледзьве адольваючы боль. Тым часам чарада куль падзёўбла зямлю і аддалілася. Трэба было бегчы. Я зручней перахапіў аўтамат, прыклад якога быў расшчэплены.

Працірка і ёршык, выпаўшы з адбітага затыльніка, валяліся на снезе.

Аднак піліпенкаўцы былі ўжо блізка. Яшчэ адзін ускок, і я схаваўся за алешнічкам, які хоць і не бярог ад куль, але ўсё ж прыкрываў ад варожых вачэй з вышыні. Крайнія ў ланцугу аўтаматчыкі, распоўзшыся па ўзмежку, пачалі акопвацца. Я падбег і ўпаў ля аднаго з іх, што нерухома ляжаў, шырока раскінуўшы ногі. Здаецца, ён штосьці жаваў.

1 ... 120 121 122 123 124 125 126 127 128 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)