Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Але са сцэны пятнаццаць галасоў натхнёна зацягнулі раманс...
Так, пры поглядзе ў гэты момант на публіку гарадскога клуба самы мройнік пагадзіўся б, што горад Б* мала падобны да Венецыі. З-за куліс чырванатвары чытальнік з набрыяліненымі вусамі адчайна размахваў кнігай апавяданняў Чэхава на знак кіраўнічкі хору заканчваць выступ.
Вось і растаў цуд... Развеянае чараўніцтва... Хіба хопіць у кагосьці сілы захаваць свой чароўны востраў, калі любячыя бліжнія даходліва патлумачылі, што ён — толькі купінка пасярод свойскага балота? Яны ж такія клапатлівыя і разумныя, нашы бліжнія... Яны заўсёды аберагаюць нас ад непатрэбных, няхай і прыгожых, амарокаў.
На наступны дзень мусіла адбыцца чарговая рэпетыцыя. Сем самых стойкіх да жыццёвых няўдач паненак, якія сёння толькі і прыйшлі ў пусты летні тэатр, сумна зацягнулі пра залатую хмарку пад суровыя ўзмахі рук кіраўнічкі. Плач старазапаветнага прарока Іерэміі па зруйнаваным Іерусаліме і стогн наведніка Бурыгавай карчомкі па паўнюткім, перакуленым на падлогу куфлі піва — нішто ў параўнанні з той нябеснай тугой, з тым тужлівым шкадаваннем, якімі трымцелі абражаныя грубай рэальнасцю галасы парадзелага хору Апякунства народнай цвярозасці. Вось апошні гук растаў пад дзіравым дахам. А магчыма, праз тыя дзіркі, на рапараванне якіх сквапная гарадская рада не выдзяляе сродкаў, узняўся той гук высока-высока, аж да нябеснага прастола, дзе спяваюць райскія птушкі на аблоках з мігдалавага крэму...
І ці то з тых аблокаў, ці то з цёмнага кута сырога памяшкання летняга тэатра грымнула:
— Брава! Біс!
Верны Лютысь стаяў і зацята біў у ладкі, нязграбна прыціскаючы да сябе локцем вялікі букет хрызантэм.
І няхай дзесьці ў вялікіх бліскучых залах прымадонны з непамернымі бюстамі атрымліваюць ружы кошыкамі.
Хіба гэта прыгожа — ружы ў кошыку?
І хор аднавіў свае рэпетыцыі. І наважваўся на новыя і новыя выступленні... І сціплы тэлеграфны служачы восьмага разраду заўсёды сядзеў у чацвёртым радзе справа і крычаў свае «брава» і «біс» і шчыра перажываў за кожную нотку... І бегаў па асабістых просьбах па лядзенчыкі, а да Каляд і Вялікадня абавязкова атрымліваў цэлы стос сурвэтачак, вышытых незабудкамі ці галубочкамі. Так што Лютысева маці, гучнагалосая мажная кабета, разглядаючы прэзенты, расчулена выцірала слязу і думала: «Вылюднеў... Хутка жэніцца...»
Лютысь не зважаў, калі змяняліся харысткі ці калі чарговы знаўца падчас іх выступаў хапаўся за галаву. Ну і няхай хапаецца, калі гэта ў яго слабое месца!
Бо херувімы пяюць на грэшнай зямлі толькі для абранцаў. І нават у горадзе Б*.
Герой Ахілес меў непаражальнае цела, за выключэннем пяткі. Сын цара Троі Парыс, які не вызначаўся ваеннымі талентамі, забіў героя, пацэліўшы яму стралой у гэтае адзінае паражальнае месца.